Лінкі ўнівэрсальнага доступу

GRECO: Беларусь не выконвае рэкамэндацыі па барацьбе з карупцыяй


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выкананьне Беларусьсю рэкамэндацыяў па барацьбе з карупцыяй у 2017 годзе працягвала заставацца «глябальна нездавальняючым», гаворыцца ў штогадовай справаздачы Групы дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (GRECO).

Беларусь ня выканала рэкамэндацыі ўсіх ацэначных раўндаў, якія тычыліся крыміналізацыі карупцыйных правапарушэньняў і празрыстасьці палітычнага фінансаваньня, нацыянальных органаў па прадухіленьні карупцыі і барацьбе зь ёй, імунітэту чыноўнікаў, а таксама заканадаўства і практыкі ў гэтай сфэры, паведамляе БелаПАН.

GRECO падкрэсьлівае, што Беларусь працягвае заставацца адзінай краінай, якая не дае згоды на публікацыю ацэначных справаздач. У сувязі з гэтым GRECO публікуе толькі рэзюмэ справаздач па Беларусі. Адмову дазволіць публікацыю папярэдніх справаздач у Міністэрстве замежных спраў Беларусі тлумачылі тым, што ў краіны няма абавязацельства даваць згоду на такія публікацыі.

Такую ж ацэнку выкананьню рэкамэндацый GRECO па крыміналізацыі карупцыйных правапарушэньняў і празрыстасьці палітычнага фінансаваньня атрымала Швайцарыя. Сярод усіх краінаў — чальцоў GRECO толькі да Беларусі і Швайцарыі ўсё яшчэ ўжываецца працэдура невыкананьня рэкамэндацый у рамках першага-трэцяга ацэначнага раўндаў.

Лукашэнка кажа пра барацьбу з карупцыяй амаль чвэрць стагодзьдзя. Вынікі не найлепшыя

Яшчэ да абраньня прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка займаўся карупцыйнымі пытаньнямі. У канцы сьнежня 1993 году ён, тады дэпутат Вярхоўнага Савету і старшыня антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі, зачытаў адмысловы даклад, які ў выніку прывёў да адстаўкі сьпікера Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча (таго абвінавацілі ў прысабечваньні скрыні цьвікоў).

За час прэзыдэнцтва Лукашэнкі было нямала гучных затрыманьняў, зьвязаных з карупцыяй, але Беларусь па-ранейшаму застаецца карумпаванай краінай.

10 гучных карупцыйных спраў 2017 году

«У рамках „беларускай мадэлі“ карупцыю немагчыма перамагчы»

У Беларусі даволі частыя навіны пра затрыманьні і суды за хабар. «Даць на лапу» могуць як мільён эўра, так і проста бульбу, каўбасу, каньяк ці бэтон. Пры гэтым Беларусь займае даволі нізкую пазыцыю ва ўсясьветным рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі: у у рэйтынгу за 2017 год Беларусь атрымала 44 балы са 100 і паднялася на 68-е месца са 180, год таму Беларусь займала 79-е месца ў рэйтынгу, два гады таму — 106-е месца. У рэйтынгу вяршэнства права Беларусь заняла 65-е месца са 113, у тым ліку праз карупцыю. Больш высокую — 38-ю — пазыцыю краіна займае ў рэйтынгу Doing Business, які ня ўлічвае карупцыі. GRECO і раней называла нездавальняльнымі цяперашнія высілкі беларускіх уладаў у барацьбе з карупцыяй.

Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (GRECO) — міжнародная арганізацыя, створаная Радай Эўропы ў 1999 годзе. Асноўнай яе мэтай зьяўляецца дапамога краінам-удзельніцам у барацьбе з карупцыяй. GRECO ўсталёўвае антыкарупцыйныя стандарты дзейнасьці дзяржавы і кантралюе адпаведнасьць практыкі гэтым стандартам, дапамагае выявіць недахопы ў нацыянальнай антыкарупцыйнай палітыцы і прапануе неабходныя заканадаўчыя, інстытуцыйныя ці апэратыўныя меры, дае пляцоўку для абмену лепшымі рашэньнямі ў галіне выяўленьня і прадухіленьня карупцыі. Група ўключае 49 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, якая пры гэтым не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG