Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынцу прысудзілі яшчэ 15 сутак. Сумарна — 90, зь іх 10 ужо правёў у карцары, парэзаў сабе руку


Павел Севярынец падчас збору подпісаў на Камароўцы ў Менску, 7 чэрвеня
Павел Севярынец падчас збору подпісаў на Камароўцы ў Менску, 7 чэрвеня

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, раней асуджаны сумарна на 75 сутак арышту, 18 чэрвеня атрымаў чарговае пакараньне: яшчэ 15 сутак арышту, піша «Вясна».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Севярынца судзілі дыстанцыйна празь відэасувязь, вінавацілі ў чарговым «парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 23.34 КаАП РБ).

Празь відэасувязь Севярынец паведаміў, што 10 дзён быў у карцэры без усіх рэчаў, на знак пратэсту парэзаў руку.

Ягоная жонка пісала, што ёй ужо цяжка зразумець, за што, і яна згубілася ў падліках, колькі Паўлу яшчэ сядзець.

Як стала вядома на судзе, новы пратакол тычыўся пікету па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на менскай Камароўцы 30 траўня і ў Віцебску 31 траўня. Сам пікет быў законны, але ўдзел Севярынца ў ім палічылі несанкцыянаванай акцыяй: ён, як сьцьвярджалі, узяў удзел у мітынгу, выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь», «Сыходзь», «Свабоду Ціханоўскаму». Паказаньні супраць Севярынца давалі міліцыянты Каралёў і Прыходзька.

Сам Севярынец заяўляў, што дзейнічаў цалкам законна. Пытаў, чаму не караюць зьбіральнікаў подпісаў за Лукашэнку, якія таксама маюць сьцягі і гукаўзмацняльную апаратуру.

Ён падкрэсьліў умовы свайго ўтрыманьня (у халодным пакоі 2х3 м, дзе ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзіны) і назваў такія ўмовы незаконнымі. Хадайніцтва аб вызваленьні ў сувязі зь нечалавечымі ўмовамі ўтрыманьня судзьдзя Андрэй Млечка адхіліў.

Севярынец заявіў хадайніцтвы аб вядзеньні працэсу па-беларуску, а таксама аб адводзе судзьдзі і сакратара, спасылаючыся на тое, што незалежнага суду не існуе і людзей судзяць незаконна. Адвод адхілілі, але весьці працэс па-беларуску пагадзіліся.

Першыя 15 дзён Паўлу Севярынцу прысудзілі 8 чэрвеня. Ранейшыя арышты Севярынцу прысудзілі паводле таго ж артыкула 23.34. Таксама Севярынца вінавацілі ў «непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі».

Як расказаў Свабодзе паплечнік Севярынца Аляксей Шэін, Павал на судзе заявіў, што ўжо 10 дзён знаходзіцца ў карцэры ІЧУ ў «бесчалавечных умовах»: адключылі ваду, сканфіскавалі асабістыя рэчы. Паводле яго зьвестак, аналягічным чынам трымаюць і іншых зьняволеных за палітычную актыўнасьць.

Севярынец падчас трансьляцыі сказаў, што на знак пратэсту супраць катаваньняў яго і іншых палітычных «парэзаў руку». Як мяркуе Аляксей Шэін, гэта магло азначаць, што ён ускрыў сабе вены. Праўда, праз манітор не было відаць, што ў зьняволенага пашкоджаная ці перабінтаваная рука.

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава пазьней напісала ў Тэлеграме, што «ў інтэрнэце зьявіўся чарговы фэйк» пра тое, што Севярынец ускрыў сабе вены.

«Канваір на маніторы відэаназіраньня яшчэ тыдзень таму ўбачыў, як Севярынец цёрся рукой аб краты ў камэры. Дзеяньні былі прыпыненыя міліцыянтам і выкліканы мэдработнік, толькі дапамога не спатрэбілася. Дадаткова паведаміць няма чаго. Любую іншую інфармацыю варта расцэньваць як ілжывую», — заявіла Чамаданава і дадала, што «па факце распаўсюду загадзя ілжывай інфармацыі» правядуць праверку.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG