Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Плошча 2010


Спэцназ міліцыі абараняе Дом ураду

Спэцназ міліцыі абараняе Дом ураду

Каля 15-20 тысячаў чалавек (па іншых дадзеных да 40 тысяч) узялі ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці ў Менску. Было аб’яўлена пра стварэньне народнага руху за свабодныя выбары без Лукашэнкі. Некаторыя ўдзельнікі спрабавалі прарваліся ў Дом ураду. Адбыліся сутычкі са спэцназаўцамі. У выніку дзясяткі людзей былі затрыманыя і зьбітыя, у тым ліку і кандыдаты на прэзыдэнта Hякляеў, Саньнікаў, Кастусёў, Статкевіч, Рымашэўскі. Арганізатары заявілі, што акцыя будзе бестэрміновай і заклікалі ўсіх прыйсьці на плошчу Незалежнасьці ў панядзелак 20 сьнежня а 18-й гадзіне.

Калі вы самі маеце паведаміць ці паказаць нешта важнае, зьвязанае з Плошчай, дасылайце інфармацыю, фота і відэа на адрас rferl.minsk@gmail.com

6.57 "Мы самі павінны будаваць сваю будучыню"

6.30 "Плошча 2010" жорстка разагнаная


06.00 Як паведаміў актывіст кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Аляксандар Атрошчанкаў, а 6-ай раніцы міліцыя ўварвалася ў кватэру даверанай асобы Андрэя Саньнікава, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьміцера Бандарэнкі. Па словах дачкі Бандарэнка, супрацоўнікі міліцыі, забралі яе бацьку нічога не тлумачачы і не распавядаючы, куды яго вязуць.

05.54 З УУС Маскоўскага раёну Менску адпушчаны карэспандэнт tut.by Канстанцін Лашкевіч, паведаміла БелаПАН галоўны рэдактар парталу Марына Золатава: "Канстанцін быў затрыманы бліжэй да паўночы і правёў у міліцыі каля чатырох гадзін".

05.00 Як паведаміў актывіст кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Аляксандар Атрошчанкаў, супрацоўнікі міліцыі ўламіліся ў офіс сайту "Хартыя-97", дзе знаходзіліся рэдактарка сайту Натальля Радзіна і некалькі валянтэраў. Усіх затрымалі.

04.45 Затрыманыя Аляксей Міхалевіч і Дзьмітры Вус.

04.35 Затрыманыя лідэры кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары": віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы Ўладзімір Лабковіч, Анастасія Лойка, Сяргей Сыс, Зьміцер Салаўёў ды інш.


4.31 Пазьняк: Лукашэнка стаіць па горла ў крыві


01.40 Уладзімір Някляеў вывезены людзьмі ў цывільным з лякарні ў невядомым кірунку, паведаміла яго прэс-сакратарка Юлія Рымашэўская: "Сем чалавек у цывільным уварваліся да яго ў палату, зачынілі яго жонку ў суседнім пакоі. Нягледзячы на яе крыкі, Някляева загарнулі ў коўдру і павезьлі ў невядомым кірунку ".

01.30 Мікола Статкевіч знаходзіцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Ягоная давераная асоба Сяргей Марцалеў распавёў:
"Мікалай Віктаравіч ужо ад'яжджаў на таксоўцы ад плошчы. Але машыну заблякавалі некалькі аўтамабіляў. Людзі ў масках, якія не назвалі сябе, вывалаклі яго з таксоўкі, і адвезьлі яго ў прыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Гэта апошняе, што ён пасьпеў сказаць па тэлефону. Гэта было ў 23.37". Паводле сьведчаньняў відавочцаў, спадар Статкевіч быў моцна зьбіты.

01.10 Міліцыянты зьбілі карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча. Калі ён здымаў зьбіцьцё маладога хлопца на яго напалі ззаду, пачалі біць нагамі. Паламалі відэакамэру. Пасьля таго, як ён пачаў крычаць, што ён журналіст, яго кінулі, пабеглі біць іншых. Людзей дзясяткамі цягнулі ў аўтазакі.




01.00 Уладзімер Някляеў затрыманы ў шпіталі хуткай дапамогі
Прэсавы сакратар кампаніі «Гавары праўду!» Юлія Рымашэўская паведаміла Радыё Свабода:

«Яшчэ а палове на першую ночы мы лічылі, што стан здароўя Ўладзімера Някляева такі, што ўсё ж такі прынята рашэньне застацца яму на ноч ў лякарні, хаця першапачаткова ён адмовіўся ад шпіталізацыі і зьбіраўся ехаць дадому. Але некалькі хвілін таму нам стала вядома, што яго затрымалі ў шпіталі. Больш падрабязнасьцяў пакуль мы ня ведаем».

Адвакат Уладзміера Някляева Тамара Сідарэнка паведаміла Радыё Свабода, што ёй патэлефанавала жонка Някляева Вольга і паведаміла, што «самога Някляева кудысьці павалаклі з палаты». Паводле адваката, наўрад ці ёй ўдасца атрымаць якую-небудзь інфармацыю пра знаходжаньне Някляева да раніцы.

Сем чалавек у цывільным вынесьлі Някляева з палаты.


00.55 Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук параўноўвае Плошчу-2006 з Плошчай-2010:



00.50 Праваабарончая арганізацыя «Вясна — 96» паведаміла, што «каля 200 чалавек на Акрэсьціна стаяць тварам да сьцяны з закручанымі за сьпіну рукамі. Многіх затрыманых у аўтазаках міліцыянты моцна зьбівалі нагамі. У раёне плошчы Незалежнасьці працягваюцца затрыманьні, пры гэтым моладзь жорстка зьбіваюць».



00:45 Затрыманы адзін з кіраўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» — Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак — ён знаходзіцца ў аўтазаку. Праваабаронца паведаміў, што разам з ім у аўтазаку знаходзіцца цяжарная жанчына, якая разам з мужам ішла па прсапекце — разам яны і былі затрыманы.



Алег Гулак быў затрыманы на перакрыжаванні вуліцы Валадарскага і праспекта Незалежнасці. У аўтазаку побач з ім — пяцёра затрыманых мужчын, а ў асобным адсеку некалькі жанчын.

00.30 Затрыманыя аглядальнікі Радыё Свабода Будзімір і Чарнец.



00.25 Міліцыянтамі зьбіты карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, яму зламалі камэру.

Сярод затрыманых — мовазнаўца Зьміцер Саўка, — паведаміла Радыё Свабода ягоная дачка Караліна.

Эўрарадыё падае сьпіс затрыманых:

1. Серада Аляксей
2. Клышэйка Вадзім
3. Мяцельская Яніна
4. Шкабара Віталь
5. Серабракова Вераніка
6. Чучвал Сяргей
7. Сухадульскі Іван
8. Сухарэвіч Дзяніс
9. Паштавы Антон
10. Кніга Анастасія
11. Залешчук Раман
12. Казлоў Сяргей
13. Казец Аляксандр
14. Мельнічэнка Антон
15. Язерскі Сяргей
16. Сакрэт Яўген
17. Еўдакімаў Аляксей
18. Грыбоўская Таццяна
19. Кравец Арцём
20. Пабчанка Аляксандра
21. Гудзень Дзіяна
22. Лазарава Анастасія
23. Лазараў Пётр
24. Суслава Аляксандра
25. Дайняк Ганна
26. Насута Арцём
27. Барэйчук Святлана
28. Кавалёў Сяргей
29. Януковіч Алена
30. Шаруба Ганна
31. Агрэйцовіч Аляксандр
32. Чайчыц Вольга
33. Коўшык Дзіяна
34. Кашнярова Ганна
35. Лялевіч Ян
36. Максіменка Раман (head-of-babulka.livejournal.com)
37. Кашталян Вольга
38. Мартынаў Віктар
39. Занкевіч Аляксандр

Затрыманыя Саньнікаў, Рымашэўскі, Статкевіч, Кастусёў


Зьбіты Андрэй Саньнікаў

0.20
Каля ўнівэрсаму Цэнтральны моцна зьбіваюць людзей, расьсякаюць на малыя групы, выхопліваюць паасобку, цягнуць па зямлі, закідваюць у машыны.

Затрыманы карэспандэнт "Gazeta Wyborcza" Анджэй Пачобут.

Мапа падзеяў


Глядзець вялікую мапу

0.15 Групы амапаўцаў застаюцца ў раёне плошчы Незалежнасьці. Калёна іх прабегла з праспэкту ў бок Чырвонага касьцёла. Двое амапаўцаў са шчытамі знаходзяцца на ганку гатэлю Менск.

0.10 Як паведаміў Мікола Статкевіч, яго затрымалі каля галоўпаштамту. Прычым, паводле Статкевіча, спэцназаўцы разьбілі шкло прыватнага аўтамабіля, выкінулі зь яго пасажыраў і кіроўцу, пасадзілі туды Міколу Статкевіча. Побач зь ім селі два афіцэры міліцыі, паведаміў Статкевіч.









Затрыманых вязуць па вуліцы Чыгуначнай, адсюль яны робяць выснову, што вязуць у турму на Акрэсьціна.

Зачыстка працягваецца, спэцназаўцы атрымалі загад зноў вярнуцца і пачалі зьбіваць людзей ля гатэлю «Менск». Пад зачыстку трапляюць мінакі. Спэцназаўцы зрабілі некалькі ланцугоў на ходніках, і людзей прапускаюць толькі тады, калі яны паказваюць нейкія пасьведчаньні.

Зьбітыя трое расійскіх журналістаў, польскі і амэрыканскі журналіст, журналітка Натальля Радзіна.

Дакладная лічба затрыманых невядомая.

0.10 Пры канцы акцыі яе арганізатары заявілі, што акцыя будзе бестэрміновай і заклікалі ўсіх прыйсьці на плошчу Незалежнасьці 20 сьнежня а 18-й гадзіне.

0:00 Жонка Някляева Вольга цяпер у шпіталі хуткай дапамогі, дзе знаходзіцца яе муж. Там адбываецца кансыліюм лекараў. Вольга Някляева паабяцала пазьней расказаць Радыё Свабода пра вынікі кансыліюму.

23.55 За Чырвоным касьцёлам карэспандэнтка Свабоды ўбачыла дзьве машыны хуткай дапамогі. Лекар адной зь іх паведаміў, што ў ягоным аўтамабілі знаходзяцца трое траўмаваных, якім тэрмінова на месцы аказваецца дапамога.



23.50 Галіна Абакунчык перадае, што разагнаныя людзі не разыходзяцца. Іх расьсеклі на групы вакол плошчы. Журналістка знаходзіцца ля пераходу з плошчы Незалежнасьці да вуліцы Ленінградзкай. Туды падагналі зялёныя мазаўскія пасажырскія аўтобусы з надпісамі «Заказны», куды міліцыя закідвае дэманстрантаў.




23.45 Наш карэспандэнт стаў сьведкам таго, што спэцназаўцы працягваюць зьбіваць моладзь нават у мэтро.

23.40 Ад плошчы Незалежнасьці ад'ехалі 16 машынаў з вайскоўцамі.

22.35 Наша карэспандэнтка Галіна Абакунчык перадае з амаль пустой ужо плошчы Незалежнасьці, што на месцы зачысткі валяюцца пальчаткі, шапкі, абутак, шматкі адзеньня. Відавочцы паведамілі ёй, што Андрэй Саньнікаў зьехаў на аўтамабілі. Дзе астатнія арганізатары акцыі, пакуль невядома.

Плошча Незалежнасьці апусьцела, апроч спэцназаўцаў, нікога не засталося. Журналісты спрабуюць выйсьці з ачапленьня.








23.30 Перадае Аляксандар Лукашук з плошчы Незалежнасьці: “Я адзін і вакол некалькі тысячаў чалавек з дубінкамі ў касках. Плошча акружаная. Аўтазакі з затрыманымі. Я бачу 7 поўных машын. Чалавек 50 ідзе да даму ураду. Ніводнага сьцягу, толькі спэцназаўцы, якія раяць мне пакінуць плошчу. Рухаюся да БДУ. Журналістаў няма. Шмат людзей атрымалі траўмы. Ніводнага цывільнага чалавека, людзі з жалезнымі шчытамі. Плошча амаль ачышчаная”.




23.25
Прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Павал Радзівонаў у праграме «Выбар» ОНТ пракамэнтаваў падзеі на плошчы Незалежнасьці. Паводле ягоных словаў, заканадаўствам прадугледжана жорсткая адказнасьць арганізатарам непарадкаў — ад адміністратыўнай да крымінальнай. Яны могуць быць пазбаўленыя волі да 15 гадоў. Радзівонаў падкрэсьліў, што «гэта не пагроза, гэта — канстатацыя фактаў».



23.20 Перадае Галіна Абакунчык: “Спэцназаўцы вельмі жорстка зьбівалі людзей. Жанчын зьбівалі нагамі. У аўтазакі загружалі шмат людзей. На заклік кандыдатаў на прэзыдэнта правесьці перамовы з прадстаўнікамі міліцыі ніхто не адклікнуўся. На плошчы знаходзяцца пераважна спэцназаўцы. Яны перамяшчаюцца па плошчы. Яны спрабуюць дагнаць людзей, расьсекчы натоўп. Трывожны настрой. Людзі шыхтамі бягуць у боку Чырвонага касьцёлу. Ідзе зачыстка плошчы. Застаўся з дзясятак журналістаў на плошчы Незалежнасьці. Усе астатнія людзі выціснутыя з плошчы”.


23.20 Плошча Незалежнасьці практычна цалкам зачышчаная ад дэманстрантаў. Застаюцца толькі аўтазакі, у якія міліцыянты закідваюць затрыманых удзельнікаў акцыі.









23.10
На зачышчанай пляцоўцы — акрываўлены сьцяг, кавалкі вопраткі.

Пад’ехалі чатыры аўтазакі, відаць, хутка пачнецца хапун. Жорстка зьбіваюць людзей.

Пад’ехалі чатыры аўтазакі. Людзей зьбіваюць і закідваюць у аўтазакі. Шмат людзей зьбітых да крыві ляжыць на асфальце.

23.10 АМОН спрабуе запалохаць людзей, адцясьніць, адштурхнуць, грукае дубінкамі ў шчыты.


Лідэры апазыцыі заявілі, што выклікалі на перамовы кіраўніцтва міліцыі. Перамовы вядзе Рымашэўскі. Пад’ехалі 6 аўтазакаў. Рэшту дэманстрантаў актыўна адцясьняюць спэцназаўцы. Магчымыя затрыманьні. Не чуваць кандыдатаў. Лідэры апазыцыі заявілі, што абвяшчаюць бестэрміновую акцыю на плошчы Незалежнасьці. Людзі падаюць.



23.05 Кандыдаты на прэзыдэнта спрабавалі выклікаць каго-небудзь з урадоўцаў. Тым часам шыхты амапаўцаў вырваліся з Дому ўраду і разрэзалі маніфэстацыю на дзьве часткі. Адна зь іх засталася паміж Домам ураду і помнікам Леніна. Другая частка застаецца на плошчы Незалежнасьці. Кандыдаты на прэзыдэнта застаюцца, хутчэй за ўсё, ля будынку Дома ўраду.

Запрашаюць да перамовы камандзіра брыгады спэцназу. У адказ міліцыянты пачалі зьбіваць людзей

Як сказала наша карэспандэнтка Галіна Абакунчык, пачалася жудасная бойка. АМАП адцясьняе людзей ад Дому ўраду. Спэцназаўцы выціскаюць людзей з плошчы, лупцуючы ўсіх дубінкамі.

22.55 Адбываецца мітынг. Ёсьць добрая гукаўзмацняльная апаратура. Толькі што выступіў старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч.

З Дому ураду выбягаюць сотні спэцназаўцаў. АМОН спрабуе разагнаць людзей. Людзі пачалі адступаць.

21.52 Перадае Галіна Абакунчык: "На прыступках дому ўраду адбываліся незразумелыя рэчы. Людзі пачалі рухацца да ўваходу. Кандыдаты гэтым працэсам не кіравалі. Людзі грукаліся ў дзьверы. Раптам маладыя людзі і пачалі разьбіваць дзьверы на ўсім працягу уваходу. За кожнымі дзьвярыма былі барыкады. Яны былі гатовыя. Як толькі дзьверы былі разьбітыя, адразу выскачылі супрацоўнікі АМОНу. Было некалькі жорсткіх сутычак.

Рымашэўскі назваў гэта “справакаванай акцыяй, яе не плянавалі дэмакратычных сілаў. Дзьверы разьбівалі людзі нападпітку. Наўмысная правакацыі!”. Людзі працягваюць стаяць і скандаваць".



22.45 Людзі прарвалі кардон спэцназаўцаў і ўшчыльную наблізіліся да будынку Дому ўраду. Яны не сыходзяць з прыступак і скандуюць "Сыходзь!".

Натоўп зноў пачаў крушыць вокны і дзьверы Дому ўраду. Чуюцца воклічы, што гэта правакацыя.

Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў у сваім выступе заклікаў стаяць на Плошчы да перамогі, людзі скандуюць "Не баімся!".

22.40 Наша карэспандэнтка Галіна Абакунчык знаходзіцца ў самым эпіцэнтры падзеяў — за сьпінамі спэцназаўцаў. Яна бачыць разьбітыя шыбы і, на яе думку, гэта выглядае на правакацыю: міліцыянты выйшлі толькі пасьля таго як ім «дазволілі» пабіць шыбы. Паказальна, што імі камандуюць людзі ў цывільным. Празь некалькі хвілінаў зацішша зноў узьнікаюць сутычкі.

Інтэрфакс: У Віталя Рымашэўскага разьбітая галава.




22.35 Уварвацца ў Дом ураду не ўдалося. Там былі вялікія сілы спэцназу. Выскачыла шмат спэцназаўцаў з дубінкамі. Ідзе вялікае супрацьстаяньне на ганку Дому ураду. Ёсьць моцна зьбітыя. Побач са мной непрытомны зьбіты чалавек. Спэцназаўцы грукаюць у шчыты, каб запалохаць людзей. На помніку Леніну выступае Саньнікаў, які заклікае міліцыянтаў не біць і чапаць людзей. Спробаў трапіць у дом ураду больш няма. Спэцназ выкарыстоўвае спэцсродкі, дымавыя шашкі.



Да Дому ўраду прыбывае яшчэ больш міліцыянтаў. Спэцназаўцы ланцугом ачапілі ўваход. Людзей у першых шэрагах зьбіваюць.

22.30 Атрады АМАП і міліцыі вырваліся з дому ў раду. Пачалася сутычка з маніфэстантамі. Некаторыя людзі ляжаць на зямлі.

22.30 Аляксандар Фядута, член штабу Някляева: “Някляеў у рэанімацыі, ён імкнуўся пайсьці на плошчу, але мэдыкі забаранілі. Была спроба штурму офісу Някляева невядомымі. Мы ведаем, што большая частка прыхільнікаў Някляева – на плошчы Незалежнасьці, і наколькі да нас паступаюць зьвесткі, рэалізуецца той плян, які мы і прапанавалі. Мы спрабуем дамагчыся перамоў з кіраўніцтвам ураду Беларусі. Гэта цалкам легітымная структура, якая можа і павінна ўзяць на сябе адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне. Але хай яна возьме адказнасьць... Мы зьбіраліся дамагчыся сустрэчы з дзяжурным па офісу прэсм'ер-міністра, што мы патрабуем перамоваў. Тое, што адбылося, калі сапраўды разьбітае гэтае шкло -- гэта цалкам на адказнасьці уладаў, бо ў нас была заплянаваная цалкам мірная дэманстрацыя пратэсту.



22.25 Людзі заходзяць у будынак. Ніякага супраціву не аказваюць супрацоўнікі міліцыі. Разьбітае шкло.
Перадае Валер Каліноўскі:



Віталь Рымашэўскі заявіў карэспандэнтцы нашага радыё, што такое разьвіцьцё акцыі не плянавалася, што яна бессэнсоўная, і гэта правакацыя п’яных людзей.



22.20
Маніфэстанты спрабуюць прарвацца ўсярэдзіну праз забарыкадаваныя дзьверы.

Перадае Валер Каліноўскі:



22.15 Пяць кандыдатаў на прэзыдэнта накіраваліся ў Дом ураду. Тым часам хтосьці разьбіў шыбы ў дзьвярах. За шыбамі журналісты ўбачылі міліцэйскія шчыты. Дзьмітры Вус, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў стаяць ля ўваходу ў Дом ураду.

Дэманстранты працягваюць ламацца ў дзьверы Дому ўраду, якія забарыкадаваныя знутры

22.10 На помнік Леніна ўсталявалі бел-чырвона-белы сьцяг. Ідзе нарада арганізатараў мітынгу. Абмяркоўваюцца наступныя дзеяньні. Людзі на плошчы скандуюць "Жыве Беларусь!", тэлефануюць сваім знаёмым, заклікаючы далучыцца да пратэсту.

22.05 У цэнтральных дзьвярах Дому ўраду, дзе месьціцца Цэнтравыбаркам, невядомыя выбілі тры шыбы. Народ тым часам не разыходзіцца, заклікаючы тэлефанаваць сябрам і знаёмым, каб тыя таксама далучаліся да акцыі пратэсту



22.00 Кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьміітрыеў зачытаў заяву Народнага сходу, у якой заяўляецца аб непрызнаньні вынікаў выбараў і патрабаваньнем правесьці новыя выбары без Лукашэнкі.

Падвезьлі гукаўзмацняльную апаратуру і ўсталявалі яе на помніку Леніна.



21.55
Аляксандар Лукашук з плошчы Незалежнасьці: “Уся плошча запоўненая людзьмі, сьцягамі. Людзі скандуюць “Сыходзь”, “Верым, можам, пераможам”. На помніку Леніна бел-чырвона-белыя сьцягі. Кандыдаты на прэзыдэнта напэўна сплянавалі такі сцэнар”.

21.50 Рыгор Кастусёў зьвярнуўся да людзей, каб яны званілі сваім знаёмым з заклікам прыйсьці на плошчу Незалежнасьці, далучыцца да пратэсту. Людзі датэлефанавацца ня могуць, бо мабільная сувязь працуе зь перабоямі.


21.47 Гутарка Юрыя Дракахруста з намесьнікам рэдактара "Белгазеты" Віктарам Марціновічам на плошчы Незалежнасьці



21.45 Калёна маніфэстантаў дайшла да плошчы Незалежнасьці. Мора людзей практычна ўсю яе запоўніла. Людзі скандуюць "Жыве Беларусь!", "Уході!", "Час мяняць лысую резіну", "Выбары без Лукашэнкі". Ля Дому ўраду пачаўся мітынг. Мікола Статкевіч паведаміў, што фармуецца працоўная група для перамоваў з урадам.

На плошчы Незалежнасьці — невялікі мітынг. Удалося прывезьці гукаўзмацняльную апаратуру. Прамаўляюць Саньнікаў і Рымашэўскі. Рымашэўскі заклікаў прадстаўнікоў КДБ і МУС вызваліць палітвязьняў і вярнуць свабодныя выбары.



21.30 Прэс-сакратарка «Гавары праўду» Юлія Рымашэўская паведаміла, што каля офісу дзяжурыць каля 20 чалавек у чорным, падобных на тых, што напалі на Някляева і паплечнікаў. Паводле прэс-сакратаркі, яны зьбіраюцца трапіць у офіс зь нейкім відэаапэратам.



21.25 На плошчы Незалежнасьці ля Дому ўраду сабраліся людзі. Прыйшлі Саньнікаў з жонкай Ірынай, іншыя кандыдаты на прэзыдэнта. Іх вітаюць людзі. Гукаўзмацняльная апаратура засталася на Кастрычніцкай плошчы.



У наўпроставым эфіры каналу ОНТ выступіў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Алег Пякарскі.
Ён пацьвердзіў інфармацыю пра інцыдэнт з двума мікрааўтобусамі. Паводле ягоных словаў, каля 100 чалавек з дубінкамі не далі дагледзець транспартныя сродкі. Было выклікана падмацаваньне. Адбылася сутычка. Паводле намесьніка міністра, тры супрацоўнікі спэцслужбаў шпіталізаваныя. Выяўленыя ў мікрааўтобусах газавыя балёнчыкі, іншыя небясьпечныя прадметы. Намесьнік міністра ў сваёй прамове спаслаўся на досьвед 2008 году, калі адбыўся выбух на сьвяце Незалежнасьці ў Менску.

Жывая трансьляцыя з акцыі (уключаецца пэрыядычна)

21. 22 З ЦВК перадае Уладзімер Глод: "Першы намесьнік кіраўніка МУС зрабіў у ЦВК заяву, што каля 19 гадзін ў МУС паступіла паведамленьне, што перасоўваюцца 2 рафікі, і ў іх вязуць зброю і іншыя рэчы. Калі супрацоўнікі спэцслужбаў спынілі рафікі, людзі адмовіліся ад дасмотру і разьбегліся. Міліцыянты знайшлі ў рафіках арматуру і рэчы, якімі можна нанесьці пашкоджаньні людзям. На пытаньні журналістаў прадстаўнік МУС не адказваў".



21.21 ОНТ: Някляеў атрымаў лёгкія траўмы.

21.20 Маніфэстанты дайшлі да плошчы Незалежнасьці.

21.17 З будынка КДБ дэманстранты сарвалі чырвона-зялёныя сьцягі і ўставілі на іх месца бел-чырвона-белыя.

21.15 На тэлеканале ОНТ у праграме "Контуры" ў жывым эфіры вядучы Аверкаў перадаў, што спэцслужбы атрымалі інфармацыю, што ў двух аўтобусах знаходзяцца выбуховыя рэчывы і прыстасаваньні. Пры спробе праверыць аўтобусы натоўп іх акружыў і накінуўся на супрацоўнікаў спэцслужбаў. Некалькі чалавек атрымалі пашкоджаньні.

21.10 Перадае Валер Каліноўскі. "Людзі, якая сабраліся на плошчы( 5-8 тысячаў чалавек), занялі праспэкт Незалежнасьці. Ім не далі прайсьці ў бок Адміністрацыі прэзыдэнта. “Мы ідзем ў госьці да Лукашэнкі, ідзем разьмяць ногі”, гавораць людзі. На гэты момант людзі ідуць па праспэкце ў бок Дому ураду. Захапілі і праездную частку і ходнікі. Міліцыя не перашкаджае руху людзей. Інфармацыя перадаецца з вуснаў у вусны. Не выключана, што так і было арганізавана".





21.05 Людзі пакінулі Плошчу і калёнай рушылі па праспэкту Незалежнасьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Павярнуць на вуліцу Энгельса, да рэзыдэнцыі прэзыдэнта, як заклікаў Мікола Статкевіч, не змаглі, бо яе перакрылі супрацоўнікі ДАІ. Людзі запоўнілі ўсю праезную частку праспэкту. Аўтамабільны рух паралізаваны.



20.55 Перадае Аляксандар Лукашук:



"На плошчы ідзе мітынг. Дзясяткі сьцягоў, шчыльна стаяць людзі, моладзь. Абвешчана пра стварэньне новага народнага руху за новыя свабодныя выбары, за сяброў новага ўрааду.прапанавана ўключыць ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта. Крычаць “Жыве Беларусь”. Цяжка рухацца, шмат людзей. Адчуваньне, як і на плошчы 2006 году. На вуліцы Мінус 10, высокая вільготнасьць. Закрыта мэтро, цягнікі не спыняюцца. Гучна з праспэкту грае расейская музыка. На прыступках палацу прафсаюзаў выступаюць кандыдаты Статкевіч, Саньнікаў. Плошча цалкам не запоўненая з-за розных канструкцый. Міліцыянт не захацеў ацэньваць колькасьць прысутных.Хлопцы палезьлі на дах кіёскаў, якімі акружаная плошча. Зьверху электрычныя правады. На плошчы міліцыянты праводзяць сябе стрымана".






20.50 Ярмошына: Нашай віны ў зьбіцьці Някляева няма

20.50 Гутарка Юрыя Дракахруста з Андрэеем Дынько на Кастрычніцкай плошчы

20.40 Мітынг працягваецца. Вось асноўныя тэзы выступоўцаў.

Саньнікаў: “Мы не дазволім узурпатару захаваць уладу“

Кастусёў: “Толькі разам пераможам!“

Андрэй Дзьмітрыеў ад імя Някляева: “Можна зламаць руку, але нельга зламаць волю да перамогі!“


Рымашэўскі запатрабаваў, каб на Плошчу прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Рымашэўскі таксама паведаміў пра стварэньне Народнай рады, у якую ўвойдуць альтэрнатыўныя кандыдаты, як сёлетнія, так і мінулых выбараў. Рада будзе своеасаблівым альтэрнатыўным урадам.

Віталь Рымашэўскі


Невядомыя на даху Палаца Рэспублікі

Статкевіч cказаў, што незалежныя экзыт-полы далі Лукашэнку толькі 37 працэнтаў галасоў.

Мікола Статкевіч

«На Плошчы людзей сярэдне (увесь пэрымэтар, які не на катку, заняты). Прывезьлі і ўключылі апаратуру, выступілі пару лідэраў, але музыкі яшчэ няма. Настрой у людзей даволі баявы. Працуюць платныя біяпрыбіральні» (з Плошчы праз facebook)


20.27
Валер Каліноўскі перадае, што прыхільнікі Някляева прыйшлі на Плошчу.



Лекары шпіталізавалі Някляева з падазрэньнем на чэрапна-мазгавую траўму 2 ступені і страсеньне мозгу. На твары Андрэя Дзьмітрыева сьляды пабояў, ён на Плошчы. Музыка на плошчы. Катаюцца на катку.



20.25
На прыступках Палаца прафсаюзаў сабраліся кандыдаты на прэзыдэнта. Яны абмяркоўваюць, што рабіць далей? Павал Севярынец запытаўся ў людзей, хто лічыць выбары несапраўднымі? Усе паднялі рукі.

20.20
У аблозе штаб-кватэра кампаніі «Гавары праўду!». На пад’езьдзе да офісу спыненыя машына з актывістам кампаніі Сяргеем Вазьняком. Ёсьць падазрэньне, што Вазьняка заблякавалі тыя ж людзі, якія зьбівалі калёну прыхільнікаў Уладзімера Някляева.

20.15 Уладзімер Някляеў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай
Cтан Някляева быў настолькі цяжкі, што хуткая спынілася і хвілін 15 яму аказвалі тэрміновую дапамогу ў машыне.






20.10
Кастрычніцкая плошча паступова запаўняецца людзьмі. На прыступках палацу прафсаюзаў выступіў Віталь Рымашэўскі, які апавёў, што моцна зьбіты кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Побач з Рымашэўскім — Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Андрэй Саньнікаў. Апошні сказаў: «Вы бачыце, якія прайшлі выбары. Лукашэнка зноў захапіў уладу. Не дапусьцім зьдзеку з нашай краіны!».

Калёна зь некалькіх дзясяткаў чалавек, прыхільнікаў Уладзімера Някляева, рушыла ад Нямігі ў бок Кастрычніцкай плошчы. Гукаўзмацняльная апаратура канфіскаваная. Калёну суправаджае аўтамабіль пасольства Швэцыі.



20.05 Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева, заклікаў прыхільнікаў жорстка зьбітага кандыдата ў прэзыдэнты сабрацца і прайсьці шлях да Кастрычніцкай плошчы. Гадзіну таму група з паўсотні чалавек зьдзейсьніла напад на калёну, у якой рушылі Ўладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч, і пачала брутальна зьбіваць удзельнікаў шэсьця. Някляў старціў прытомнасьць і цяпер шпіталізаваны.


На плошчу прыйшла калёна Рымашэўскага. Далучыліся прыхільнікі Раманчука.

На выхадзе з офісу кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева невядомымі ў чорным была жорстка зьбітая група беларускіх і замежных журналістаў, у некаторых зь якіх таксама канфіскавалі фота- ды іншую тэхніку. Сярод пацярпелых: Андрэй Лянкевіч, Джэймс Хілл (New York Times), Юлія Дарашкевіч.

Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева, заклікаў прыхільнікаў жорстка зьбітага кандыдата ў прэзыдэнты сабрацца і прайсьці шлях да Кастрычніцкай плошчы. Гадзіну таму група з паўсотні чалавек учыніла напад на калёну, у якой рушылі Ўладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч, і пачала брутальна зьбіваць удзельнікаў шэсьця. Някляеў страціў прытомнасьць і цяпер шпіталізаваны.

20.00 З плошчы перадае Аляксандар Лукашук:
"На плошчы няма ўзмацняльнай апаратуры, няма магчымасьці абвесьціць пра тое, што адбылося з паплечнікамі Някляева. Цяпер тут каля 5 тысячаў чалавек знаходзіцца. Даходзіць калёна Рымашэўскага. На катку працягваецца катаньне людзей. Узьняліся бел-чырвона-белыя сьцягі".



19.55
З боку дзяржцырку дзясяткі людзей ідуць у бок Кастрычніцкай плошчы. Шмат моладзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Міліцыянты правяраюць заплечнікі. На плошчы зьявіліся Рыгор Кастусёў і Аляксандар Мілінкевіч. Іх акружылі людзі. Кастусёў паведаміў, што калёны рухаюцца на плошчу з розных канцоў гораду. На плошчы зьявіліся першыя сьцягі.

19.50
Някляева вынесьлі з офісу на насілках. Яго увозіць хуткая дапамога. Яго левая частка твару ўся ў сіняках і падцёках. Ён у прытомнасьці. Людзі ля офісу суправаджалі яго воплескамі і воклічамі «Жыве Беларусь!».

19.45 Калёна Рымашэўскага рушыць на праспэкт Незалежнасьці

Калёна прыхільнікаў Віталя Рымашэўскага вуліцамі Кірава і Сьвярдлова рушыла на праспэкт Незалежнасьці. Іх прыкладна дзьве тысячы чалавек. На мітынгу і ў часе руху адбываюцца правакацыі. У натоўп укліньваюцца п’яныя асобы, аднак міліцыя адмаўляецца іх затрымліваць.



Віталь Рымашэўскі










19.45 Перадае Галіна Абакунчык





19.30 Невядомыя ў чорным зьбілі някляеўцаў.

19.25 Калёну [Някляева, якая ідзе на Плошчу ад Нямігі] правакуюць.
Білі Някляева, зламалі апаратуру. Узрываюць пэтарды, каб разагнаць калёну.
(twitter, карыстальнік pravda_by)


19.20 Рэгіянальным дэмакратычным актывістам не даюць магчымасьці трапіць у Менск.
Па словах Васіля Клімовіча, прадстаўніка руху "За Свабоду" у Мастоўскім раёне, некалькі мясцовых актывістаў руху заблякаваныя на выезьдзе з гораду.


19.15 Ля чыгуначнага вакзалу — мітынг прыхільнікаў Рымашэўскага




19.05 Рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы.



Плошчу застаўляюць турнікетамі


19.00 Беларусь у інфармацыйнай аблозе


18.50 Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук паведамляе з Плошчы пра тры незвычайныя рэчы:
надалей каля 100 чалавек катаюцца на катку, з дынамікаў вакол плошчы гучна грае расейская народная музыка, надзвычайна густы рух па праспэкце.




18.40 Беларусь у інфармацыйнай аблозе

18.30 Дзьмітры Вус: "Я іду на Плошчу, каб штосьці зьмяніць"


18.05. Рэпартаж Валера Каліноўскага




Ля плошчы танк, побач зь ім два аўтазакі. Вакол плошчы некалькі дзясяткаў аўтазакаў, аўтубосы са спэцназаўцамі, эвакуатары. Міліцыя эвакуіруе аўтамабілі са стаянкі.

18.00 Палац рэспублікі абгароджваюць турнікетамі.

Спэцназ міліцыі агараджвае Палац рэспублікі



17.00 У раён Кастрычніцкай плошчы сьцягнутыя ўзмоцненыя сілы міліцыі.

Аўтазакі ля Адміністрацыі прэзыдэнта







15.37 Міліцыя: Дашкевіч затрыманы за бойку

Лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча вінавацяць у збройным нападзе. На сайце Гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў Менску зьявілася паведамленьне, у якім сьцьвярджаецца, што Дашкевіч быў затрыманы ў суботу за ўдзел у бойцы.

15.12 Віцебск: кіраўніка суполкі “Маладая Беларусь” вартуе міліцыя

13.44 Берасьце: затрымліваюць у горадзе і на выезьдзе

13.00 Кандыдаты прыйдуць да Генпракуратуры патрабаваць вызваленьня Дашкевіча

12.40 Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Міёрах 5 сяброў штабу Віталя Рымашэўскага разам з кіраўніком штабу Балеславам Мацуком.


Міліцыянты патлумачылі, што прычынай затрыманьня стала праверка сапраўднасьці дакумэнтаў. Але спачатку міліцыянты затрымалі машыну і толькі пасьля прыдумалі прычыну. Цяпер усе знаходзяцца ў міліцыі Міёраў.

Затрыманыя накіроўваліся ў Менск.

12.30
“Не перажывайце. Нікога сёньня на плошчы ня будзе”. Гэтак заявіў Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні карэспандэнтаў на выбарчым участку пасьля галасаваньня.

12.25 Дзяжурны КДБ Краянаў паведаміў жанчынам, што супрацоўнікі КДБ не затрымлівалі Зьмітра Дашкевіча і параіў зьвярнуцца да міліцыянтаў.

12.00 Маці актывістаў "Маладога Фронту" прыйшлі ў КДБ

Маці актывістаў "Маладога Фронту" сабраліся каля помніку Фэліксу Дзяржынскаму насупраць будынка КДБ. Яны вырашылі наведаць дзяжурнага КДБ і дамагчыся адказу на пытаньне, дзе знаходзіцца Зьміцер Дашкевіч.

11.45 Людзей не пускаюць на Менск

Магілёўскі актывіст грамадзкай кампаніі "Гавары праўду" Ігар Каваленка паведаміў "Свабодзе", што сёньня ноччу невядомыя прабілі па чатыры колы ў чатырох прыватных легкавых аўтамабіляў, уладальнікі якіх актыўна дапамагалі ў агітацыйнай кампаніі рэгіянальнаму штабу кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляеву.

10.45 У Наваполацку на вакзале затрыманы Яўген Парчынскі, давераная асоба Міколы Статкевіча.


Парчынскі зьбіраўся ехаць у Менск.

10.30 Кастусёў не выключае сілавога варыянту разьвіцьця падзеяў на плошчы

Кандыдат на прэзыдэнты Беларусі ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў падкрэсьлівае мірны характар заплянаванай на 19 сьнежня акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, але не выключае сілавога разьвіцьця падзеяў.

"Калі ўлады ўжывуць сілавыя мэтады барацьбы, мы будзем рэагаваць адэкватна", - заявіў Кастусёў журналістам на выбарчым участку пасьля таго, як прагаласаваў за самога сябе.


9.55 Затрыманы кіраўнік выбарчага штабу Рымашэўскага па Гомельшчыне Юры Клімовіч

Клімовіча затрымалі на вуліцы, кінулі ў машыну і адвезьлі спачатку ў міліцыю, а пасьля ў сьледчы ізалятар. Міліцыянты зьвінавацілі яго ў нецэнзурнай лаянцы. Юры Клімовіч зьбіраўся ехаць у Менск, каб узяць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Да суду яго будуць трымаць у ізалятары.


9.30 Гомель: затрыманы Юры Захаранка

Міліцыя затрымала грамадзкага актывіста Юрыя Захаранку, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

“5.30 раніцы Юры выправіўся на чыгуначны вакзал, каб ехаць у Менск. Аднак а 9-й гадзіне ён патэлефанаваў з мабільніка і сказаў, што міліцыя вязе яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Больш ніякай інфармацыі – і тэлефон адключыўся. Я сама спрабавала тэлефанаваць яму, але апэратар сотавай сувязі адказваў:“Часова недасяжны”, - паведаміла жонка спадара Захаранкі Ніна.


Калі вы самі маеце паведаміць ці паказаць нешта важнае, зьвязанае з Плошчай, дасылайце інфармацыю, фота і відэа на адрас
rferl.minsk@gmail.com




Глядзець вялікую мапу


Назіральнікам заблякавалі тэлефонную сувязь
Апазыцыйны палітык Алена Скрыган паведаміла "Свабодзе", што ўвечары ў суботу былі адключаныя ўваходзячыя званкі на офісны тэлефон партыі “Справядлівы сьвет” у Менску.

Пачаліся аблавы
Супрацоўнікі міліцыі пайшлі па кватэрах актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху ў Менску і ў рэгіёнах.

Затрыманыя актывісты расейскай “Обороны” і “Маладога фронту”
Супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру, якую арандуе лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Там знаходзіліся двое грамадзянаў Расеі і двое – Беларусі. Міліцыянты затрымалі траіх – актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Ясевіча і двух актывістаў антыфашысцкай моладзевай арганізацыі “Оборона” і журналістаў часопісу “Национальный контроль” Зьмітра Іванова і Максіма Пятровіча.

Рымашэўскі: мы дамовіліся, што на плошчы будзе супольны штаб
Кандыдат у прэзыдэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі на сваёй прэс-канфэрэнцыі даў ацэнку дзеяньням праваахоўных органаў, якія мелі на мэце "ціск і запужваньне сяброў яго каманды".

Някляеў і Саньнікаў: Гвалт 19-га сьнежня можа быць толькі з боку ўлады
За дзень да асноўнага дня галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі два апазыцыйныя кандыдаты Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў разам заявілі, што вольных выбараў у краіне няма і заклікалі суграмадзян 19 сьнежня ісьці на Кастрычніцкую плошчу Менска пратэставаць.

МУС і КДБ прынялі сумесную заяву напярэдадні выбараў
У заяве адзначаецца, што ўзровень гатовасьці МУС і КДБ дазваляе безумоўна выканаць задачу па захаваньні грамадзка-палітычнай стабільнасьці і правапарадку ў краіне.

КДБ Беларусі: у 2006 — пра дохлых пацукоў, у 2010 — пра мэталічныя штыры
Паводле старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, «некаторыя прадстаўнікі апазыцыі спрабавалі закупіць электрашокеры, пэтарды, газавыя балёнчыкі, мэталічныя штыры ды іншыя небясьпечныя рэчы».

Статкевіч зьвярнуўся да афіцэраў
Кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч у сваім відэазвароце заклікаў вайскоўцаў і афіцэраў сілавых структур захаваць гонар і ня даць уцягнуць сябе ў злачынствы.

«Былі б выбары справядлівыя, ніводзін чалавек не пайшоў бы мітынгаваць»
Слухачы Свабоды абмяркоўваюць працэдуру датэрміновага галасаваньня, а таксама дзеляцца сваімі парадамі, як правесьці акцыю на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня, калі сама плошча цалкам залітая пад каток.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG