Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: мы дамовіліся, што на плошчы будзе супольны штаб


Віталь Рымашэўскі на прэс-канфэрэнцыі

Віталь Рымашэўскі на прэс-канфэрэнцыі

Кандыдат у прэзыдэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі на сваёй прэс-канфэрэнцыі даў ацэнку дзеяньням праваахоўных органаў, якія мелі на мэце "ціск і запужваньне сяброў яго каманды".

Ён распавёў як напярэдадні аўтамабілі яго давераных асобаў з агітацыйнай прадукцыяй былі заблякаваны цягам амаль чатырох гадзінаў супрацоўнікамі міліцыі. Рымашэўскі адзначыў, што гэтыя дзеяньні будуць абскарджаныя ў пракуратуры, бо былі ўчынены перашкоды яго агітацыйнай кампаніі.

"Гэта сьведчыць пра тое, што выбараў у нас няма.У краіне прававое бязьмежжа. Няма законнай улады, у краіне ёсьць узурпацыя. Рыхтуецца масавая фальсыфікацыя выбараў. Ніякіх свабодных выбараў ужо няма і быць ня можа. Яны падрыхтаваны да таго, каб нас зьнішчаць, на рэпрэсіі прынамсі да лідэраў. На гэта можа быць адказ толькі адзін – гэта плошча. Гэта арганізацыя ўсіх сумленных, мужных людзей. Я перакананы, што яны не адважацца на масавыя рэпрэсіі. Хутчэй за ўсё заўтра масавага разгону ня будзе. Гэта ўлада будзе спрабаваць ціха зьнішчаць сваіх палітычных апанэнтаў. Таму я заклікаю ўсіх да яднаньня, да плошчы".

Ён адзначыў, што яго штаб 19 сьнежня будзе рухацца ад чыгуначнага вакзалу да Кастрычніцкай плошчы.

Паводле Віталя Рымашэўскага, асноўны лёзунг плошчы "Мы – адзін народ".

"Я задаволены ўзроўнем кансалідацыі дэмакратычных кандыдатаў, бо мы дамовіліся, што на плошчы будзе супольны штаб, супольная трыбуна і каардынацыя дзеяньняў. Частка кандыдатаў пойдзе на плошчу разам. Там мы сустрэнемся і будзем вырашаць, у залежнасьці ад колькасьці людзей, куды кіраваць дэманстрантаў, які вылучаць патрабаваньні да ўлады. Дзеяньні будуць супольнымі, арганізаванымі і скаардынаванымі".

Рымашэўскі сказаў, што дэманстранты ня будуць дапускаць ніякага сілавога супрацьстаяньня зь міліцыяй на плошчы, правакацыі і вандалізму.

"Правакацыі магчымыя толькі з боку пераапранутых супрацоўнікаў спэцслужбаў".

Адносна лёзунгу "За новыя выбары без Лукашэнкі", Рымашэўскі сказаў, што падпісваў аналягічную заяву, і гэта адна з мэтаў, як і нацыянальны страйк, у выпадку фальсыфікацыі выбараў, якая ўжо становіцца відавочнай. Маўляў, усё будзе залежаць ад таго, колькі людзей прыйдзе на плошчу 19 сьнежня.

Рымашэўскі адзначыў, што ўжо не разглядае магчымасьці зьняцьця ўсіх кандыдатаў з выбараў, як да гэтага заклікае старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

"Я ў прынцыпе, ня супраць зьняцца, калі б усе кандыдаты пагадзіліся. А другое, каб мы пасьпелі распавесьці людзям, чаму мы гэта робім. Ні ў аднаго кандыдата, ні ва ўсіх разам, няма такіх магчымасьцяў, каб данесьці да людзей інфармацыю, ня толькі за адзін дзень, а нават за тыдзень, да ўсіх выбарцаў, якія падрыхтаваліся за нас галасаваць, чаму мы здымаемся. У такой сытуацыі людзі, які прыйдуць за нас галасаваць, адчуюць сябе падманутымі. Тут позна ўжо пра гэта казаць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG