Беларус Міхась Жызьнеўскі — першы з замежных грамадзян, уганараваны званьнем Героя Ўкраіны

Пятро Парашэнка прысвоіў Міхасю Жызьнеўскаму, які загінуў падчас Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве, званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна.

Украінскі прэзыдэнт сёньня ўручыў зорку Героя Ўкраіны бацькам Міхаіла Жызьнеўскага Міхаілу і Ніне Жызьнеўскім.

«Ён паклаў сваё жыцьцё за нашу і вашу свабоду. Для нас Міхась — не замежнік, для нас Міхась — украінец у душы»,— сказаў Пятро Парашэнка на сустрэчы з бацькамі Міхаіла Жызьнеўскага.

Украінскі прэзыдэнт дадаў:

«Ганаруся, што сёньня да слаўнай кагорты ўкраінцаў, якія носяць званьне Героя Ўкраіны, далучыўся ваш сын — вялікі беларус і вялікі ўкраінец».

Пятро Парашэнка нагадаў, што для прысваеньня званьня Героя Ўкраіны замежным грамадзянам, якія загінулі падчас акцый пратэсту, давялося ініцыяваць зьмены ў нацыянальнае заканадаўства. Паводле яго, гэтыя ініцыятывы дазволілі ўпершыню ў гісторыі Ўкраіны прысвоіць вышэйшую ўзнагароду замежніку, і ім стаў беларус, які змагаўся за свабоду Ўкраіны.

Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага падзякавалі Пятру Парашэнку за маральную ды матэрыяльную падтрымку іх сям'і.

«Мы будзем памятаць пра вашую дапамогу і пра тое, што вы трымаеце слова», — сказаў Міхаіл Жызьнеўскі-старэйшы.

Вярхоўная Рада Ўкраіны 13 красавіка ўхваліла зьмены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах», згодна зь якімі званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца як выключэньне тым іншаземцам, якія ўжо «ўзнагароджаныя ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а таксама за зьдзяйсьненьне выключнага геройскага ўчынку, зьвязанага з адстойваньнем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека падчас Рэвалюцыі годнасьці (лістапад 2013 — люты 2014 году)».

З адпаведнай ініцыятывай Пятро Парашэнка выступіў пасьля сустрэчы зь сем’ямі герояў Нябеснай сотні, што адбылася сёлета 20 лютага.