Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычная вайна

абноўлена

Амбасадар Літвы Эдмінс Багдонас і амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра пасьля кансультацыяў амбасадараў краінаў ЭЗ
Амбасадар Літвы Эдмінс Багдонас і амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра пасьля кансультацыяў амбасадараў краінаў ЭЗ

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў зьехаць з краіны для кансультацыяў.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятараў санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў сваіх амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацый. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў. Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прынятае 27 лютага на паседжаньні Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.

Першым Беларусь пакінуў пасол Рэспублікі Польшча Лешак Шарэпка. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў першы дарадца польскай амбасады Павал Марчук. Рэшта эўрапейскіх амбасадараў пакіне Беларусь цягам 3–4 дзён.





19:32 Дэпутаткі Бундэстагу: ніякага чэмпіянату ў Менску

Віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу Катрын Гёрынг-Экард, а таксама дэпутаткі Марылюіза Бэк (адказная за ўсходнюю палітыку) і Віёла фон Крамон (адказная за спартыўную палітыку) заклікалі Міжнародную фэдэрацыю хакею з шайбай адмяніць правядзеньне чэмпіянату 2014 году ў Менску.

19:28 Марылюіза Бэк: «Санкцыі нічога ня вартыя, пакуль Лукашэнку падтрымлівае Крэмль»

У інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk дэпутатка Бундэстагу скрытыкавала Расею за падтрымку беларускага рэжыму, распавяла пра эканамічную залежнасьць Менску ад Захаду, а таксама выказала сваю думку наконт таго, што можа зрабіць у цяперашняй сытуацыі кіраўніцтва ЭЗ.


17:40 Польшча і Літва працягнуць выдаваць візы беларусам

Польшча і Літва ня будуць абмяжоўваць выдачу візаў грамадзянам Беларусі.

«Выезд амбасадара не паўплывае на працу кансулятаў амбасады ў Менску і генэральных консульствах ў Горадні і Берасьці», — запэўніў дарадца амбасады Польшчы Павал Марчук.

У Міністэрстве замежных спраў Літвы паведамілі, што «консульскі аддзел літоўскай амбасады ў Менску будзе працаваць, як звычайна. Ад’езд амбасадара ня будзе мець ніякага ўплыву на выдачу візаў у Літву», — паведамляе Інтэрфакс.

Рэпартаж Валера Каліноўскага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:03 0:00
Наўпроставы лінк


Наўпроставы лінк


Наўпроставы лінк


17:15 Пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак знаходзіцца ў Менску

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага пасольства ў Польшчы Аляксей Зелянко. Паводле ягоных словаў, па зьбегу абставінаў Гайсёнак ужо знаходзіўся ў Менску на момант прыняцьця рашэньня аб ягоным адкліканьні.

Як рэагуюць на санкцыі фігуранты сьпісу 21-го?


Кіраўнік менскай міліцыі Аляксандар Барсукоў, які адкрывае гэты сьпіс, аказаўся недасяжны для камэнтару. Падначалены Барсукова, прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі, пракамэнтаваць сытуацыю не адмовіўся:

«Мне гэта падаецца сьмешным і недарэчным, гэтыя пагрозы… Магу сказаць пэўна, што на працы гэта ніяк не адаб’ецца. Мы як змагаліся са злачыннасьцю, гэтак і будзем змагацца, нягледзячы ні на якія сьпісы. Злачыннасьць жа ад гэтых сьпісаў ня зьнікне, так? Таму наша справа слушная».

Усе астатнія ў новым сьпісе неўязных — судзьдзі, які выносілі прысуды актывістам дэмакратычнага руху. Сярод гэтых людзей Аляксандар Якунчыхін, судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску, які ў лютым прысудзіў адміністрацыйны арышт праваабаронцу Алегу Воўчаку. Карэспандэнт «Свабоды» дазваніўся сакратарцы судзьдзі з просьбай дамовіцца наконт камэнтару, але пасьля гэтага тэлефон не адказаў.

Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў тое, што судзьдзя Якунчыхін трапіў у сьпіс неўязных:

«Ён заслужыў гэта, асабліва пасьля таго, як правёў працэс нада мной. Людзі павінны ведаць, што з майго боку гэта не пачуцьцё помсты. Падчас суду ў мяне не было ніякага дакумэнту, міліцыянты пашпарт у суд не прывезьлі, і судзьдзя мусіў бы адкласьці працэс да высьвятленьня асобы, але ён гэтага не зрабіў. Аднаго гэтага дастаткова, каб прызнаць рашэньне суду незаконным».


Майра Мора, прадстаўніца ЭЗ у Менску
Майра Мора, прадстаўніца ЭЗ у Менску




15:25 Туск: Жыве Беларусь!

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, камэнтуючы сытуацыю вакол практычна выдаленьня польскага амбасадара ды прадстаўніцы Эўразьвязу ў Менску зь Беларусі, зьвярнуўся да беларусаў на іхнай роднай мове са словамі падтрымкі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:10 0:00
Наўпроставы лінк


15:15 В.Дубноў: ЭЗ ужо можа не хаваць гідлівасьці да беларускага рэжыму

На думку аглядальніка Радыё Свабода Вадзіма Дубнова, цяперашні канфлікт разьвіваецца ня так, як тыя шматлікія канфлікты, якія і раней былі ў адносінах Беларусі з Захадам.

14.36 У прадстаўніцтве Эўразьвязу не пацьвярджаюць, што ад 14.00 у Менску ідуць кансультацыі амбасадараў краінаў ЭЗ.

У той жа час у прадстаўніцтве пацьвердзілі, што Майра Мора пакінула Менск.

14.35 Палажанка: «Лукашэнка яўна не чакаў такой кансалідаванай пазыцыі Эўразьвязу»

Наста Палажанка
Наста Палажанка
Намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка пракамэнтавала дыпляматычны крызіс, які адбываецца зараз у Беларусі: «Па-першае, вельмі дзіўная рэакцыя беларускіх уладаў на тое рашэньне, якое прыняў Эўразьвяз, калі ня стаў уводзіць эканамічныя санкцыі, а толькі трошку пашырыў сьпіс неўязных.

Па сутнасьці, гэта быў крок назад. Але і на гэта наступіла такая бурная рэакцыя. Уражаньне, што такім крокам беларускага боку рыхтаваліся адказаць на эканамічныя санкцыі, якіх вельмі баяліся, а тут вырашылі, што не прападаць жа ўжо распрацаванаму сцэнару. І перагнулі палку. А паколькі беларускія ўлады кіруюцца ня столькі лёгікай, колькі эмоцыямі, то вось яны тут і відаць. Але ў выніку гэта дапамагло Эўропе кансалідавацца што да беларускай улады. Тое, чаго беларуская апазыцыя гадамі спрабавала дамагчыся — гэта кансалідаванай пазыцыі Эўропы, якая б была зразумелая і ўладам, і беларусам унутры краіны, — гэта Лукашэнка зрабіў сам, адным крокам. Мяркую, ён не чакаў, што Эўрапейскі Зьвяз настолькі кансалідавана адкажа.

Што да пазыцыі Расеі, то ня думаю, што яны адразу ўступяцца ў адкрытую за Лукашэнку, бо ў іх на носе прэзыдэнцкія выбары. Ухваліць вайну з дыпляматычнымі місіямі тут для іх значыць абвастрыць сытуацыю ўнутры сваёй краіны. Ня думаю, што ім зараз, напярэдадні выбараў, гэта патрэбна».

Павал Севярынец: сытуацыя проста паталягічная

Павал Севярынец
Павал Севярынец
«Нэгатыўна адаб’ецца» — гэтак Павал Севярынец адказаў на пытаньне, як цяперашні дыпляматычны крызіс адаб’ецца на лёсе палітвязьняў. Павал Севярынец сам адбывае «хімію» ў Пружанскім раёне. Тым палітвязьням, якія сядзяць у калёніях і турмах, на думку апазыцыйнага палітыка, могуць адцягнуць да максымуму тэрмін вызваленьня. Але найбольшая пагроза, паводле Паўла Севярынца, зараз узьнікла адносна самога Аляксандра Лукашэнкі, бо той застаецца сам-насам з Расеяй:

«Рэжым сам сябе заганяе ў кут. Дзеля чаго гэта рабіць? Як зараз тлумачыць беларускаму народу, чаму зьяжджаюць амбасадары краін Эўропы? Таму што няправедных судзьдзяў не пускаюць у Эўропу? Слухаў адмыслова дзяржаўнае радыё і пакуль не пачуў тлумачэньняў, відаць, яшчэ не прыдумалі. Насамрэч сытуацыя проста паталягічная. У мяне ўражаньне, што Лукашэнка губляе пачуцьцё самазахаваньня, таму што гаворка ідзе пра тое, што Расея проста зьесьць з патрахамі. У першую чаргу яго, а разам зь ім пачне заглытваць і Беларусь».

Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава журналістка Ірына Халіп таксама адзначае, што кіраўнік Беларусі сваімі рукамі разбурае дачыненьні з Эўропай, у тым ліку ставіць пад пытаньне правядзеньне ў Менску ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі. «Лёс санкцыяў вы вырашылі самі. І чэмпіянат сьвету па хакеі вы таксама адмянілі самі», — напісала журналістка ў артыкуле «Хакеіст дагуляўся».
Майра Мора плянуе да канца дня пакінуць Беларусь.
Майра Мора плянуе да канца дня пакінуць Беларусь.

14.24 Кіраўніца сталага прадстаўніцтва Эўразьвязу Майра Мора пакінула Менск. Яна накіравалася на кансультацыі. Пра гэта паведамляе Польскае радыё са спасылкай на Маю Качыянчыч, прэсавага сакратара Кэтрын Эштан.

14.20 "Народная воля" паведамляе, што ў 13.30 Майра Мора выйшла з офісу прадстаўніцтва Эўразьвязу. На аўтамабілі "Вольва" з дыпляматычнымі нумарамі яна зьехала са стаянкі каля офіса. Журналісты адзначылі, што валізаў спадарыня Мора з сабой ня мела.



14.17 На санкцыі ўлада можа адказаць «сьпісам невыязных»

Улады разглядаюць магчымасьць абмежаваць выезд з краіны асобам, якія наўпрост заклікалі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта TUT.BY паведаміла крыніца, блізкая да кіраўніцтва краіны. МУС Беларусі абвяргае гэтую інфармацыю.


14.12 У VIP-лёжы нацыянальнага аэрапорту "Менск-2" "Свабодзе" заявілі, што заяўка на абслугоўваньне эўрапейскіх амбасадаў на 29 лютага не паступала.

14:10 Пуцін: санкцыі не паўплываюць на інтэграцыю

Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін выказаў спадзяваньне на нармалізацыю адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. «Але гэта ніяк не паўплывае на хаду нашых інтэграцыйных працэсаў», дадаў ён.

14:07 Вячорка: гэта прымусіць Эўропу ўзгадаць пра каштоўнасьці

Палітык Вінцук Вячорка назваў рэакцыю афіцыйнага Менску неадэкватнай.

14.00 Вялікабрытанія расчараваная

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ўільям Хэйг заявіў, што расчараваны рашэньнем Беларусі выслаць паслоў Польшчы і ЭЗ у адказ на новыя санкцыі ЭЗ.

13.58 А 14-й гадзіне ў Менску заплянаваны яшчэ адзін раўнд кансультацыяў амбасадараў краінаў ЭЗ па сытуацыі, якая склалася вакол адкліканьня для кансультацыяў амбасадара Польшчы і кіраўніка дыпляматычнай місіі Эўразьвязу. Пра гэта паведаміў Анатоль Лябедзька.

13.55 Калінкіна: Эўропа не вядзе торгу адносна палітвязьняў

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
Шэф-рэдактар «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна ня бачыць у дзеяньнях афіцыйнага Менску ніякай дыпляматыі. А толькі эмоцыі, гістэрыку і ніякай лёгікі.

«Эўразьвяз намагаецца выкананьня тых патрабаваньняў, якія былі агучаныя раней. Першае і галоўнае, каб былі выпушчаныя палітвязьні. Менск усяляк, так і сяк, спрабуе нейкі торг весьці на гэты конт. А вось Эўропа ніякага торгу не вядзе, а ўмова сфармуляваная вельмі канкрэтна. Таму на гэтай глебе і пайшло абвастрэньне».

13.20 Лешэк Шарэпка пакідае Менск

Польскі пасол у Беларусі пакінуў будынак пасольства ў Менску. Бліжэйшым часам ён паедзе ў Польшчу на кансультацыі.

Часовым павераным у справах Польшчы ў Беларусі прызначаны Вітольд Юраш, які кіраваў амбасадай амаль цэлы год пасьля смаленскай катастрофы.

13:11 Латыскі прэм’ер: Беларусь рухаецца да самаізаляцыі

Рашэньне Беларусі адклікаць на кансультацыі свайго прадстаўніка ў ЭЗ і амбасадара ў Польшчы — гэта чарговы крок у напрамку палітычнага ізаляцыянізму, лічыць прэм’ер-міністар Латвіі Валдзіс Дамброўскіс.

13:05 Чэхія будзе паважаць рэкамэндацыі ЭЗ

«МЗС Чэхіі будзе кіравацца рэкамэндацыямі з Брусэлю, заявіў прэсавы сакратар міністэрства Віт Коларж, — Таму чэскі амбасадар бліжэйшым часам пакіне Менск.»

13.00 Шушкевіч: высылка амбасадара ЗША — вялікая глупота, а гэта яшчэ большая

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
Камэнтуючы дыпляматычны крызіс з Эўразьвязам, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў перакананьне, што сэнс у санкцыях ёсьць і гэта ўрэшце дасьць вынік.

«Бо іншага кроку няма супраць агалцелага маразму, цемрашальства. Няма іншага кроку, як быць салідарнымі з народам Беларусі — з народам-пакутнікам і палітвязьнямі».


12.41 Афіцыйны Парыж рэагуе на дыпляматычны канфлікт

«Дыпляматычны армрэстлінг паміж Эўразьвязам і Беларусьсю» — пад такім загалоўкам выйшаў артыкул у францускай Le Monde.

12.37 Амбасада Расеі не камэнтуе дыпляматычны канфлікт

Карэспандэнт «Свабоды» зьвязаўся з дарадцам амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Ўладзімерам Марчуковым.

«Пакуль ніякіх афіцыйных камэнтароў мы не даем. Калі яны і будуць, то зьявяцца крыху пазьней», — заявіў Марчукоў.


12.35 Абрамава зьвязвае дыпляматычны канфлікт з маючымі адбыцца выбарамі ў ПП НС

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава
«Адкліканьне амбасадараў апасродкавана зьвязанае з маючымі адбыцца парлямэнцкімі выбарамі. Гэта частка адзінай тактыкі па дэманстрацыі пагаршэньня адносінаў з Захадам», — заявіла Вольга Абрамава Інтэрфаксу.

«У маштабнай палітычнай кампаніі досыць часта прызначаецца ўмоўны вораг. Гэтым ворагам зараз будзе Захад і несыстэмная апазыцыя. Прадставяць, што яна прадалася Захаду і здраджвае ўласнаму народу», — патлумачыла Абрамава сваю пазыцыю.

«Наперадзе — праз паўгода зь невялікім — парлямэнцкія выбары. Прычым парлямэнт гэты павінен быць цалкам «стэрыльны».

Абрамава лічыць, што для ўлады цяпер важна «перавесьці стрэлкі» адказнасьці за сытуацыю ў краіне і вакол яе на традыцыйных вінаватых. Падобныя дзеяньні — «спосаб кансалідацыі „ядзернага электарату“, спосаб прыцягнуць тых, хто вагаецца, і адцягнуць увагу людзей ад складанага эканамічнага становішча і краху „беларускага эканамічнага цуду“, які ўсе назіраюць», — адзначыла палітоляг Вольга Абрамава.

12.10 Савіных: "Гэта шлях у тупік"

МЗС Беларусі лічыць тупіковым абраны Брусэлем шлях эскаляцыі напружаньня ў дачыненьні да Беларусі, заявіў прэсавы сакратар міністэрства Андрэй Савіных.

"Нэрвовая рэакцыя Эўразьвязу на прапанову Беларусі аб правядзеньні раўнду кансультацыяў амбасадараў штаб-кватэры ЭЗ і Польшчы ў іхніх сталіцах сьведчыць толькі пра адно – выбар Брусэлем шляху эскаляцыі напружаньня. Гэта шлях у тупік", – падкрэсьліў Андрэй Савіных.

"У Брусэлі і сталіцах дзяржаў Эўразьвязу не павінны забываць, што ў дачыненьні да Беларусі тактыка запалохваньня не працуе. На аднабаковых умовах, умовах сілавога націску нармалізацыя адносін немагчымая", – сказаў Савіных.




12.04 Мельянцоў: «Цяпер ідзе вайна нэрваў»

Канфлікт паміж Беларусьсю і ЭЗ можа зацягнуцца на працяглы час, прагназуюць палітолягі.

Палітоляг Юрый Шаўцоў мяркуе, што разьвіцьцё канфлікту Беларусі і ЭЗ будзе наўпрост зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі.

«Калі ў Расеі 4 сакавіка будзе хаця б спроба „памаранчавай рэвалюцыі“, якая выкліча канфлікт Расеі і Захаду, то беларускі канфлікт у гэтым полі проста згубіцца. Калі не — то канфлікт будзе ўрэгулёўвацца вельмі доўга, як у 1998 годзе, калі многія амбасадары пакінулі Беларусь у сувязі з пазбаўленьнем іх рэзыдэнцыяў у Драздах, а потым паступова, але ня хутка, вярнуліся», — сказаў Шаўцоў у інтэрвію БелаПАНу.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
Палітоляг Дзяніс Мельянцоў таксама лічыць, што цяперашні канфлікт хутка ўладзіць ня ўдасца. «Цяпер ідзе вайна нэрваў. У адказ, хай і на частковыя, санкцыі Беларусь выслала амбасадара Польшчы і прадстаўніка ЭЗ. Эўропа адклікала амбасадараў для кансультацыяў. І зараз абодва бакі спрабуюць адзін аднаго перайграць „у глядзелкі“: што зробіць той ці іншы бок у адказ на гэтыя крокі», — адзначыў Мельянцоў.

«Калі эскаляцыі канфлікту ня будзе, то, магчыма, урэгуляваць сытуацыю атрымаецца летам. Таму што ўвосень у нас парлямэнцкія выбары, а беларуская ўлада напярэдадні выбарчых кампаніяў традыцыйна, дзеля прызнаньня выбараў, ідзе на нармалізацыю адносін з ЭЗ», — прагназуе Дзяніс Мельянцоў.


12.17 Стэфановіч: гэта сур’ёзная параза беларускай дыпляматыі

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч заявіў, што ўсю адказнасьць за дыпляматычны крызіс і за ізаляцыю Беларусі нясе афіцыйны Менск і непасрэдна Аляксандар Лукашэнка.




11.40 Дата ад'езду літоўскага амбасадара Эдмінаса Багдонаса зь Беларусі пакуль невядомая.

«Дата ад’езду амбасадара зь Беларусі для кансультацыяў яшчэ невядомая. Ідзе нарада па гэтым пытаньні», — заявілі Інтэрфаксу ў МЗС Літвы.

Там таксама адзначылі, што Багдонас пакіне Беларусь адзін: «Яму няма патрэбы ехаць у складзе групы іншых паслоў, бо адлегласьць паміж Менскам і Вільняй невялікая».


11.38 Кастусёў: узмацняецца пагроза страты незалежнасьці

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Былы кандыдат у прэзыдэнты, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ад’езд паслоў Эўразьвязу ў яго як у грамадзяніна Беларусі выклікае хваляваньне.

«Як чалавек, які займаецца палітыкай, я павінен думаць пра лёс, пра будучыню нашай краіны. Зразумела, што цярпеньне Захаду лопаецца і гэтыя непрыгожыя крокі беларускіх уладаў, якія папярэднічалі гэтаму, на жаль, і вядуць да падобных вынікаў. Ад усяго гэтага выйграе наша ўсходняя суседка.


11.15 Гумінскі: Ініцыятарам такіх дзеяньняў не была Рэспубліка Беларусь

Віктар Гумінскі
Віктар Гумінскі
Камэнтар намесьніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктара Гумінскага:

"Тое, што адбылося ўчора-сёньня, вартае жалю. Трэба сказаць, што ініцыятарам такіх дзеяньняў не была Рэспубліка Беларусь. Палітыка, якую робяць кіраўнікі ЭЗ, працягваецца ня першы год.

Мы ніколі нікому не пагражалі, а толькі адказвалі. Калі некаторыя асобныя палітыкі думаюць, што іх дзеяньні застаюцца без адказу, то яны памыляюцца. Мы – самастойная дзяржава, якая вырашае свае задачы. І калі яны ня хочуць нам дапамагаць, то няхай прынамсі нам не перашкаджаюць. Я б параіў заходнім палітыкам зьвярнуць увагу на праблемы, якія існуюць у асобных краінах ЭЗ і наагул у ЭЗ. Ім ёсьць над чым працаваць.


11.25 Калякін: магчыма, карані гэтага — у Расеі

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
Камэнтуючы дыпляматычны крызіс паміж ЭЗ і Беларусьсю, старшыня партыі «Сп​равядлівы сьвет» Сяргей Калякін заявіў, што Аляксандра Лукашэнку мог скарыстаць расейскі бок у перадвыбарчай барацьбе.





11.22 Паслы Эўразьвязу плянуюць ад’езд зь Беларусі

Пасол Лешак Шарэпка выедзе зь Беларусі 29 лютага, найбліжэйшым часам. У прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску паведамілі, што Майра Мора таксама пакіне краіну 29-га лютага. У амбасадзе Францыі ў Менску паведамілі, што амбасадар Мішэль Рынэры пакуль што знаходзіцца ў Беларусі, але зьбіраецца пакінуць краіну. У амбасадзе Нямеччыны заявілі, што пасол Крыстаф Вайль пакіне Беларусь і паедзе ў Бэрлін для кансультацыяў, але калі канкрэтна, сказаць адмовіліся.

11.08 Ніна Мазай: Абодва бакі павінныя пачаць дыялёг

Ніна Мазай
Ніна Мазай
Старшыня камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ніна Мазай, выказалася, як можна вырашыць дыпляматычны канфлікт: «Адобва бакі маюць сваю пазыцыю. І толькі ў двухбаковых кантактах, у двухбаковым дыялёгу, дзе кожны можа выказаць свае меркаваньні, можна прыйсьці да некага выніку. Я не бяруся разважаць, колькі часу спатрэбіцца для вырашэньня цяперашняй сытуацыя. І я не думаю, што для таго, каб пачынаць дыялёг, яго трэба абстаўляць нейкімі ўмовамі. Абодва бакі мусяць пачаць дыялёг».



11.07 Gazeta Wyborcza: «Былы палітрук Лукашэнка марыць пра мяжу на замку»

«Вайна Лукашэнкі», «Лукашэнка палохае», — артыкулы з такімі загалоўкамі зьмяшчаюць 29 лютага на першых старонках польскія газэты.


10.52 Лябедзька: Лукашэнка кансалідаваў Эўразьвяз

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў дыпляматычны крызіс ЭЗ-Беларусь.

«Калі казаць пра беларускі бок, то гэта сваеасаблівая рэакцыя на эўрапейскі кампраміс. Бо спачатку плянавалася, што колькасьць людзей, якія трапяць у „чорны сьпіс“ будзе больш за сотню. А атрымалася два дзесяткі. І мяккі кампраміс унутры ЭЗ Лукашэнка ўспрымае як слабасьць Брусэля. Ён вырашыў даціснуць. Ціскануў — ну і сарваў разьбу.

10.50 Польская амбасада адмяніла прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную 20-годзьдзю ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю.

«Мы вымушаны праінфармаваць, што заплянаваная на 2 сакавіка прэсавая канфэрэнцыя з удзелам амбасадара Лешака Шарэпкі і прафэсара Эльжбэты Смулковай, прысьвечаная 20-годзьдзю ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь, не адбудзецца », - паведамілі ў пасольстве.


10.57 Польскі амбасадар у сераду пакіне Беларусь

«На патрабаваньне беларускага боку амбасадар Лешак Шарэпка сёньня пакіне тэрыторыю Беларусі», — паведаміў прадстаўнік амбасады.

Суразмоўца заявіў, што беларускі бок прапанаваў польскаму амбасадару пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 24 гадзінаў.

Супрацоўнік амбасады нагадаў, што «такая ж тактыка была ўжытая ў свой час у дачыненьні да амбасадара ЗША», які, па прапанове беларускіх уладаў, адсутнічае ў Беларусі з сакавіка 2008 года.

У прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску агенцтву Інтэрфаксу пакуль не змаглі сказаць, як хутка Беларусь пакіне кіраўнік прадстаўніцтва Майра Мора.



11.15 Леў Панамароў: ціск на беларускія НДА можа ўзмацніцца

Леў Панамароў
Леў Панамароў
Расейскі праваабаронца Леў Панамароў асьцерагаецца, што ўзмацніцца ціск на недзяржаўныя арганізацыі, пасьля ад’езду зь Менску амбасадараў краінаў Эўразьвязу.

«Можна чакаць новай хвалі нападак на праваабаронцаў у Беларусі », - заявіў Інтэрфаксу лідэр расейскага руху" За правы чалавека" Леў Панамароў.

«Далейшая радыкалізацыя супраць дэмакратычных інстытутаў у Беларусі магчымая », - дадаў ён.

Кіраўніца Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева мяркуе, што ў сытуацыі, якая склалася, Масква можа аказаць падтрымку Менску.

Людміла Аляксеева
Людміла Аляксеева
«Звычайна, калі Эўропа ўводзіць санкцыі супраць Беларусі, яе ратуе Расея, працягваючы ёй руку дапамогі », - сказала Аляксеева. «Эўропа адклікае паслоў таму, што ніякіх рычагоў уплыву на Беларусь няма, і яна не лічыцца нават з мінімальнымі ўмовамі, неабходнымі для супрацоўніцтва з цывілізаванымі дзяржавамі ».




9.41 Беларусь пакуль не адклікае сваіх паслоў з ЭЗ

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў «Свабодзе», што рашэньне адклікаць беларускіх амбасадараў з краін Эўразьвязу для кансультацыяў пакуль не прынятае. Але ён не выключыў такой магчымасьці.





9.40 Дзярждэпартамэнт: ЗША салідарныя з партнэрамі па ЭЗ

Вашынгтон падтрымлівае патрабаваньні краінаў ЭЗ спыніць палітыку ціску на іншадумцаў у Беларусі, заявіў Дзярждэпартамэнт ЗША.

9.07 Новы "чорны сьпіс". Прозьвішчы

Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу вырашала накласьці візавую забарону на 21 асобу зь Беларусі — 20 чыноўнікаў з судовай сыстэмы і 1 міліцэйскага чыноўніка.

Паслу Польшчы і прадстаўніку Эўразьвязу «прапанавалі выехаць»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG