Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску жорстка разагнаная міліцэйскім спэцназам. Дзесяткі чалавек былі зьбітыя, шпіталізаваныя, затрыманыя і зараз знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Сярод затрыманых пяцёра кандыдатаў на прэзыдэнта: Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі.

На Кастрычніцкую плошчу Менску кандыдаты на прэзыдэнта разам са сваімі паплечнікамі і прыхільнікамі ішлі з розных канцоў горада: плошчы Свабоды, Дзяржаўнага цырку, Прывакзальнай плошчы. Кастрычніцкая сустракала іх лядовым катком і расейскай папсой, якая дамінавала над усёй плошчай. Кандыдаты на прэзыдэнта некаторы час ня мелі магчымасьці прамаўляць да сваіх прыхільнікаў, бо гадзінаю раней гукаўзмацняльную апаратуру адабралі яшчэ ў аднаго кандыдата Ўладзімера Някляева, якога нападнікі ў масках жорстка зьбілі. Калі давезьлі іншую тэхніку Віталь Рымашэўскі зьвярнуўся да прысутных:

"Кожны, хто сёньня выйшаў на гэтую плошчу, ён перамог ня толькі свой страх, але і страх тых людзей, якія пакуль застаюцца дома. Мы перамаглі ня толькі страх, але і тую хлусьню, якой нас паліваюць праз БТ. Мы перамаглі бязьверье і заявы, што, маўляў, няма за што змагацца: нам ёсьць за што змагацца – за Свабоду".

Узяўшы слова, Мікола Статкевіч заявіў наступнае:

"Шаноўныя сябры, прыйшлі вынікі незалежнага экзыт-полу: Лукашэнка набраў 30,5% галасоў. Я думаю, што зараз трэба пайсьці і папрасіць яго вызваліць тое памяшканьне. Хто за гэта? Рухаемся наперад. "

Неўзабаве шматтысячная калёна перакрыла рух на праспэкце Незалежнасьці і накіравалася да Дому ўраду. На плошчы Незалежнасьці на помніку Леніна актывісты ўсталявалі гукаўзмацняльную апаратуру праз якую кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў зачытаў рэзалюцыю Народнага сходу: аб непрызнаньні вынікаў галасаваньня і аб правядзеньні новых выбараў без Лукашэнкі. Кандыдаты таксама заклікалі сілавікоў і ўрадоўцаў прыйсьці і распачаць перамовы, у тым ліку аб вызваленьні палітзьняволеных. Але неўзабаве частка прысутных рушыла да Дому ўраду, дзе пачала біць уваходныя дзьверы ў будынак. Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў адбытае гэтак:

"Зараз правакатары і п'яныя выбіваюць шкло. Я лічу, што гэта абсалютна бязглуздая і непатрэбная акцыя: дом набіты міліцыяй. І мы зараз паспрабуем гэта спыніць".

Калі дзьверы былі разьбітыя, перад уваходам у Дом ураду вышыхтаваліся дзесяткі АМАПаўцаў. Затым яны ачапілі людзей, што заставаліся каля Дому ўраду і пачалі іх жорстка зьбіваць ды заштурхоўваць у аўтазакі. Тых, хто былі зьбітыя нагамі і дубінкамі, забіралі машыны хуткай дапамогі. Гутару зь лекарам:

Карэспандэнтка: "Колькі ў вас людзей і што зь імі?"

"Траўмы галавы. У мяне трое чалавек. Ёсьць мужчыны і жанчыны".

На плошчы Незалежнасьці былі таксама зьбітыя і затрыманыя Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі. Уладзімера Някляева невядомыя выкралі са шпіталю, куды яго зьмясьцілі пасьля зьбіцьця і вывезьлі ў невядомым накірунку ўжо ноччу. Што пра разгон акцыі кажуць яе ўдзельнікі, цікаўлюся ў людзей, якім удалося пазьбегнуць сутычак са спэцназам:

Спадарыня:"АМОНу, пэўна з усё краіны нагналі і гэта дэмакратыя? Гэта дыктатура, але яна канае".

Спадарыня: "Я бачыла толькі тое, што ў нас гаспадар у краіне – чалавек у ботах і з дубінкай – вось гэта сапраўдны паважаны гаспадар у краіне".

Спадарыня: "Моладзь асабліва зьбівалі".

Спадарыня: "А колькі старых пабілі! Каля Чырвонага касьцёла гэтулькі старых пабілі".

Карэспандэнтка: "Ці вы тут былі, усё бачылі і што можаце пра гэта сказаць".

Спадарыня: "Так, была і бачыла – хочацца толькі плакаць".

Арганізатары "Плошчы 2010" да свайго арышту заявілі, што акцыя будзе бестэрміновай і заклікалі ўсіх прыйсьці на плошчу Незалежнасьці ў панядзелак 20 сьнежня а 18-й гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG