Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хоць птушачку якую пастаўце»: Як студэнтаў заганяюць галасаваць датэрмінова


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дадатковы выходны, пагрозы і заклікі да «грамадзянскага доўгу» — амаль поўны набор інструмэнтаў, якія ВНУ выкарыстоўваюць, каб студэнты схадзілі на выбарчыя ўчасткі датэрмінова. Як гэта адбываецца і што кажуць у адміністрацыі ВНУ і Міністэрстве адукацыі?

780 тысяч чалавек прагаласавалі на выбарах у Палату прадстаўнікоў датэрмінова за два дні галасаваньня. Традыцыйна — на выбарчых участках у гэтыя дні бачылі студэнтаў. І вось чаму.

«12 лістапада старастам сказалі ў дэканаце, што ня трэба ўдзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а іншагароднім трэба прыняць удзел у датэрміновым галасаваньні. Нам не пагражалі, але стымулявалі. Кажуць, што калі прагаласуеш 13 лістапада — атрымаеш два выходныя. Маўляў, вы жывяце ў інтэрнатах і таму абавязаныя галасаваць датэрмінова», — кажа студэнтка факультэту камэрцыі і турысцкай індустрыі БДЭУ Ганна.

Галасаваць датэрмінова дзяўчына адмовілася, як і некаторыя яе аднакурсьнікі.

«У вас будуць праблемы»

У Інстытуце сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ студэнтам, зь іх словаў, наогул пагражалі.

«Кажуць, будуць праблемы потым, калі датэрмінова не прагаласуеце. Гэта ідзе ад дэкана, пасьля выкладчыкі ідуць да студэнтаў і ўсё гэта кажуць. А крайнія выкладчыкі застаюцца», — расказвае студэнтка інстытуту Кацярына.

13 лістапада ў інтэрнэт трапіла відэа, на якім адна з куратарак першакурсьнікаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Аксана Аніскевіч вельмі настойліва пераконвае студэнтаў прагаласаваць датэрмінова. Па інфармацыі студэнтаў, выкладчыцу зьбіраюцца празь месяц звольніць з працы.

Дырэктар інстытуту Аляксандар Лапцёнак гэта абвяргае. У прэс-службе БДЭУ Свабодзе паведамілі, што з выкладчыцай «правядуць прафіляктычную гутарку». А на ўсе іншыя зьвесткі аб прымусе галасаваць датэрмінова «будуць рэагаваць, бо гэта не адпавядае прафэсійнай этыцы».

Але, як кажуць студэнты гэтай ВНУ, настойлівыя просьбы прагаласаваць датэрмінова працягваюцца, цяпер праз старастаў.

«Заклікаюць на выбарчыя ўчасткі праз гукаўзмацняльнік»

Зьвесткі пра загон студэнтаў на датэрміновае галасаваньне прыходзяць з унівэрсытэтаў па ўсёй Беларусі. У магілёўскім МДУ імя Куляшова, напрыклад, каля інтэрнатаў студэнтаў заклікалі галасаваць датэрмінова праз гукаўзмацняльнік, паведамляе тэлеграм-канал «Отчислено», дзе зьбіраюць зьвесткі пра прымус на галасаваньні.

У Берасьцейскім тэхналягічным унівэрсытэце студэнтам паабяцалі выходны дзень у суботу. У інтэрнатах Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы старасты хадзілі па інтэрнатах і адзначалі тых студэнтаў, хто не прагаласаваў.

У Менскім дзяржаўным мэдыцынскім каледжы студэнтаў прасілі «хоць птушку якую ў бюлетэні паставіць, усё адно за каго, але трэба». У БНТУ на некаторых факультэтах прапанавалі нават два дні выходных за галачку ў бюлетэні на датэрміновым галасаваньні.

Мінадукацыі: Мы тут ні пры чым

У Міністэрстве адукацыі, якому падпарадкоўваюцца ўсе дзяржаўныя ВНУ Беларусі, упэўніваюць, што «ніякіх рэкамэндацый і загадаў наконт галасаваньня не давалі». У размове са Свабодай прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая падкрэсьліла, што «студэнты маюць права галасаваць калі захочуць, як у дні датэрміновага галасаваньня, так і ў асноўны дзень».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG