Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: «Улады Слуцку ціснулі на тое, што за перайменаваньне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў будуць плаціць самі жыхары»


Юры Губарэвіч

28 лютага ў актавай залі гімназіі № 1 гораду Слуцку прайшла сустрэча прадстаўнікоў улады з жыхарамі вуліцы Камсамольскай наконт перайменаваньня гэтай вуліцы ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

Збор подпісаў за перайменаваньне вялі сябры Партыі БНФ і актывісты руху «За свабоду». Нагодай для сустрэчы стаў зварот актывістаў і перадача подпісаў у Слуцкі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў.

Як паведамляе сайт slutsk-gorod.by, у актавай залі гімназіі сабралася каля 150 жыхароў вуліцы Камсамольскай. Прысутнічалі таксама старшыня Слуцкага раённага савету дэпутатаў Віктар Ражанец, намесьнік старшыні Слуцкага райвыканкаму па ідэалягічнай працы Ларыса Дабравольская. Рух «За свабоду» прадстаўляў ягоны старшыня Юрась Губарэвіч, Партыю БНФ — мясцовы актывіст Віталь Амяльковіч.

Паводле паведамленьня мясцовага сайту, жыхары Слуцку, якія прыйшлі на сход, выказаліся супраць перайменаваньня. Адзін з аргумэнтаў, які іх пераканаў, — зь 592 чалавек, якія падпісалі пэтыцыю, жыхароў Слуцку налічваецца ўсяго каля 15 чалавек.

Як паведаміў Свабодзе старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, пратаколу сустрэчы не вялося, што, на яго думку, ёсьць парушэньнем працэдуры правядзеньня грамадзкіх слуханьняў.

«Старшыня Слуцкага раённага савету дэпутатаў Віктар Ражанец, які веў мерапрыемства, назваў яго нефармальнай сустрэчай, якая дазваляе заслухаць думкі зацікаўленых бакоў, аднак вынікі якой не афармляюцца пратаколам. І гэта ўжо пэўнае парушэньне заканадаўства аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў».

Губарэвіч паведаміў, што ўдзельнікі сустрэчы вельмі агрэсіўна выказваліся супраць перайменаваньня вуліцы, бо «гэта будзе дорага каштаваць»:

«Улады вельмі сур’ёзна падрыхтаваліся да сустрэчы. Сабралі жыхароў вуліцы Камсамольскай, частку намэнклятурнага актыву, якія вельмі агрэсіўна выказваліся супраць перайменаваньня. Асноўны момант, на якім акцэнтавала ўвагу ўлада, — гэта матэрыяльныя выдаткі, якія панясуць жыхары ў сувязі зь пераафармленьнем дакумэнтаў у выніку перайменаваньня. Хоць насамрэч няма неабходнасьці адразу мяняць усе дакумэнты, у якіх фігуруе назва вуліцы.

Таксама панавалі прасавецкія настроі; людзі прадэманстравалі, што яны ня ведаюць гісторыі Слуцкага краю. Для часткі людзей, якія прыйшлі на сустрэчу, камсамольцы зьяўляюцца тымі героямі, якія вызвалялі Слуцк, праўда, незразумела, ад чаго. Мясцовыя актывісты маюць вялікі аб’ём працы, каб інфармаваць жыхароў Слуцку пра ягоную гісторыю. Трэці момант — гэта тое, што нібыта нежыхары вуліцы Камсамольскай не павінны вырашаць, як мусіць называцца гэта вуліца. Хоць тут няма ніякага парушэньня — любы жыхар Беларусі можа выказацца за перайменаваньне».

Жыхарка Слуцку Зінаіда Цімошак, якая ўжо доўгі час зьбірае на аркушах подпісы за перайменаваньне Камсамольскай вуліцы, не змагла трапіць на сустрэчу, бо не была заўчасна праінфармаваная:

«Каб сабраць людзей на такую сустрэчу, трэба вельмі сур’ёзна працаваць з насельніцтвам менавіта гэтай вуліцы. Відаць, у Слуцку не хапіла сіл актывістаў руху „За свабоду“ і Партыі БНФ. Трэба было зьбіраць подпісы ня ў цэнтры гораду, а менавіта абыходзіць жыхароў вуліцы Камсамольскай. Трэба было паказваць фільм пра слуцкіх паўстанцаў, расказваць, што гэта былі продкі сучасных случакоў. Электронны зварот быў арганізаваны такім чынам, што я нават ня ведала, што ён існуе. Трэба адзначыць, што ўлады спрацавалі лепш — з кожнага пад’езду прыйшлі па 5-6 пажылых людзей, якія мала чым цікавяцца, апроч бытавых праблем, і варожа ставяцца да паўстаньняў. Яны і выказаліся супраць перайменаваньня».

Губарэвіч пацьвердзіў, што рух «За свабоду» быў ініцыятарам электроннага звароту, пад якім падпісалася каля 600 чалавек з усёй Беларусі.

«Летась мы зьбіралі подпісы на аркушах. Гэтым разам скарысталі электронную форму звароту. Так атрымалася, што першым у сьпісе фігураваў чалавек, які мае дачыненьне да тэхнічнага стварэньня гэтага звароту. Улады вырашылі праінфармаваць пра час правядзеньня сустрэчы менавіта гэтага чалавека. Зроблена гэта было за два дні да яе».

Губарэвіч сказаў, што мясцовыя актывісты руху «За свабоду» зрабілі ўсё магчымае, каб мабілізаваць людзей прыйсьці на сход — вырабілі і расклеілі па горадзе ўлёткі, распаўсюджвалі інфармацыю праз сацыяльныя сеткі. Рух «За свабоду» і Партыя БНФ, паводле Губарэвіча, не адмаўляецца ад ідэі дамагчыся перайменаваньня Камсамольскай вуліцы ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў і будзе далей весьці кампанію.

Глядзець камэнтары (7)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG