29 сакавіка Слуцкі раённы суд разгледзеў адміністратыўную справу абласнога каардынатара руху «За свабоду» Віталя Амяльковіча, абвінавачанага па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства).
24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, случака затрымалі а 18 гадзіне ў цэнтры Слуцку. Пасьля ператрусу ў кватэры яго абвінавацілі ў закліку на несанкцыянаванае мерапрыемства (ч.1 23.34 КаАП) за разьмяшчэньне ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» малюнка і тэксту пра Дзень Волі.
Судовае паседжаньне адбылося без удзелу самога актывіста. Віталь Амяльковіч прасіў суд перанесьці судовае паседжаньне на наступны дзень у сувязі з асабістымі абставінамі. У залі прысутнічала група людзей, якія прыйшлі маральна падтрымаць актывіста.
— Судзьдзя Аляксандар Тарасюк зачытаў заяву Амяльковіча аб пераносе разгляду справы на іншы дзень, а пасьля абвясьціў перапынак на 30 хвілін, — кажа Марына Дамарад, якая прысутнічала ў залі. — Потым сакратар суду праінфармавала судзьдзю, што ў перапынку яна вывучала інфармацыю пра магчымыя ўважлівыя прычыны адсутнасьці ў судзе Амяльковіча (тэлефанавала ў паліклініку, у іншыя ўстановы) і ня мае такой інфармацыі. Судзьдзя Тарасюк працягнуў судовы працэс, агучыў матэрыялы справы. Ніякіх сьведак, у тым ліку міліцыянтаў, якія затрымлівалі грамадзкага актывіста, у судзе не было.
Хоць, паводле матэрыялаў справы, грамадзкі актывіст не прызнаў сябе вінаватым, да таго ж ужо меў пакараньне — адседзеў пад арыштам двое сутак, судзьдзя Аляксандар Тарасюк прызнаў Віталя Амяльковіча вінаватым у закліку да грамадзян узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі і пакараў яго штрафам на суму 15 базавых велічынь (345 рублёў).