Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латыскі прэм’ер: Беларусь рухаецца да самаізаляцыі


Рашэньне Беларусі адклікаць на кансультацыі свайго прадстаўніка ў ЭЗ і амбасадара ў Польшчы — гэта чарговы крок у напрамку палітычнага ізаляцыянізму, лічыць прэм’ер-міністар Латвіі Валдзіс Дамброўскіс.

«Гэта новы крок Беларусі ў бок ізаляцыянізму, і гэта ня пойдзе на карысьць самой Беларусі», — адзначыў палітык у інтэрвію тэлеканалу LNT. У сувязі зь дзеяньнямі Менску краіны ЭЗ, у тым ліку Латвія, прынялі рашэньне адклікаць сваіх паслоў зь Беларусі для кансультацый. Як патлумачыў прэм’ер, размова не ідзе аб пастаянным адклiканьнi. Неўзабаве дыпляматы могуць вярнуцца ў свае прадстаўніцтвы.

«Адкліканьне паслоў — гэта дыпляматычны сыгнал. Гэта яшчэ ня цяжкая артылерыя. Але, вядома, гэта неспрыяльны сыгнал, які сьведчыць аб ускладненьні адносін ЭЗ і Беларусі», — сказаў Дамброўскіс.

Латвійскі МЗС назваў неабгрунтаваным, палітычна непрадуманым і відавочна непрыязным жэстам прапанову Беларусі выехаць у свае сталіцы для кансультацый, зробленае на чале прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі і амбасадару Польшчы ў Беларусі, паведаміў агенцтву BNS прэсавы сакратар МЗС Яніс Сіліс.

Ён дадаў, што МЗС аналізуе сытуацыю і узважвае агульныя крокі ў адказ з боку краін ЭЗ.

«Мы можам толькі пашкадаваць, што гэтым рашэньнем Беларусь яшчэ глыбей штурхае сябе да палітыкі ізаляцыянізму. Гэта толькі пашкодзіць інтарэсам самой Беларусі», — сказаў Сіліс.

Пры гэтым Латвія лічыць, што магчымасьці канструктыўнай палітыкі яшчэ ня вычарпаны. Ясныя і пэўныя крокі Беларусі па вызваленьні ўсіх палітычных зьняволеных дапамогуць ёй вярнуцца да дыялёгу і папярэдзяць далейшае абвастрэньне адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю, адзначыў ён.

Хутчэй за ўсё, амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоў ў чацьвер вернецца ў Рыгу. Аднак амбасада працягне працу, піша агенцтва BNS са спасылкай на прэсавую службу Міністэрства замежных спраў.
XS
SM
MD
LG