Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэаліі «Беларуськалія»: 2/3 акладу, скарочаны тыдзень, эканомія на хакеі


Эканамічны канфлікт з «Уралкаліем», на топ-мэнэджэраў якога беларускія ўлады завялі крымінальную справу, нэгатыўна адбіўся на фінансавым становішчы салігорскага «Беларуськалія».

Немагчымасьць утрымаць кошты на ўсясьветным рынку па-за картэлем прывяла да імклівага скарачэньня валютных даходаў, вынікам чаго стала зьніжэньне заробкаў на прадпрыемстве і праблемы зь фінансаваньнем сацыяльных праектаў. Байкотам спаборніцтваў пагражаюць спартовыя каманды, якія на балянсе «Беларуськалія».

У канцы жніўня, пасьля разводу з «Уралкаліем» і абвалу цэнаў на ўгнаеньні, здабыўныя магутнасьці «Беларуськалія» былі перафарматаваныя ў рэжым мінімальнай здабычы, а два руднікі з чатырох спыненыя. Скарачэньне вытворчасьці адбілася на заробках. Паводле мясцовай жыхаркі Ларысы Насановіч, шматтысячны штат «Беларуськалія» пераведзены на 2/3 акладу, да адмысловага распараджэньня ўведзены скарочаны працоўны тыдзень (чатырох- і нават трохдзёнка). Прычым тычыцца гэта як уласна шахцёраў, так і наземных службаў, і субпадрадчыкаў, задзейнічаных на абслугоўваньні абсталяваньня. Няпэўная сытуацыя прагназуецца да лютага 2014 году, калі прыйдзе час падпісваць новыя кантракты на пастаўку ўгнаеньняў за мяжу:

Ларыса Насановіч
Ларыса Насановіч
«Шахцёрскія падземныя брыгады — так званыя здабыўныя, якія непасрэдна здабываюць соль — у нармальныя часы зараблялі ў сярэднім ад 18 да 21 мільёна рублёў. У каго як атрымлівалася. Гэта, лічыце, нават цяпер звыш 2 тысяч даляраў, а тады было яшчэ больш. Потым, пасьля вядомых падзеяў, заробкі ўпалі: ужо летам людзі пачалі скардзіцца, што зарплаты зьнізіліся да 12 мільёнаў рублёў — ці „экспартныя“ зьніклі, ці яшчэ якія надбаўкі, але прыбыткі пачалі зразацца. А зараз на 2/3 — яшчэ адзін удар. Але ж пацярпелі ня толькі шахцёры. Таксама ў „Беларуськалія“ вялікія службы наземнай вытворчасьці, якія называюцца абагачальнымі фабрыкамі. У прынцыпе, калі ўзяць нават самыя хадавыя прафэсіі — дапусьцім, дастаткова высокага 5 разраду — то ня так шмат яны і атрымлівалі. Дзесьці па 5–6 мільёнаў, залежна ад кваліфікацыі. Але пры гэтым рэгулярна ішлі „бонусы“: нядрэнныя аздараўленчыя, плюс надбаўкі бывалі. І калі па выніках месяца ўсё гэта складаць, то ў цэлым сума выходзіла нядрэнная. Нармальна людзі жылі. Горад, натуральна, ня бедны, так скажам».

Яшчэ нядаўна Салігорск быў прывабным месцам ня толькі для шахцёраў, але і для спартоўцаў. За права абараняць колеры мясцовых футбольнай і хакейнай камандаў з абавязковай назвай «Шахцёр» змагаліся як беларускія гульцы, так і легіянэры — «Беларуськалій» у статусе генэральнага спонсара дзяліўся сваім прыбыткам і з футбалістамі, і з хакеістамі. Аднак вось ужо колькі месяцаў прадпрыемства ня мае з чаго ўтрымліваць спартоўцаў. Футбалісты, якія ідуць другімі ў чэмпіянаце краіны, зь лета наракаюць на скарачэньне прэміяльных і зацягваньне выплатаў. Нават ішла гаворка пра распродаж лепшых гульцоў, каб разьлічыцца з даўгамі. А вось хакеісты ўжо дайшлі да пратэсту. Галоўны трэнэр гарнякоў Андрэй Гусаў 16 кастрычніка паставіў грамадзкасьць перад фактам: заплянаваны на 18 кастрычніка матч зь «Віцебскам» будзе байкатаваны, пакуль з хакеістамі не разьлічацца. Апошні раз ягоныя выхаванцы атрымлівалі заробак за ліпень. Сёньня Гусаў удакладніў, што пасьля «ўльтыматуму» яго пачулі і заўтрашняя сустрэча адбудзецца, але кажа, што паказваць высокія вынікі ў сытуацыі няпэўнасьці немагчыма:

Андрэй Гусаў
Андрэй Гусаў
«Я ўжо ня ведаю, як заходзіць да хлопцаў у разьдзявальню і што гаварыць. Людзі прыходзяць на трэніроўку, на гульню, але ня думаюць пра хакей. У іх адна думка: як пракарміць свае сем’і? Я ўжо ня ведаю, да каго зьвяртацца. Капітан і яго асыстэнты падышлі да мяне і сказалі: каманда ня выйдзе на наступны матч супраць „Віцебску“. Таму што працаваць у такіх умовах проста невыносна. Тут няма нічога ад прафэсійнага спорту, тут няма нічога ад прафэсіяналізму. Людзі рубяцца, змагаюцца; абматаныя ўсе, у бінтах, зь лёдам сядзяць, без зубоў. Заходжу ў разьдзявальню, гляджу на іх, і мне плакаць хочацца. Як я магу ім прад’яўляць некія прэтэнзіі ці прымушаць нешта рабіць? Шчыра — ня ведаю, што рабіць. Калі каманда нікому не патрэбная, прыйдзіце і скажыце: вы нікому не патрэбныя. А калі каманда патрэбная, то прашу ставіцца да людзей па-людзку».

Але калі спартоўцы вольныя шукаць сабе лепшае месца і маюць магчымасьць перайсьці ў больш фінансава прадказальную каманду, то прадстаўнікі рабочых спэцыяльнасьцяў такой альтэрнатывы пазбаўленыя. Ці можа нестабільнасьць на «Беларуськаліі» прывесьці да сацыяльных пратэстаў? Грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч падобнага варыянту не выключае, аднак лічыць, што сёлета нават з «зацягнутымі паясамі» шахцёры бунтаваць ня будуць:

«Пакуль яны атрымлівалі нядрэнныя грошы па беларускіх мерках, то дазвалялі сабе ня толькі бягучыя куплі, але і крэдыты. Стала звычайным браць у крэдыт вельмі дарагія рэчы — набывалі кватэры, прэстыжныя машыны. Крэдыты вялікія, але па тых заробках выкручваліся — і працэнты плацілі, і жылі нармальна. Ну, а цяпер, як 2/3 тарыфу, то, вядома, тым, хто сядзіць з крэдытамі, стала няпроста — даходы ў некаторых выходзяць меншыя за пэнсіі. Калі раней лічылася, што шанцуе людзям, калі сям’я ўладкаваная на „Беларуськаліі“, то цяпер, калі працуюць ён і яна, становішча яшчэ горшае, бо абое сядзяць на 2/3. Але выглядае, што прынамсі да лютага многія настроіліся проста трываць. Маўляў, трэба чакаць Новага году, пойдуць новыя кантракты, жыцьцё наладзіцца і ўвойдзе ў ранейшае рэчышча. Таму гэтыя два месяцы сяк-так будуць скрыпець, але, думаю, ніякіх хваляваньняў ня будзе. А ўжо калі пасьля Новага году не заключаць новыя кантракты, то ня выключана, што ў горадзе пачнуцца нейкія хваляваньні, выхады на вуліцу, страйкі ды ўсё іншае».

Фінансавая сытуацыя на «Беларуськаліі» абвастрылася пасьля адмовы «Ўралкалія» супрацоўнічаць зь беларускім прадпрыемствам і агучваньня намеру расейцаў рэалізоўваць угнаеньні ў абыход супольнага трэйдэра — «Беларускай калійнай кампаніі». Кіраўніцтва «Ўралкалія» было абвінавачанае ў спробе рэйдэрскага захопу «Беларуськалія», а гендырэктара кампаніі Ўладзіслава Баўмгертнэра арыштавалі і абвінавацілі ў нанясеньні шматмільённых стратаў беларускаму бюджэту. Па «калійнай справе» праходзіць шэраг іншых топ-мэнэджэраў, а заснавальніка «Ўралкалія » Сулеймана Керымава Менск намагаецца абвясьціць у міжнародны вышук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG