Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэалізуецца як геапалітычны праект Беларусі і Расеі». У Эўрапарлямэнце абмяркуюць бясьпеку Беларускай АЭС


Беларуская АЭС.
Беларуская АЭС.

Эўрапарлямэнт 11 лютага правядзе дэбаты на тэму бясьпекі Беларускай АЭС. Гэта пытаньне ўключана ў парадак пленарнай сэсіі 8-11 лютага.

У праекце рэзалюцыі, па якой дэпутаты Эўрапарлямэнту будуць галасаваць па выніках дэбатаў, падкрэсьліваецца, што ядзерная бясьпека зьяўляецца ключавым прыярытэтам для ЭЗ як унутры, так і за межамі яго зьнешніх межаў.

У дакумэнце гаворыцца, што БелАЭС «пачала выпрацоўваць электраэнэргію 3 лістапада 2020 году, нягледзячы на шматлікія праблемы бясьпекі і бяз доказаў ступені выкананьня рэкамэндацый экспэртнага агляду ЭЗ 2018 году і Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі».

Пры гэтым падкрэсьліваецца, што дадзены экспэртны агляд у 2018 годзе выявіў шматлікія недахопы, але да гэтага часу «выкананая толькі абмежаваная колькасьць яго рэкамэндацый», а іх выкананьне яшчэ павінна быць праверана экспэртамі ЭЗ.

«Эўрапейскі парлямэнт выказвае заклапочанасьць з нагоды разьмяшчэньня Астравецкай атамнай электрастанцыі ў 50 км ад Вільні і ў непасрэднай блізкасьці ад іншых краін ЭЗ, такіх як Польшча, Латвія і Эстонія, — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі. — Выказваем шкадаваньне з нагоды таго, што праект рэалізуецца, нягледзячы на пратэсты беларускіх грамадзян, і што сябры беларускіх няўрадавых арганізацый, якія імкнуцца павысіць дасьведчанасьць аб будаўніцтве станцыі ў Астраўцы, падвяргаюцца перасьледу і незаконным арыштам».

Эўрапарлямэнт, гаворыцца ў рэзалюцыі, таксама заклапочаны, што праект БелАЭС «рэалізуецца як геапалітычны праект Беларусі і Расеі і што яго будаўніцтва і будучая эксплуатацыя зьяўляюцца крыніцай магчымай пагрозы ЭЗ і яго дзяржавам-членам у справе бясьпекі, здароўя і аховы навакольнага асяродзьдзя».

Эўрапарлямэнт таксама лічыць неабходным стварыць сыстэму раньняга папярэджаньня для вымярэньня радыяцыі ў краінах ЭЗ, разьмешчаных паблізу БелАЭС.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца ў Горадзенскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Літвой, пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200 (першы блёк гатовы на 99%, другі — на 78%). Генэральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам пабудовы станцыі выступае кампанія «АСЭ», якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі «Росатом».

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG