Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка адказаў Пазьняку: Мэсія ня прыйдзе


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Экс-старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў сваім Жывым часопісе адказаў на закіды старшыні КХП-БНФ, зробленыя ім падчас нядаўніх відэавыступаў і онлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода.

МЭСІЯ НЯ ПРЫЙДЗЕ. Пра тролінг Зянона Пазьняка


Сытуацыя ў краіне пачала мяняцца. Зьявіліся новыя выклікі для нацыянальна-дэмакратычных сілаў, новыя небясьпекі й шанцы, якія патрабуюць асэнсаваньня ды інакшых арганізацыйных формаў.

Але некаму трэба зацягнуць нас у багну пустых разборак. Пару тыдняў таму раптоўна пачаўся пазьнякоўскі тролінг у інтэрнэце. У Пазьняковых відэавыступах і тэкстах няма адказаў на пытаньні сучаснасьці, затое поўна агрэсіі ў адрас – не, не рэжыму, а іншых удзельнікаў барацьбы за свабоду ў краіне. Такі ў яго цяпер спосаб самасьцьверджаньня.

Я маўчаў. Бо лічыў, што нехта хоча вымусіць нас адбрэхвацца ад зьвязаных з падзеямі 13-гадовай даўніны нападак з-за мяжы, марнаваць час і нэрвы. Дый паклёпнік, як правіла, выйграе ў мэдыйным полі. Сказаў і ўмыў рукі. А апраўдвацца, што не вярблюд, брыдка.

Хаця маўчаць было цяжка.

«…Яны давалі ім грошы, вот і паявіліся і бяляцкія, і ўсе…»


Зянон Пазьняк, простая мова:

«Такі загавар супраць бацькаўшчыны, супраць нашай нацыі. Вот адкрыта вам плююць у вочы, ён жа адкрыта вам гаворыць. Вік – гэта ж не палітык, гэта ж, паўтараю, – разьведчык. Так вот гэта ўсё прывяло да таго, што яны стварылі сваю апазыцыю. Яны давалі ім грошы. Вот і паявіліся ўсе – і бяляцкія, і ўсе, вот праз гэта, усе ж ведаюць гэта».

БТ і СовБелка высока ацанілі інфармацыйны прарыў. Наагул З. Пазьняк ім падабаецца тым, што лае эўрапейскую і амэрыканскую дэмакратыю, што хоча «моцнай рукі» для Беларусі, што пярэчыць санкцыям супраць афіцыйнага Менску. Але напаклёпнічаць і зрабіць данос на палітычнага вязьня Алеся Бяляцкага, які нават ня можа адказаць, – гэта ўжо зусім па-іхнаму.

Бяляцкі «паявіўся» сам па сабе, незалежна ня толькі ад Віка, але і (страшна сказаць!) ад Пазьняка. І прынамсі з 1981 году вёў нацыянальна-адраджэнцкую і нацыянальна-вызвольную дзейнасьць, у тым ліку рызыкоўную падпольную. І быў арганізатарам Дзядоў 1988 году, і быў за іх пакараны.

Але Бяляцкі вінаваты перад Пазьняком. Тым, што ў 2011 годзе Бяляцкаму пагражалі й загадзя папярэджвалі, ён мог зьехаць зь Беларусі, але застаўся і сеў у турму. А Пазьняк – зьехаў. І можа дасхочу і бясьпечна бэсьціць тых, хто застаўся ў Беларусі, хто рабіў немагчымае, яднаў непаяднаных, цярпеў паразы, ішоў у турмы, памыляўся і прызнаваў памылкі, але зноў падымаўся.

Абразіўшы Бяляцкага, Зянон Станіслававіч апынуўся па той бок маралі. Па адзін бок з нашчадкамі Бэрыі й Цанавы.

Таемная апэрацыя АБСЭ


Рашуча не дае сп. Пазьняку спакою тэма грошай.

Чую ад яго, нібыта ў 1999-2000 годзе Ганс-Георг Вік купіў беларускую апазыцыю за паўтара мільёну даляраў, прычым зь ведама КГБ, і стварыў зь яе псэўдаапазыцыю. Маўляў, сам Вік пра гэта заявіў у інтэрвію. Першая думка – ці ня танна беларуская апазыцыя сябе ацаніла? Другая – як у тым анэкдоце – «а дзе ж мая доля?», чаму тагачасная Партыя БНФ пра тое ня ведала? І як гэта вэтэран выведкі й дыпляматыі Вік выбалбатаў такую страшную ваенную тайну? Здаецца, ён, нягледзячы на ўзрост, умее трымаць сябе ў руках?

Тут я не палемізую з Г.-Г. Вікам у (геа)палітычных пытаньнях. Хаця ў свой час шмат палемізаваў. Мяне цікавіць канкрэтная тэма. Бяру першакрыніцу. «Белорусская газета», 12 студзеня 2004 году.

«В 1999 г. Лукашенко подписал Стамбульские соглашения, в которых взял на себя обязательства диалога с оппозицией, обеспечения демократических выборов, свободы слова, прекращения давления на СМИ. Он все это подписал! ОБСЕ, решив, что подпись что-то значит, выделил деньги, все до последнего цента, на переговоры с оппозицией, на консультации с независимыми СМИ. (Бюджет КНГ и бюджеты ориентированных на эти цели фондов, доступ к которым открыла Европейская комиссия, в совокупности составили немногим меньше полутора миллиона долларов. Эти деньги прямо и косвенно были направлены на поддержку диалога между правительством Беларуси и оппозицией. - И.Ч.) И все европейские правительства были в курсе, не было никаких тайн! Единственной тайной было то, что бумаги подписывал также шеф белорусского КГБ, других тайн не было. И все это для того, чтобы в один прекрасный день господин Лукашенко назвал это вмешательством во внутренние дела Беларуси и провел выборы по собственному сценарию».

Кожны, хто мае досьвед арганізацыйнай працы, разумее: гэта ж некалькігадовы бюджэт Кансультацыйна-назіральнай групы (КНГ) АБСЭ, заснаванай дзеля праславутага дыялёгу. І бюджэт не сказаць каб раскошны. Гэта, пэўна, арэнда нятанных офісаў, праезд (у тым ліку на радзіму) і жытло супрацоўнікаў, гэта іхны заробак сабе любімым, аплата заляў для разнамасных круглых сталоў і дыялёгавых пляцовак, немалыя ганарары запрошаным з далёкай і блізкай Эўропы высакалобым экспэртам і г. д. Хутчэй за ўсё, у бюджэт быў закладзены і палёт у Стамбул дэлегацыі беларускай апазыцыі (і намесьнік Пазьняка Юры Беленькі лётаў за «Вікавы грошы»).

АБСЭ – міжнародная арганізацыя, куды ўваходзяць усе эўрапейскія краіны, амаль усе постсавецкія, ЗША і Канада. Стратэгічныя і бюджэтныя пытаньні адкрытыя для ўсіх краінаў-сябраў. Радка «скупка беларускай апазыцыі» ў бюджэце аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі не было, бо не магло быць. Беларусь – сябра АБСЭ, натуральна, дакумэнты пра арганізацыю выкананьня стамбульскіх абавязкаў былі даведзеныя да яе дзяржаўных органаў, яны мусілі пад імі падпісацца і не перашкаджаць іх выкананьню, бо пад абавязкам дэмакратызацыі краіны падпісаўся сам Лукашэнка. Пра што і кажа Вік, падкрэсьліўшы, што Лукашэнка ня выканаў публічна ўзятых міжнародных абавязкаў.

Але нашто і чаму Пазьняк маніць? Трэба нагадаць, што з 1996 году ён у эміграцыі, г. зн. пра апісаныя падзеі мусіў браць інфармацыю зь нейкіх крыніцаў. Свае крыніцы ён публічна назваў, паўтараць ня буду. І яны яму спадабаліся дужа. Хіба ў нашай краіне яшчэ нехта, акрамя яго, можа быць верным Беларусі, кіравацца ідэямі й перакананьнямі, а не грашыма заежджых маніпулятараў? Ніхто!

Фактаў і доказаў ня трэба


Спадобіўся і я пачуць сваё прозьвішча.

«Сутнасьць у тым, што прадстаўнікі так званай «апазыцыі». Якую стварыў Ганс Вік, зьнешне казалі пра дэмакратыю ды барацьбу з рэжымам, а на справе таемна сустракаліся з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі і перамаўляліся аб нікому не вядомых справах. Спатканьні адбываліся рэгулярна раз на месяц, на працягу года, у півярні «Ракаўскі бровар» пад кантролем Ганса Віка, які меў на гэта ўзгадненьне ў КДБ. Таемнымі застольцамі з боку так званай «апазыцыі» былі спадары Лябедзька, Калякін, Вячорка, Статкевіч, Гайдукевіч і – у якасьці экспэрта – Хадыка. Недзе напрыканцы 2000 году апазыцыя Ганса Віка была ўжо такім чынам згуртаваная, і ўладам, відаць, надакучыла бавіцца ў перамовы. Была дадзеная адмашка, і ўдзельнік перамоваў, «палатнік» спадар Жушма, выступіў па БТ і з усьмешачкай заклаў увесь працэс. Такая вось камэдыя». (Зянон Пазьняк. Online на Радыё Свабода.)

І зноў няпраўду кажа Пазьняк. Я з розных прычынаў не люблю той бровар, быў у ім за ўсё жыцьцё чатыры разы і ўсе іх памятаю (нават гатункі піва). На жаль ці на шчасьце, я ніколі там ня быў ані зь Вікам, ані з рэжымнымі, ані на таемных перамовах. Ніякага Жушму ня ведаю, а толькі Сазонава, якога Лукашэнка быў вылучыў для нядоўгіх і цалкам публічных перамоваў з апазыцыяй пад эгідай АБСЭ, і на іх нават быў ухвалены дакумэнт пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў. Тут Лукашэнка перамовы спыніў і Сазонава адставіў.

Зрэшты, чаго я апраўдваюся? Можа, журналістам варта было папрасіць сп. Пазьняка там, дзе ён выстаўляе палітычныя абвінавачаньні, падаць доказы й крыніцы?

Хай бы заставалася легенда…


Ясна, што кантэкст падзеяў 1999-2000 гадоў значна важчэйшы. Гэта масавыя «Маршы Свабоды» і «Байкот-2000»; гэта першая рэальная кааліцыя беларускіх незалежніцкіх дэмакратычных сілаў – КРДС; гэта спроба Г.-Г. Віка як прадстаўніка АБСЭ сабраць за круглым сталом апазыцыю, як яму здавалася, шырэйшую за КРДС і таму здольную быць суб'ектам перамоваў; гэта вымушэньне Лукашэнкі падпісаць пэўныя абавязкі на Стамбульскім саміце АБСЭ і г.д.

Усё тое добра ўдакумэнтавана, удзельнікі падзеяў збольшага жывыя, таму журналістам і дасьледнікам варта заняцца сур'ёзным апісаньнем працэсаў у Беларусі на пераломе тысячагодзьдзяў, а ня слухаць прапагандысцкія байкі.

Шкада, што побач з Пазьняком не знайшлося чалавека, які параіў бы яму памаўчаць. Здавалася б, чалавек такога ўзроўню, такой біяграфіі, такіх заслугаў перад Беларусьсю можа і павінен сьцьвярджацца пазытыўна, не апускаючыся да паклёпаў, абразаў і тролінгу. Шкада, была б прыгожая легенда для моладзі.

А наагул ня трэба беларусам непамыльных «харызматычных лідэраў». Трэба ўсім браць на сябе адказнасьць, а не чакаць мэсію. Ня прыйдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG