Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая і АГП патлумачылі, у чым сутнасьць іх канфлікту


Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Канфлікт у Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Дэлегаты пазачарговага зьезду прынялі рашэньне адмовіць Ганне Канапацкай у паўторным вылучэньні кандыдатам у дэпутаты ад апазыцыйнай арганізацыі на маючых адбыцца 17 лістапада выбарах у Палату прадстаўнікоў. Тая на знак пратэсту заявіла аб прыпыненьні сяброўства ў партыі.

З агульных шасьці дзясяткаў дэлегатаў за яе вылучэньне прагаласавала 15, супраць — 25, устрымаліся — 15.

Канапацкая: партыя на роўным месцы стварыла сабе праблемы

«Здаровы сэнс і палітычны разьлік цалкам адсутнічалі на зьезьдзе АГП», — так адрэагавала дзейная дэпутатка на дэмарш калег.

«Рашэньне не падтрымліваць маё вылучэньне не зразумеюць ні ў грамадзтве, ні заходнія партнэры, ні дыпляматычны корпус, ні палітычная камісія ПАРЭ, у якім я буду браць удзел 1 кастрычніка. Я адзіны дэпутат ад АГП і правацэнтрысцкай кааліцыі, самы рэйтынгавы і вядомы прадстаўнік апазыцыі як у Беларусі, так і за яе межамі. Партыя на роўным месцы стварыла сабе праблемы, адмовіўшыся ад супрацоўніцтва са мной перад парлямэнцкай і прэзыдэнцкай выбарчымі кампаніямі».

Памочнікі Ганны Канапацкай сказалі Свабодзе, што дэпутатка выправілася ў Страсбур і для больш падрабязных камэнтароў недасяжная.

У сваю чаргу ў офісе АГП патлумачылі, што супраць яе як чалавека прэтэнзій няма. Аднак за ўсю сваю дэпутацкую кадэнцыю Канапацкая практычна не ўздымала пытаньняў, якія хвалююць дэмакратычную супольнасьць Беларусі.

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

«Як вылучэнка апазыцыйнай партыі Ганна Канапацкая падпісала плятформу дэпутата, — удакладняе прэсавая сакратарка АГП Ганна Красуліна. — 19 сьнежня 2016 году на прэсавай канфэрэнцыі яна пацьвердзіла, што цалкам падтрымлівае дамову і будзе яе выконваць. Але ў Палаце прадстаўнікоў нічога са сваіх абяцаньняў ня выканала. Такім чынам, наогул не працавала ў якасьці апазыцыйнага кандыдата. Цягам году мы намагаліся дабіцца хоць нейкіх крокаў, але безвынікова».

Красуліна: нам другі раз «недастаткова моцныя» не патрэбны

Паводле Ганны Красулінай, у дэпутаткі пад рукой заўсёды быў матэрыял, напрацаваны ў нетрах партыі. Выбіральна штосьці агучвала, а ў большасьці выпадкаў не рэагавала ніяк.

«У 2017 годзе, неўзабаве пасьля задушэньня „дармаедзкіх“ пратэстаў, тагачасны міністар унутраных спраў Шуневіч атрымаў ад Палаты прадстаўнікоў грамату за захаваньне стабільнасьці ў грамадзтве, — працягвае прадстаўніца АГП. — Мы вялі кансультацыі, каб яна акрэсьліла стаўленьне да сытуацыі — хаця б сказала, што да гэтай узнагароды ніякага дачыненьня ня мае. Не зрабіла нічога. На жаль, як апазыцыйны дэпутат сябе не пазыцыянавала».

Кіраўніцтва партыі разумее, што на дэпутатаў істотна ціснуць. Аднак, калі няма волі супрацьпаставіць гэтаму ўласную незалежную пазыцыю, тады ня варта рабіць чарговую спробу апынуцца ў ліку парлямэнтароў.

«1 лютага 2017-га быў гатовы законапраект аб зьменах у выбарчае заканадаўства, — кажа Ганна Красуліна. — Падрыхтаваны з нашай падачы, але пад ім падпісаліся юрысты і экспэрты 11 апазыцыйных партый і рухаў. Яна яго на разгляд ня ўнесла. Зрабіла гэта толькі сёлета ў траўні, калі аб’явілі парлямэнцкую кампанію і было позна па тэрмінах: за паўгода да выбараў спыняецца абмеркаваньне выбарчых дакумэнтаў. А галоўнае, унесла праз Адміністрацыю прэзыдэнта. Ад яе патрабавалася адно: агучыць з трыбуны. Яна ж апазыцыйны законапраект перадае ў адміністрацыю!»

Напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў кандыдаты ад АГП абавязаныя падпісаць дамову, што будуць выконваць патрабаваньні палітычнай рады. Сярод іншага, уносіць тыя законапраекты, якія распрацоўваюць партыя ці апазыцыйныя сілы. Ганна Канапацкая ўнесла папраўку — у адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі заканадаўства. Значыць, па-ранейшаму хоча працаваць паводле правілаў Адміністрацыі прэзыдэнта, — адзначае Ганна Красуліна. Але калі апазыцыйных кандыдатаў у парлямэнце не паўсотні, а фармальна адзін, нічога не атрымаецца.

Паколькі як апазыцыйная дэпутатка яна не адпрацавала, кажа Красуліна, партыі не патрэбен кандыдат, які не зьбіраецца ставіць пытаньні перад Палатай прадстаўнікоў і заганяе сябе дакладна ў такія ж рамкі, як і астатнія 109 «прызначэнцаў».

«Часам кажуць: аказалася недастаткова моцнай, — падсумоўвае прэс-сакратарка АГП. — Дык нам другі раз „недастаткова моцныя“ не патрэбны. Яна лічылася апазыцыйнай, але такой не была. Для міжнародных структур існуюць два альтэрнатыўныя дэпутаты: Канапацкая і Анісім. І ставяць плюсік у графу „дэмакратызацыя“. А ў рэальнасьці Ганна паводзіць сябе дакладна так, як і астатнія. Мы разумеем: рэглямэнт выступаў 5 хвілін, зрэдку 10. Але ёсьць паўгадзіны, калі вылучаюцца на пасаду сьпікера. Мы ёй рыхтавалі плятформу якраз на тыя 30 хвілін. Заявіць сваю кандыдатуру, выйсьці і прачытаць. І зноў не змагла...»

Пазьней выканаўца абавязкаў кіраўніка АГП Мікалай Казлоў і сябра Палітрады Леў Марголін на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі сыстэматызавалі прэтэнзіі да Ганны Канапацкай, выказаныя дэлегатамі пазачарговага зьезду.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Першае. Было выказанае незадавальненьне, што дэпутатка абмяркоўвае актуальныя праблемы не з парлямэнцкай трыбуны і ня перад калегамі па Авальнай залі, а збольшага ў сацыяльных сетках.

Другое. За папярэднія тры гады ў ніводным публічным выступе Ганна Канапацкая не згадала пра сваю партыйную прыналежнасьць.

Трэцяе. Як сьцьвярджае Леў Марголін, некалькі разоў Ганну Канапацкую лавілі на хлусьні. У прыватнасьці, Тацяна Караткевіч, якая ў 2016 годзе балятавалася зь ёй па адной акрузе, падрыхтавала дэпутатцы пакет дакумэнтаў пра парушэньні падчас выбараў. Тая паабяцала перадаць дакумэнты ў пракуратуру, але нічога не зрабіла.

Чацьвёртае. Не прасунула, як ад яе чакалася, праект зьменаў у Выбарчы кодэкс, падрыхтаваны шэрагам дэмакратычных арганізацый. Першы варыянт быў забракаваны, а другі, які нібыта ўзялі для разгляду, аказаўся «радыкальна выхалашчаны» (выкрасьленыя адмена датэрміновага галасаваньня, абавязковае ўключэньне прадстаўнікоў кандыдата ў выбарчыя камісіі і іншае).

Пятае. Катэгарычная нязгода з Ганнай Канапацкай, якая абвінавачвала партыю і яе кіраўніцтва ў «нячэснасьці» ў адносінах да яе.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

У зьвязку з гэтым кожны кандыдат у дэпутаты, вылучаны на зьезьдзе, мусіць падпісаць адмысловую «партыйную дамову». Калі ж адмовіцца гэта зрабіць, то не атрымае пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі ў акруговай камісіі. Кіраўніцтва АГП прызнала, што часткова гэта вынікае з сытуацыі, якая склалася вакол Канапацкай. Пры гэтым Мікалай Казлоў удакладніў, што падобныя дамовы практыкуюцца ў шэрагу краінаў, перадусім там, дзе ва ўладзе правыя партыі.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG