Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі прэм’ер Уладзімір Пуцін выказаў спадзяваньне на нармалізацыю адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. «Але гэта ніяк не паўплывае на хаду нашых інтэграцыйных працэсаў», дадаў ён.

Беларуская тэма была сярод іншага закранутая на сёньняшняй сустрэчы Пуціна зь яго даверанымі асобамі. «У дадзеным выпадку я ня думаю, што гэта замах на Мытны саюз ці Адзіную эканамічную прастору. Гэта чыста ўзаемадачыненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю», — заявіў кіраўнік расейскага ўраду.

«Сумныя падзеі ў Лібіі і Іраку паказваюць, што якія б санкцыі ні ўжывалі, усё гэта прыводзіць да інтэрвэнцыі, таму што санкцыі не эфэктыўныя, — лічыць Пуцін. — Усё гэта элемэнт сілавога ціску. Гэтага трэба пазьбягаць. Трэба ўсталёўваць міжнароднае права, асноўныя прынцыпы. Зь Беларусьсю - гэта пытаньне эканамічнага супрацоўніцтва. Мы шкадуем. Я па-першае спадзяюся, што наступіць нармалізацыя дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Але гэта ніяк не паўплывае на хаду нашых інтэграцыйных працэсаў».

Раней, за некалькі дзён да пасяджэньня міністраў ЭЗ у Брусэлі, расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў у супольнай заяве з Аляксандрам Лукашэнкам таксама выказаўся супраць «эканамічных абмежавальных захадаў».

Гаворачы пра хаду прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі, Пуцін выказаў меркаваньне, што правакацыі на мітынгах могуць ісьці з-за мяжы. Пуцін нават ня выключыў, што за мяжой шукаюць нейкую сакральную ахвяру зь ліку вядомых людзей: «Самі грохнуць, выбачайце, а потым улады будуць абвінавачваць». На думку Пуціна, і заявы пра тое, што ён не павінен станавіцца прэзыдэнтам трэці раз, — гэта «адна зь ліній атак». «Я не разумею, чаму я павінен быць абмежаваны ў правах, калі Канстытуцыя дазваляе гэта рабіць?» Ён таксама прывёў прыклад экс-канцлера Нямеччыны Гельмута Коля, які займаў сваю пасаду 16 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG