Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Мезенцаў прызначаны новым амбасадарам Расеі ў Беларусі — цяпер афіцыйна


Дзьмітры Мезенцаў і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ва Ўфе ў 2015 годзе
Дзьмітры Мезенцаў і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ва Ўфе ў 2015 годзе

Прэзыдэнт Расеі падпісаў указ аб прызначэньні Дзьмітрыя Мезенцава новым паслом Расеі ў Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Крамля.

Другім указам кіраўнік дзяржавы вызваліў Міхаіла Бабіча ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады адмысловага прадстаўніка Прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.

Сэнатар Дзьмітры Мезенцаў дагэтуль быў генэральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і губэрнатарам Іркуцкай вобласьці.

Лукашэнка прасіў Пуціна замяніць Бабіча, – СМІ

За некалькі гадзінаў да афіцыйнага паведамленьня расейскія мэдыя паведамілі са спасылкай на высакапастаўленыя крыніцы, што амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча адклікаюць з пасады ў Менску.​

«Гэта абмяркоўваецца зь мінулага тыдня», – сказала адна з крыніц.

Паводле «Коммерсантъ», адстаўка Бабіча стала вынікаў неаднаразовых просьбаў Лукашэнкі да Пуціна. Апошняя размова нібыта адбылася ў Пэкіне. Падчас яе Лукашэнка нібыта запэўніў Пуціна, што гатовы пачаць «інтэграцыю, якая даўно абмяркоўвалася», але зноў папрасіў адклікаць Бабіча. Пуцін пагадзіўся, даў Лукашэнку год, паабяцаўшы ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, сьцьвярджае крыніца «Коммерсантъ».

20 красавіка Лукашэнка ня стаў камэнтаваць выказваньні расейскага пасла Міхаіла Бабіча і заявіў, што «Расея зь ім разьбярэцца сама».

Апошняя інфармацыя пра публічную актыўнасьць Бабіча зьявілася на сайце расейскай амбасады ў Беларусі 19 красавіка.

​Прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава 26 красавіка заяўляла, што спыненьне паўнамоцтваў расейскага амбасадара ў Беларусі знаходзіцца ў кампэтэнцыі Ўладзіміра Пуціна.

Міхаіла Бабіча прызначылі расейскім амбасадарам у Беларусі 24 жніўня 2018 году. Дагэтуль ён займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў Прыволжскай фэдэральнай акрузе.

Паводле «Коммерсантъ», Бабіч, які не зьяўляўся карʼерным дыпляматам, быў палітычным прызначэнцам. Пачатак яго працы ў Менску супаў з пачаткам больш актыўнай палітыкі Расеі ў беларускім накірунку. З 2018 году Масква патрабуе ад Лукашэнкі рэальных крокаў у бок інтэграцыі, прапісаных у дамове 1999 году аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.


Хто такі Дзьмітрый Мезенцаў

  • Нарадзіўся 18 жніўня 1959 году ў Санкт-Пецярбургу. Скончыў Пецярбургскі дзяржаўны ўнівэрсытэт шляхоў зносін Імпэратара Аляксандра I. Працаваў майстрам цэху на Кастрычніцкай чыгунцы.
  • З 1983 па 1984 Дзьмітры Мезенцаў загадваў арганізацыйным аддзелам Ленінскага раённага камітэту. Быў загадчыкам сэктару гарадзкога камітэту.
  • Ад 1984 па 1990 служыў афіцэрам у арміі на пасадзе супрацоўніка армейскага друку. Са студзеня 1988 ўваходзіў у склад Саюзу журналістаў РФ.
  • У 1990 годзе стаў дэпутатам Ленінградзкага гарсавету. У 1991-1996 працаваў у адміністрацыі мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака. Тады ж Сабчаком працаваў і Ўладзімір Пуцін. Мезенцаў кіраваў прэс-цэнтрам савету і Ленгарвыканкаму, узначальваў Камітэт па друку і СМІ мэрыі Санкт-Пецярбургу.
  • Пераехаўшы ў Маскву ў 1996 годзе, стаў намесьнікам старшыні Дзяржаўнага камітэту Расейскай Фэдэрацыі па друку Івана Лапцева.
  • Кандыдат псыхалягічных навук, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносін.
  • У 1999 годзе стаў Прэзыдэнтам Цэнтру стратэгічных распрацовак.
  • Кандыдатура Мезенцава ў 2009 годзе была зацьверджаная на пасаду губэрнатара Іркуцкай вобласьці. Узначаліў Праўленьне Дзелавога савету Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Уваходзіў у Прэзыдыюм Дзяржаўнай камісіі ў пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Далёкага Ўсходу, Рэспублікі Бурація, Іркуцкай вобласьці і Забайкальскага краю.
  • У 2012 годзе спрабаваў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Расеі, але Цэнтарвыбаркам адмовіў яму праз недабор сапраўдных подпісаў.
  • У 2012-2015 быў генэральным сакратаром арганізацыі.
  • У Савеце Фэдэрацыі прадстаўляў Сахалінскую вобласьць, дзе мясцовыя ўлады будавалі цалкам беларускую нанафэрму.
  • Мезенцаў уваходзіў у склад камісіі пры Прэзыдэнце РФ у пытаньнях разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва; Савета пры Прэзыдэнце РФ па разьвіцьці фізычнай культуры і спорту, спорту вышэйшых дасягненьняў, падрыхтоўцы да правядзеньня XXII Алімпійскіх гульняў і XI Паралімпійскіх зімовых гульняў у Сочы.
  • Жанаты, мае дачку і ўнука.
  • У 2018 годзе Мезенцаў зарабіў 202 тысячы беларускіх рублёў (у эквіваленце), ягоная жонка – 104 тысячы. Яны валодалі аўтамабілямі Volkswagen Touareg і Volkswagen Phaeton, двума кватэрамі, жылым домам, двума зямельнымі ўнадзеламі.
  • Узнагароджаны ордэнам Пашаны, ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, мэдалём «За будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі» і ордэнам Аляксандра Неўскага.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG