Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паслу Польшчы і прадстаўніку Эўразьвязу «прапанавалі выехаць»


Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу Майра Мора і пасол Польшчы Лешак Шарэпка.

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу Майра Мора і пасол Польшчы Лешак Шарэпка.

Беларускія ўлады таксама адклікаюць для кансультацыяў свайго сталага прадстаўніка пры Эўразьвязе і пасла ў Польшчы, і гразяцца закрыць уезд асобам, датычным да санкцыяў Эўразьвязу.

22:07 Эўразьвяз адклікае амбасадарў зь Менску

Пра гэта заявілі шэраг эўрапейскіх дыпляматаў пасьля адмысловай нарады ў Брусэлі, якую склікала вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Кэтрын Эштан.

21:37 Більдт: «Мы расцэньваем гэта як слабасьць і роспач»

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт лічыць, што Лукашэнка спальвае масты. Пра гэта Більдт заявіў у аўторак у Брусэлі.

21:31 Нямеччына адклікае амбасадара зь Беларусі

Міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле заявіў у Брусэлі, што Бэрлін адклікаў у аўторак свайго амбасадара зь Менску.

21:26 Сарыюш-Вольскі: «Лукашэнка ідзе на вайну»

Паводле польскага эўрадэпутата Яцэка Сарыюша-Вольскага, Эўрапарлямэнт рыхтуе рэзалюцыю з асуджэньнем парушэньняў правоў чалавека у Беларусі і заклікам да байкоту Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску.

21:15 Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту: «Я разглядаю гэта як варожы акт»

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марцін Шульц выказаў шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем Менску аб фактычнай высылцы дваіх эўрапейскіх дыпляматаў зь Беларусі: «Гэта непрапарцыйны, бескарысны і контрапрадуктыўны крок».

20:55 Валер Булгакаў: «Лукашэнка хоча паказаць Эўропе, што ён палітык зь яйцамі»

Чаму афіцыйны Менск гэтак рэзка адрэагаваў на пашырэньне эўрапейскіх візавых санкцыяў? Няўжо Беларусі зараз ня так патрэбныя нармальныя стасункі з аб’яднанай Эўропай? Як можна адрэагаваць на той аргумэнт, які вылучаюць прыхільнікі адмены санкцыяў, што маўляў, абмежавальныя крокі Эўразьвязу штурхаюць Беларусь да Расеі? На гэтыя пытаньні Ў «Бліц-аналізы» адказвае галоўны рэдактар часопіса «Архэ».

20:26 Камісар Эўразьвязу Штэфан Фюле на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі заявіў:

«Усё, што адцягвае нас ад самых важных задач ­ — а я бачу задачай нумар адзін дамагчыся вызваленьня палітвязьняў і іх рэабілітацыі, а па-другое, аднаўленьне супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў інтарэсах грамадзянаў Беларусі —­ бескарысна і котарпрадуктыўна.»

20:21 Магчымы ад’езд усіх паслоў Эўразьвязу зь Менску

Дыпляматычныя крыніцы ў Брусэлі зазначаюць, што Эўразьвяз разглядае магчымасьць адкліканьня ўсіх амбасдараў зь Беларусі на кансультацыі.

20:13 Польскі дэпутат: Усе паслы ЭЗ павінны пакінуць Менск

Кіраўнік камісіі польскага Сэйму па замежных справах Гжэгаж Схэтына заявіў, што разьлічвае на салідарнасьць з боку ўсяго Эўразьвязу ў сувязі з патрабаваньнямі Менску пра выезд польскага пасла.

19:47 У Брусэлі склікаюць тэрміновае пасяджэньне ў справе Беларусі

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан яшчэ сёньня скліча тэрміновае паседжаньне прадстаўнікоў краін-сябраў у Брусэлі ў сувязі з рашэньнем Менску, які патрабуе ад’езду зь Беларусі пасла Польшчы і прадстаўніка Эўрапейскага Зьвязу.

20:11 Нямецкі палітоляг: Гэта фаза дыпляматычнай барацьбы «так за так»
Рашэньне беларускага МЗС камэнтуе нямецкі палітоляг Марцін Шон: «У нейкі момант адзін павінен зрабіць нечаканы крок, каб спыніць эскаляцыю».

***
Некаторыя выпадкі адкліканьня паслоў Беларусі і зь Беларусі

  • Сакавік 2006. Адкліканьне для кансультацый у Менск пасла ў Польшчы Паўла Латушкі.

  • Кастрычнік 2007. Адкліканьне зь Менску па кансультацыі пасла Ізраіля ў Беларусі. Прычына — антысэміцкія выказваньні А.Лукашэнкі

  • Сакавік 2008 . Адкліканьне з ЗША ў Менск пасла ў ЗША Міхаіла Хвастова. Патрабаваньне, каб пасол ЗША Карэн Ст’юарт была выкліканая на кансультацыі ў Вашынгтон. Прычына — амэрыканскія санкцыі адносна Беларусі.

  • Люты 2010. Адкліканьне зь Менску на кансультацыі пасла Польшчы ў Беларусі. Прычына — заняцьце міліцыяй Дома польскага ў Івянцы.

***

19:45 Тэрміновая сустрэча амбасадараў краін-сябраў Зьвязу па беларускім пытаньні прызначаная на 18:15 па брусэльскім часе (20:15 па менскім).

19:08 Прэм’ер Польшчы Дональд Туск: «Мы ня зьменім сваёй пазыцыі»

«Мы не мяняем пазыцыю па пытаньні аб санкцыях у дачыненьні да Беларусі. Па зразумелых прычынах»

18:41 Уладзімер Някляеў: Гэта яшчэ больш паставіць Лукашэнку ў залежнасьць ад Расеі

«Гэта вельмі вялікая палітычная памылка. Беларусь знаходзіцца ня ў той сытуацыі, каб праз дэманстрацыю нейкай сілы дыктаваць некаму ўмовы паводзінаў. Гэта першае.

Па-другое, напружваць сытуацыю і без таго ў напружаным стане ніводзін нармальны чалавек ня будзе.

Па-трэцяе, гэта паказальнік таго, што ў беларускай палітыцы бяруць верх сілы, якія проста не разумеюць сёньняшняй палітычнай сытуацыі, ня могуць прыняць адэкватных рашэньняў. Сёньня ёсьць проста жыцьцёвая неабходнасьць якраз рабіць крокі ў зваротным накірунку, вяртацца да нармальных стасункаў з Эўразьвязам.

Гэта яшчэ больш паставіць Лукашэнку ў залежнасьць ад Расеі, чаго ён вельмі баіцца, і да чаго яго ўвесь час, падобна, штурхаюць».

18:38 Андрэй Фёдараў: «Беларускі бок трымае марку»

«Гэткі крок, безумоўна, сьведчыць пра незадаволенасьць афіцыйнага Менску. Але, па-першае, гэта мы праходзілі ў выпадку са Злучанымі Штатамі. Там падзеі разьвіваліся прыкладна па тым жа сцэнары, хоць падобнае абурэньне беларускіх уладаў выклікалі пераважна эканамічныя санкцыі.

Па-другое, магчымасьць такога разьвіцьця падзеяў не выключалася беларускімі аналітыкамі. Праўда, там прагназавалася, што падобныя захады могуць ахапіць нават усіх амбасадараў з краін Эўразьвязу. Пакуль абмежаваліся дваімі.

Ну што ж, беларускі бок трымае марку. Але ці прывядзе гэта яго да добрага, то тут у мяне ёсьць вялікія сумненьні. Чым горш нашыя адносіны з Захадам, тым на меншую падтрымку можна будзе разьлічваць у супрацьстаяньні з Расеяй. А яно, на мой погляд, будзе непазьбежнае».

18:32 Уладзімер Мацкевіч: Гэта адмова ад дыялёгу і крок да канфрантацыі

«З аднаго боку, гэта звычайная дыпляматычная практыка — выклікаць у МЗС амбасадараў нейкіх краінаў, каб празь іх выказаць кіраўніцтву гэтых краінаў свою пазыцыю. З другога боку, Лешак Шарэпка прадстаўляе краіну, якая ў найменшай ступені адказаная за той ціск, які Эўразьвяз аказвае на беларускі рэжым. Іншая справа Майра Мора — яна прадстаўнік менавіта Эўразьвязу, дакладней, Эўракамісіі. Высылка амбасадараў, а менавіта так можна зразумець прапанову ім зьезьдзіць на радзіму, зьяўляецца дэманстрацыйным крокам, які паказвае адмову беларускага рэжыму ад дыялёгу. Наадварот, гэта крок да канфрантацыi».

18:26 Сяргей Калякін: Такое рашэньне ўдарыць па інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі

«Гэта самае дурное рашэньне, якое мог прыняць беларускі бок. Гэта ўдарыць па інтарэсах людзей. Гэта ўдарыць па эканоміцы. Гэта ўдарыць па інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі, які прымаў такое рашэньне. Ніводную праблему такімі дзеяньнямі рэжым Лукашэнкі не вырашае. Ён толькі пагаршае свае дачыненьні з усім сьветам. І пры гэтым яго чакаюць вельмі цяжкія стасункі з Расеяй. Яму трэба будзе на два фронты весьці вельмі цяжкія пазыцыйныя баі».

18:14 «Менск ня можа зрабіць сур’ёзнай шкоды Эўразьвязу»

Патрабаваньне МЗС Беларусі, каб паслы Эўракамісіі і Польшчы адбылі з краіны па кансультацыі камэнтуе экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смаліньскі з Варшавы.

18:11 Сяргей Мусіенка: «Палітыка Эўразьвязу нагадвае пячорны век»

Кіраўнік аналітычнага цэнтру ЕCOOМ Сяргей Мусіенка: «Маніякальнае жаданьне Эўразьвязу павялічваць гэтыя сьпісы, вядома, не ўпрыгожвае эўрапейцаў. Бо гэта нагадвае нейкі пячорны век. Не магу зразумець, чаго яны баяцца? Што гэтыя людзі могуць у іх такога ўбачыць? Што яны хаваюць, я гэтага не разумею. Чаго, напрыклад, баяцца журналістаў? Ну што яны там пабачаць, калі ў Эўропе ўсё так цудоўна? Наадварот, здаецца, запрашайце, паказвайце».

17:50 Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных паведаміў «Свабодзе», што ў Міністэрства замежных спраў выкліканы пасол Польшчы Лешак Шарэпка і кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора.

У адказ на пашырэньне санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў МЗС адклікае беларускага пасла з Польшчы і сталага прадстаўніка Беларусі пры Эўразьвязе, а таксама фактычна высылае пасла Польшчы і прадстаўніка Эўразьвязу ў Беларусі.

Паводле МЗС, беларускі бок таксама закрые ўезд у Беларусь тым асобам з краін Эўразьвязу, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцыяў.

Заява начальніка ўпраўленьня інфармацыі Андрэя Савіных у сувязі з рашэньнем Рады ЭЗ

«Рашэньне Рады Эўразьвязу кажа пра тое, што Эўразьвяз працягвае прытрымлівацца палітыкі непрыхаванага ціску. Мы неаднаразова на ўсіх узроўнях тлумачылі беспэрспэктыўнасьць такой палітыкі ў дачыненьнях з Рэспублікай Беларусь.

У парадку адказу беларускі бок закрые ўезд у Беларусь тым асобам з краінаў Эўразьвязу, якія спрыялі ўвядзеньню абмежавальных захадаў.

Сталы прадстаўнік Беларусі і пасол Беларусі ў Польшчы адкліканыя ў Менск для кансультацыяў.

Кіраўніку Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі і паслу Польшчы ў Беларусі таксама прапанавана выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесьці свайму кіраўніцтву цьвёрдую пазыцыю беларускага боку аб непрымальнасьці ціску і санкцыяў.

У выпадку працягу ціску на Рэспубліку Беларусь будуць зробленыя і іншыя захады для абароны нашых інтарэсаў.

Мы спадзяемся, што службовыя асобы ЭЗ і дзяржаваў-удзельнікаў асэнсуюць заганнасьць сілавога шляху.

Прапановы Беларусі аб разьвіцьці дыялёгу, узаемадзеяньня і супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі застаюцца ў сіле».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG