Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO разглядае БелАЭС як інструмэнт Расеі ў гібрыднай вайне


Шыльда на ўваходзе ў Цэнтар стратэгічных камунікацый NATO, Stratcom, у Рызе, сталіцыі Латвіі
Шыльда на ўваходзе ў Цэнтар стратэгічных камунікацый NATO, Stratcom, у Рызе, сталіцыі Латвіі

Цэнтар стратэгічных камунікацый NATO, што месьціцца ў Рызе, Латвіі, 10 кастрычніка апублікаваў дасьледаваньне пад назвай «Ядзерная энэргетыка і цяперашняе асяродзьдзе бясьпекі ў эпоху гібрыдных пагроз».

У справаздачы разглядаюцца тры атамныя электрастанцыі, якія так ці інакш функцыянуюць пры дапамозе расейскіх кампаній і падлічваецца магчымая пагроза ад іх дзейнасьці — гэта АЭС Пакш у Вугоршчыне, Хангіківі ў Фінляндыі (дзе таксама рэактар пастаўляўся РосАтамам) і Беларуская АЭС у Астраўцы.

У высновах гаворыцца, што БелАЭС нясе пагрозу як для самой Беларусі, так і для суседніх краінаў. Галоўным чынам нясе пагрозы праз тое, што Расея зможа павялічваць свой уплыў у Беларусі і выкарыстоўваць краіну ў якасьці «проксі-актора» у гібрыднай вайне з краінамі Захаду.

Паколькі ўся АЭС абслугоўваецца і абараняецца расейскім пэрсаналам, у справаздачы мяркуецца, што гэта дае Расеі стратэгічную перавагу ў рэгіёне, якой краіна можа скарыстацца ва ўмовах гібрыднай вайны.

Наступныя пункты дапаўняюць прыведзеную ў справаздачы выснову:

• Трэба павышаная міжнародная інфармаванасьць аб дзейнасьці Беларускай АЭС і назіраньне за ёй такімі арганізацыямі як МАГАТЭ. Таксама могуць быць патрэбны частыя візыты прадстаўнікоў NATO. Неабходна прыкласьці намаганьні для павышэньня адкрытасьці і супрацоўніцтва паміж Беларусьсю, суседнімі краінамі, Эўразьвязам і NATO.

• Адлучэньне ад сеткі BRELL (электрасетка Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы) дазволіла б краінам Балтыі сынхранізавацца з большай (па памерах — РС), больш стабільнай, ідэалягічна і палітычна больш падыходзячай ім электрасеткай. Гэта б зьмякчыла рызыкі, зьвязаныя з залежнасьцю як ад расейскіх АЭС, так і ад паслуг балянсаваньня сеткі.

Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, рэпэтыцыя аварыі
Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, рэпэтыцыя аварыі

• Прысутнасьць вайскоўцаў у рэгіёне для аховы БелАЭС нясе патэнцыйную пагрозу. Літва ў выніку стане менш абароненай, чым на сёньняшні момант. Гэты аспэкт павінны ўлічвацца пры плянаваньні як бюджэту абароны самой Літвы, так і NATO наогул.

• Сытуацыя з пабудовай Астравецкай АЭС, калі яе разглядаць праз прызму гібрыднай пагрозы, дае магчымасьць назіраць за тым, як дзеяньне ў адным месцы альбо краіне можа паўплываць і аслабіць зусім іншую краіну. Такім чынам, неабходна праводзіць дадатковыя дасьледаваньні і зьвяртаць увагу на гэты аспэкт.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG