Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч распавёў, у якім фармаце пройдзе «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах


29 кастрычніка а 20-й гадзіне ва ўрочышчы Курапаты на Галгофе пачнецца «Ноч расстраляных паэтаў» — трэці год запар у Дзень памяці палітычных рэпрэсій вядомыя беларусы будуць чытаць вершы, успамінаць бязьвінна загінулых.

82 гады таму ў Менску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД — «амэрыканкі» было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратары. Расстрэльны сьпіс за подпісамі Сталіна і Молатава адшукаў некалі ў Архіве прэзыдэнта РФ Леанід Маракоў — пляменьнік расстралянага ў 37-м паэта Валерыя Маракова.

Сьпіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасьня 1937 году, падпісаны Сталіным і Молатавым. За 3 месяцы да расстрэлу, 1 жніўня 1937 г., ва ўнутраным двары Менскай турмы НКВД БССР спалілі некалькі дзясяткаў тысяч рукапісаў ненадрукаваных твораў, якія не прайшлі цэнзуру.

Курапаты
Курапаты

Ужо трэцяя «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах

Трэці год запар 29 кастрычніка абаронцы Курапатаў ладзяць «Ноч расстраляных паэтаў».

Адзін з арганізатараў акцыі Зьміцер Дашкевіч распавёў, што фармат сёлетняй імпрэзы не мяняецца.

«Фармат будзе гэткі ж самы, як і летась. Вядомыя людзі, музыкі, літаратары, грамадзкія дзеячы чытаюць вершы рэпрэсаваных, закатаваных, расстраляных камуністамі ў розныя гады тэрору, у тым ліку і ў гэтую жахлівую ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году», — распавёў Зьміцер Дашкевіч.

Мяркуецца, што імпрэза будзе доўжыцца 3 гадзіны.

Сабралі больш за 3 тысячы даляраў

На фандрайзінгавай плятформе Facebook ініцыятары «Ночы расстраляных паэтаў» даволі хутка сабралі больш за 3 тысячы даляраў, што перавысіла неабходную суму.

Арганізатары абяцаюць зрабіць поўную фінансавую справаздачу, куды пайшлі сабраныя талакой сродкі. Што застанецца, абяцаюць пакінуць на імпрэзу наступнага году.

«Грошы выкарыстоўваліся на друкаваную прадукцыю. Мы зрабілі запрашальныя флаеры, плякаты, тры віды буклетаў: пра „Ноч паэтаў“, пра Курапаты, у тым ліку і англамоўную вэрсію. Таксама грошы пойдуць на выданьне кнігі „Нерасстраляная паэзія“, на новы музычны дыск і, натуральна, на тэхнічнае аздабленьне мерапрыемства», — кажа спадар Дашкевіч.

«Гэта не палітычнае мерапрыемства, а жалобная акцыя»

Акцыі ў мінулыя гады абышліся без умяшаньня міліцыянтаў і сілавікоў. Але аднаго з арганізатараў, Эдуарда Пальчыса, сёлета ў сакавіку выклікалі ў суд за арганізацыю «Ночы» ў 2018-м.

Арганізатары ўсё ж спадзяюцца, што юрыдычных прэтэнзій з боку ўладаў да іх ня будзе, бо гэта жалобная акцыя, ушанаваньне памяці бязьвінна загубленых людзей.

«Я гэткім чынам камэнтую: гэта не палітычнае мерапрыемства. Мы зьбіраемся на месцы згубы людзей, каб узгадаць іх. Спадзяюся, у дзяржапараце адэкватныя людзі, які разумеюць, што гэта ўшанаваньне людзей, а не палітычная акцыя», — тлумачыць Зьміцер Дашкевіч.

Арганізатары раяць апранацца цёпла, бо чакаецца пахаладаньне.

Якія яшчэ імпрэзы прымеркаваныя да Дня памяці палітычных рэпрэсій

29 кастрычніка, 11.00–17.00. Шлях Памяці па месцах сталінскіх рэпрэсій: Кальварыйскія могілкі, Цівалі, станцыя Менск-Таварны, Лошыца, Благоўшчына, Вайсковыя могілкі, парк Чалюскінцаў.

31 кастрычніка, 18.30, пляцоўка OK 16 (вуліца Кастрычніцкая, 16) — вечар паэзіі, прэзэнтацыя дызайнэрскіх партрэтаў рэпрэсаваных літаратараў.

3 лістапада, 12.00Дзяды, традыцыйнае шэсьце і мітынг у Курапатах.

Летась у «Ночы расстраляных паэтаў» узялі ўдзел каля 100 чалавек.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG