Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Марціновіч

панядзелак 23 кастрычнік 2017

Царкву «Новае жыцьцё» павінны былі выдаліць з будынку 5 сьнежня. Чакалі зьяўленьня АМАПу, эмацыйнага супрацьстаяньня вернікаў Хрыстовых і прадстаўнікоў рэжыму. 28 лістапада «Новае жыцьцё» распачало кругласутачныя маленьні ў абарону будынка і вось, 4 сьнежня, акурат напярэдадні дэдлайну, які быў адпушчаны дзяржавай на вызваленьне памяшканьняў, улады здалі назад. ЖРЭА адмовілася ад прэтэнзіяў, а судовая выканаўца, якая паведаміла вернікам пра добрую навіну, асабліва адзначыла той «розгалас», які ў Інтэрнэце атрымала справа пра прымусовае высяленьне царквы. А што вы хацелі, сябры?

Вернікі ўпэўненыя, што адбыўся Божы цуд і гэта сапраўды выглядае паўнавартасным Божым цудам. Але беларуская палітыка — тэрыторыя, дзе звычайна дзейнічаюць цуды іншага характару і, — я нават сказаў бы, — цуды зь іншага боку. Да таго ж, Божых цудаў апошнім часам вельмі шмат пачало адбывацца: акурат на мінулым тыдні мы разьбіралі іншы цуд, які палягаў у тым, што Мінкульт прыпыніў будаўніцтва сумнеўнага аб’екту, які таксама выклікаў вялікі «розгалас» у Інтэрнэце. Дык што адбываецца?

1.Вельмі хочацца пабачыць у гэтым цудзе першую ластаўку немінучай (і, рызыкую прадказаць — хуткабежнай) лібэралізацыі. Бо грошаў у дзяржавы няма, мізэрны транш стабкрэдыту ЭўразЭС сытуацыю са зьнешняй запазычанасьцю наступнага году не вырашыць. А таму трэба спыняць лютаваць і пачынаць залагоджваць. У першую чаргу — Эўропу. І першыя ластаўкі зьмяненьня характару стасункаў з ЭС мы ўжо бачым — вядуцца шматлікія перамовы з амбасадарамі, прадстаўнікамі выканаўчых структур ЭЗ. І высяленьне царквы з будынку — відавочнае парушэньне права на свабоду веравызнаньня — тут проста не да часу.

АЛЕ!

Шмат якія фактары не дазваляюць успрыняць гэты цуд як праяву тэндэнцыі. Бо, пакідаючы «Новае жыцьцё» ў будынку, дзяржава пазбавіла памяшканьняў «Арт-Сядзібу». Калі б улады ўзялі курс на прадухіленьне нэгатыўных інфарматыўных нагодаў, не стваралі б яшчэ адну паралельна ды на роўным месцы.

2. Куды болей верагоднай прычынай прыпыненьня «прасаваньня» «Новага жыцьця» можа быць адсутнасьць палітычнага плёну ў дадзены канкрэтны момант. Праблемы ў «Новага жыцьця» заўсёды ўзьнікалі напярэдадні буйных палітычных кампаніяў, улада па-свойму рыхтавалася да іх, «нэўтралізуючы» (на яе думку) пратэстантаў, выключаючы іх з усіх магчымых пратэстных сцэнароў (бо чалавек, у якога ў падвешаным стане будынак, не пойдзе на перамовы з апазыцыйнымі кандыдатамі — лёгіка прыкладна такая). У 2005 годзе, калі абшчыну пазбавілі зямлі, ўлада рыхтавалася да выбараў 2006-га года. У 2009 годзе, калі царкву пазбавілі права ўласнасьці, мэтай была падрыхтоўка да кампаніі 2010-га года. Апошні раз пра праблемы ў «Новага жыцьця» мэдыі згадвалі ў ліпні 2010 года, калі царква атрымала штраф за «забруджваньне навакольнага асяродзьдзя». Праз 6 месяцаў у Менску мелася быць чарговая «элегантная перамога» самі ведаеце каго. Зараз ніякіх буйных кампаніяў не прадугледжваецца. У 2013 годзе не будзе ні прэзыдэнцкіх, ні парлямэнцкіх выбараў — усё астатняе не прынцыпова. Дык навошта чапаць пратэстантаў? Можна адкласьці да 2014-га.

3.Кожны раз, калі праблемы ўзьнікаюць у пратэстантаў, гэта павінна цешыць іншыя хрысьціянскія канфэсіі, якія ў імклівым распаўсюдзе пратэстантызму — асабліва ў заходніх рэгіёнах Беларусі — бачаць яўную пагрозу для ўласных пэрспэктыў. Адпаведна, калі праблемы ў пратэстантаў раптоўна зьнікаюць, гэта можа вельмі не спадабацца іншым хрысьціянскім канфэсіям, у тым ліку — тым, цэнтры якіх знаходзяцца на Ўсходзе. Што там кажуць? Пуцін не сустрэўся з Лукашэнкам на саміце ў Душанбэ? Як цікава! Высновы рабіце самі.

4.Дэфіцыт палітычнай волі — тое, што мы бачым усё часьцей у Беларусі. Калі нехта прымае балючае і жорсткае рашэньне, але на этапе яго рэалізацыі нізавыя адказныя асобы (тыя, якім дастанецца болей за ўсё шышак) проста баяцца рэалізаваць тое рашэньне. Ну вось, трэба выкінуць вернікаў з будынка. Нейкім канкрэтным выканаўцам трэба явіцца, зачытаць пастанову і пачаць апэрацыю. А як гэта зрабіць, калі ўвесь горад ведае аб «Новым жыцьці»? Як тое рабіць пасьля прачытаньня, напрыклад, вось гэтага допісу, у якім падрабязна распавядаецца пра Боскую Кару, якая спасьцігла тых, хто руйнаваў цэрквы? Чынавенства раптоўна зрабілася глыбокімі містыкамі. Усе раптам пачалі верыць у забабоны. А гэта значыць, што ідэалёгія болей, прабачце, не працуе.

5.Іншы бок «немэтазгоднасьці» крананьня «Новага жыцьця» менавіта цяпер, у дадзены момант часу, палягае ў моцы беларускіх вернікаў. Менавіта сярод асобаў, моцна веруючых у Бога, бачым прыклады сапраўднай адданасьці, гатоўнасьці да ахвяры, барацьбы без аглядкі. Такіх было і ёсьць шмат. У мінулым згадваецца найперш Ларыса Геніюш, у сучаснасьці — Павал Севярынец. Разумееце, вернік — гэта чалавек, які на допыце можа кінуць таму, хто яго дапытвае: а што ты са мной зробіш? Ты не маеш улады нават воласа майго з галавы выраніць! Аб гэтых словах Геніюш апокрыфы па беларускім сьвеце ходзяць дагэтуль, што, дарэчы, азначае, што сапраўдны подзьвіг ніколі не забываецца людзьмі. Дык вось, у выпадку «Новага жыцьця» бачым супольнасьць людзей, якія за свае правы, за свайго Хрыста і за сваю веру могуць маліцца ўдзень і ўначы трое сутак запар. Уяўляеце, што будзе, калі гэтыя людзі апынуцца не ў будынку на ўскрайку горада, а на цэнтральнай плошчы Менска? І пры гэтым — з-за іх веры — зь імі ані чорта (трапны выраз у дадзеным выпадку!) не зробіш? Шмат хто з назіральнікаў кажа пра тое, што ўсе скандалы апошніх часоў, зьяўленьне справы пра міліцэйскае свавольства, «спаленая вёска» на Віцебшчыне і гэтак далей (прыкладаў — шмат) — значна падвышаюць эмацыйны градус у грамадзтве, робячы верагодным стыхійны выхад энэргіі на вуліцы. Які можа адбыцца раптоўна і непрадказальна. І вернікі, пакрыўджаныя за сьвятую справу, могуць стацца дэтанатарам. А таму лепей пакінуць іх у Хрысьце — рабіць свае добрыя справы ціхенька і нябачна.
Віктар Марціновіч

Відавочна, што гэта трыюмф, прычым – рэдкі выпадак – трыюмф абсалютны.

Будаўніцтва самага спрэчнага архітэктурнага аб'екта пасьля «дома Чыжа» ў Траецкім, прыпыненае. Болей за тое, распачатая праверка з удзелам Генэральнай пракуратуры.

Яшчэ цікавей: праверка выявіла парушэньні. У «Бульбашъ-Холле» спрабавалі рэалізаваць традыцыйную схему, аб якой мы пісалі вось тут. Схема гэта – калі зацьвярджаецца адзін варыянт, прымальны для грамадзкасьці, а пасьля, ужо падчас рэалізацыі, праект зьмяняецца. Так рэканструявалі Купалаўскі. Так мелася адбыцца і ў Курапатах, дзе Мінкульт (як зараз высьветлілася), зацьвердзіў праект зь іншымі парамэтрамі і іншага прызначэньня. Але зараз выдадзены загад на спыненьне работ да прывядзеньня дакумэнтацыі ў адпаведнасьць усім нормам. Самае галоўнае: ужо нават у Мінкульце сьцьвярджаюць, што назвы «Бульбашъ-Холл» «ня будзе дакладна». Я не магу згадаць, калі ў мінулы раз дзякуючы грамадзкаму ўдзелу ў Менску ўдавалася спыніць буйны бізнэс-праект. А таму досьвед гісторыі з «Бульбашъ-Холлам» трэба аналізаваць і, па магчымасьці, распаўсюджваць яго на іншыя аб'екты. Глядзіш, можа давядзецца і вуліцу Быкава ў Менску займець.

1. Кампанія абароны Курапат ад «Бульбашъ-Холлу» складалася зь дзьвюх частак: зваротаў грамадзкасьці ў кіроўныя органы і падтрымкі ў Сеціве. Што да зваротаў, тут самым заўважным быў той, што калектыўна падпісалі ўдзельнікі круглага стала «Абаронім Курапаты». Але, мне падаецца, калі б барацьба з «Бульбашъ-Холлам» абмежавалася выключна гэтым зваротам, зь Мінкульту прыйшла б стандартная адпіска, аб чым заявіў і гісторык Ігар Кузьняцоў. Пашыраны адказ, распачатая праверка і прыпыненьне прац сталіся сюрпрызам у тым ліку для адмыслоўцаў, якія гэтым займаліся (і таму дакладна маглі прадказваць «стандартную» рэакцыю ўладаў). Зварот спрацаваў, «выбухнуў» з-за таго, што кампанія абароны Курапат атрымала моцную падтрымку ў Сеціве. Не было такога незалежнага мэдыя, якое б не напісала пра гэтую дзівацкую ініцыятыву і кожны такі артыкул спараджаў усё новыя эмацыйныя хвалі, так што ў сацыяльных сетках множыліся дэматыватары, кпіны і стыхійныя ініцыятывы на гэты конт. Не магу выключаць, што, паралельна з удзельнікамі круглага стала свае звароты напісалі чытачы незалежных сайтаў, так што ўстановы проста захлынуліся ў папяровых запытах, на якія трэба было адказваць.

Такім чынам, зварот стварыў прэцэдэнт, Сеціва не дало гэты прэцэдэнт праігнараваць. Усім, хто плянуе кампаніі па абароне архітэктурнай забудовы, трэба прадумваць мэдыйную падтрымку гэтых кампаніяў і вучыцца ў Ганны Шапуцькі.

2. Відавочна, што ўся супольная моц Сеціва, уся нянавісьць пакрыўджанай калектыўнай памяці нічога б не зрабілі, калі б пытаньне будаўніцтва «Бульбашъ-Холлу» было палітычным. Калі б замест скасаваньня плянаў на будаўніцтва забаўляльнага комплексу, тут вялася размова пра зьмены, напрыклад, у выбарчае заканадаўства. Сеціва які ўжо год віруе вакол таго, як у Беларусі адбываюцца выбары, установы закідваюцца тонамі папяровых запытаў і скаргаў. Эфэкт – нулявы.

Вуліца Быкава, помнік Караткевічу, годнае ушанаваньне памяці Ларысы Геніюш у Зэльве – усе гэтыя ініцыятывы маюць моцны палітычны мэсыдж, але патэнцыял іх рашэньня ў калідорах улады павялічваецца толькі тады, калі гэтыя праблемы перамяшчаюцца ў непалітычную плашчыню. Тым дурням, якія кажуць, што «вуліцы Быкава ў Менску не зьявілася з-за кампаніі «Гавары праўду», якая «палітызавала праблему», хочацца ўручную расплюшчыць вочы, бо «Гавары праўду» не палітызавала праблему, яна яе паставіла. Але далейшае пасьпяховае рашэньне праблемы, як паказвае выпадак у Курапатах – у спробе дыстанцыяваць ініцыятыву ад палітыкі (нават калі працай над ініцыятывай будзе займацца палітычная кампанія).

3. Людзі дасьведчаныя кажуць, што галоўнае ў Беларусі – не станавіцца на шляху «буйных інтарэсаў». Відавочна, што «Бульбашъ-Холл» быў не буйным інтарэсам, у адрозьненьне, напрыклад, ад плянаў ліквідацыі «Асмолаўкі» – атмасфэрнага куточка ў цэнтры Менску і дэвэлапэрскага засваеньня тэрыторыі буйнымі інвэстарамі. Але тэорыя публічнай палітыкі (і тэорыя груп інтарэсаў у прыватнасьці) вучыць нас, што інтарэс – гэта не канчатковая дадзенасьць, ягоную вагу можна карэктаваць. Той жа «дом Чыжа» на пэўных, самых пачатковых этапах, можна было заблякаваць рэпазыцыянаваньнем аб'екта зь «дзяржаўных», «стратэгічных» – у нішу «нахабства прыватнага бізнэсу» (тое, што адбылося на тыдні з адмовай дзяржавы выдаткаваць 4 мільярды на забесьпячэньне інфраструктуры «Калодзішчаў»: нехта, дзякуй Богу, растлумачыў, што дзяржаўныя грошы і памкненьні прыватнага бізнэсу – розныя рэчы).

4. Нельга не пагадзіцца з тымі, хто кажа, што прычынай перамогі стала тое, што вакол абароны ад «Бульбашъ-Холлу» зьядналіся ўсе: тэма была вельмі кансалідацыйнай. І нават палітычных груп, якія спрабуюць «адлучыць» Ігара Кузьняцова ад курапацкай тэмы, гэтым разам не было чутно. Калі б і тут пачаўся звычайны беларускі «вэрхал», перамаглі б адно дзяржава і забудоўшчыкі. Той бок заўсёды кансалідаваны і маналітны, таму кожны раз, калі сярод дэмакратаў ці абаронцаў Курапат пачынаецца бойка, тыя, хто валяць крыжы ці нападаюць на намёты (я начаваў у лягеры абаронцаў Курапат у 2002-м годзе і добра памятаю і напады, і падпалы) – набіраюць моц.

5. Яшчэ адна выснова з гэтай гісторыі, гэтым разам – не паліттэхналягічная, а, хутчэй, сацыялягічная, палягае ў выяўленьні беларускай мяжы цярпімасьці. Нас не раздражняе брэнд «Бульбашъ», хаця мне складана ўявіць сабе пяльмені «Хахол» ва Ўкраіне, гарэлку «Маскаль» у Маскве і культурна-забаўляльны цэнтар «Нігер» ў Гарлеме. Ёсьць у мяне адчуваньне, што ўсе згаданыя брэнды праіснавалі б роўна столькі часу, колькі гарным украінскім хлопцам ці пацанам зь Бірулёва ці гарлемскай бандзе патрэбна, каб сабрацца ў брыгаду і рушыць да офісу вынаходнікаў гэтых брэндаў. «Бульбашъ» (менавіта так, зь «ерам»!) сам па сабе беларусаў ня крыўдзіць. Яны набываюць гарэлку з такой назвай, бо гатовыя да самаіроніі. Калі ж гэты самы «Бульбашъ» паўстае на месцы масавых пахаваньняў тых, хто зрабіў усё, каб мы не сталіся «бульбашамі», нацыя становіцца на дыбкі.

І гэта вельмі добра.

Гэта азначае, што ня ўсё страчана.

Што ёсьць надзея.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG