Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі сотняў затрыманых, некалькі дзясяткаў зьбітых, у тым ліку журналістаў, начныя пагромы ў офісах грамадзкіх арганізацый і затрыманьні прадстаўнікоў дэмакратычнага руху дома – вынік мірнай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Улады задзейнічалі супраць дэманстрантаў міліцыю, спэцназ і ўнутраныя войскі. Затрыманьні доўжыліся да 4 раніцы. Журналістка Любоў Лунёва была сьведкай падзей, якія адбываліся ў Менску.

– Любоў, вядома дакладная лічба затрыманых учора падчас так званай зачысткі?

– Вядома, што агульная колькасьць дакладна пераваліла за дзьве сотні чалавек. Спачатку людзей затрымлівалі на самой плошчы Незалежнасьці. Людзей зьбівалі дубінкамі, жанчын, мужчын і непаўналетніх білі па галовах, тварах дубінкамі да крыві. Тых, хто не мог ісьці самастойна, да аўтобусаў цягнулі за рукі ці нават за ногі. Віталя Рымашэўскага з пабітай галавой паплечнікі завезьлі ў шпіталь, але адтуль яго, як і Някляева забралі на допыт. Улады аддалі загад разьбіваць натоўп, а гэта па падліках розных журналістаў (у тым ліку) замежных каля 20 тыс. чалавек, на дробныя групы і закідваць іх у аўтобусы і аўтазакі. Дзьверы гатэля “Мінск”, у якім жылі міжнародныя назіральнікі, спэцназаўцы зачынілі і журналісты бачылі ў тамбуры амбасадараў і прадстаўнікоў дыпляматычных місій. Ім не давалі магчымасьці выйсьці на вуліцу і туды нікога не пускалі. Гэтая зачыстка доўжылася да 1 ночы. Пазьней спэцназаўцы наведалі кватэры вядомых лідэраў дэмакратычнага руху. У 2 гадзіны ночы з кватэры літаральна на руках вынесьлі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку. На кватэру Насты Палажанкі прыйшлі а палове на чацьвёртую ночы. Наста папрасіла не ламаць дзьверы і даць ёй магчымасьць апрануцца. Яна пасьпела мне сказаць праз паўгадзіны, што яе вязуць у КДБ. Амаль адначасова спэцназаўцы ўварваліся ў офіс “Вясны” і забралі адтуль 9 чалавек. Усіх даставілі ў Першамайскі аддзел міліцыі. Пад дзьвярыма офісу БХД таксама сабраліся некалькі спэцназаўцаў. А 5 раніцы ім не ўдалося ўвайсьці ў памяшканьне. Цяпер сувязь з тымі, хто там знаходзіўся, адсутнічае. Так што можна зрабіць выснову, што іх таксама ўжо затрымалі.

– Ці ёсьць нейкія зьвесткі наконт таго, чым выкліканыя гэтыя начныя затрыманьні? Чаму са шпіталя забралі Ўладзімера Някляева, калі яго зьбілі яшчэ да пачатку акцыі?

– Падобна на тое, што ўчора яшчэ днём была каманда на новыя крымінальныя справы супраць лідэраў апазыцыі. Пра гэта ўскосна сьведчыць справа лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Яго затрымалі спэцназаўцы за дзень да плошчы і суткі не казалі, дзе хлопец знаходзіцца. А потым высьветлілася, што яго абвінавачваюць у тым, што ён нібыта так зьбіў нейкага чалавека, што той знаходзіцца ледзь не пры сьмерці ў шпіталі. Наста Палажанка выступала з кароткай прамовай на мітынгу. Яе павезьлі на допыт у КДБ. Зразумела, што не дзеля таго, каб скласьці адміністрацыйны пратакол.

– Даволі шмат людзей трапілі за краты. Ім не было куды адступаць? Іх блякавалі?

– Справа ў тым, што людзі не імкнуліся разыходзіцца. Нават, калі яны бачылі, як брутальна затрымліваюць іншых удзельнікаў акцыі, людзі скандавалі: “Сыходзь!”, “Самазванцу – не!”, “Выбары без Лукашэнкі!”. Не было такога страху, а было нейкае агульнае абурэньне. Сьмех таксама дапамагаў людзям трымацца. Напрыклад, у самы пік супрацьстаяньня спэцназаўцы раптам атрымалі загад вярнуцца да аўтазакаў. Людзі пачалі пляскаць у далоні, крычаць :”Міліцыя з народам!”. Але раптам спэцназаўцы разьвярнуліся і пачалі калёнай крочыць на натоўп. І тады гучна пачулася: “Не, міліцыя пакуль з уродам”. І ўсе пачалі рагатаць. Журналісты бачылі, як некаторыя супрацоўнікі ДАІ, якія былі ў атачэньні, таксама засьмяяліся. Усё дакумэнтавалася на шматлікія камэры. Мяне ўразіў у падземным пераходзе на перакрыжаваньні праспэкта і вуліцы Сьвярдлова натоўп прыкладна з 30 чалавек з маленькімі камэрамі, якімі працуюць міліцыянты і супрацоўнікі КДБ. Яны атрымлівалі нейкі інструктаж. А наверсе ж таксама працавалі іх калегі.

– Дзе знаходзяцца зараз затрыманыя? У якія суды іх прывязуць?

– Частку людзей прывезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну. Там сярод затрыманых былі моцна зьбітыя людзі. Адзін чалавек хворы на гемафілію меў сур’ёзную рану на назе. Былі людзі з пераломамі рук і ног. Дарэчы тых, хто моцна зьбіты, потым адпускалі. Мне недзе гадзіну таму патэлефанавалі некалькі чалавек і сказалі пра гэта. Яшчэ частка затрыманых, разам з Паўлам Севярынцам знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну. Пра тых, хто ў Першамайскай міліцыі я ўжо казала. У турме на вуліцы Акрэсьціна большасьць затрыманых. Там два будынкі – спэцпрыёмнік і ізалятар часовага ўтрыманьня. Мікалай Статкевіч тэлефанаваў адтуль амаль праз дзьве гадзіны пасьля затрыманьня і казаў, што ўсіх яшчэ нават не вывялі з аўтазакаў. Так што сёньня людзей будуць развозіць па судах і зноў мы пабачым вялізныя чэргі з перадачамі каля турмы. Дарэчы, трэба зазначыць, што ў цяперашнюю выбарчую кампанію большасьць людзей, якія выйшлі на плошчу, абсалютна невядомая. Невядомыя твары былі паўсюды. Людзі знаёміліся адзін з адным падчас акцыі. Мяне асабліва ўразіла карціна, калі недзе ў 19.50 людзі шлі з Нямігі і праспэктам амаль калёнамі. Адны моўчкі, іншыя запытвалі адзін у аднаго ці вядома як там і г.д. Таму нам цяжка зараз даведацца прозьвішчы ўсіх затрыманых.

– Калі параўнаць акцыю падчас мінулай выбарчай кампаніі і цяперашнюю, то ёсьць нейкае адрозьненьне ў настроі людзей, ці можа зьмясьціліся акцэнты?

– Мне падаецца, усе заўважылі, што, калі раней большасьць лёзунгаў былі ськіраваныя на аб’яднаньне з Эўропай, то цяпер гучала: “Мы гаспадары сваёй краіны. Мы самі павінны будаваць сваю будучыню. Ніхто нам не дапаможа і за нас гэтага ня зробіць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG