«Верыць можна і ў марсіянаў»: Раманчук пра веру міністра эканомікі ў інфляцыю ў 5%

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што ўпэўнены ў магчымасьці зьнізіць інфляцыю да 5%. Тым часам Міжнародны валютны фонд прагназаваў Беларусі інфляцыю за 2017 год спачатку ў 12%, потым у 9,3%.

На чэрвень 2017 году спажывецкія цэны ўжо вырасьлі адносна ўзроўню сьнежня-2016 на 3,4%, а цэны вытворцаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі — на 7,3% і 4,7% адпаведна. За 2016 год інфляцыя склала 11,8% (амаль як ва Ўкраіне), за 2015 — 13,5%.

Уладзімер Зіноўскі, архіўнае фота

Чый прагноз больш верагодны, Зіноўскага ці МВФ?

Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа Свабодзе, што «верыць можна і ў марсіянаў», але такія прагнозы трэба абгрунтаваць нейкімі фактамі:

«Справа ў тым, што ў Беларусі сёньня інфляцыя сапраўды зьніжаецца, бо Нацыянальны банк праводзіць больш жорсткую грашовую палітыку.

Але, як паказалі розныя дасьледаваньні, тое, што мы бачым у рэальным жыцьці, не адпавядае таму кошыку тавараў і паслуг, па якім мераецца інфляцыя. Тут ёсьць розьніца не ў адзін адсоткавы пункт, яна значна большая. Людзі думаюць, што тавары ў іхнім кошыку падаражэлі на 15–20% у гадавым вымярэньні, а Міністэрства эканомікі кажа, што на 5–7%. Плюс ніхто не адмяняў права закрываць крамы і караць прадпрыемствы за тое, што яны павялічылі цэны неабгрунтавана.

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Казаць пра тое, што сёньняшні паказчык інфляцыі адлюстроўвае рэчаіснасьць, нельга. Тут мы ўступаем тады ў справу веры: адзін верыць, што будзе так, другі, што іначай. А што будзе на самой справе, ніхто ня будзе ведаць дакладна, бо незалежных дасьледаваньняў і вылічэньняў інфляцыі ў Беларусі, на жаль, ніхто не праводзіць».

Лукашэнка закрывае вочы на цэнавы сабатаж, каб не паўтарыліся «дзевяностыя»

Зіноўскі, гаворачы пра ўпэўненасьць у дасягненьні нізкай інфляцыі, дадае: «Галоўнае, каб нашы прадпрыемствы і арганізацыі, якія вырабляюць прадукцыю, зьніжаючы выдаткі, не павялічвалі цану». Ці так гэта?

«Гэта асноўны генэратар інфляцыі, — кажа Раманчук пра дзяржаўныя прадпрыемствы. — У нас ніводнага году не было свабодных цэнаў, але практыка такая, што галоўны чыньнік інфляцыі — дзяржаўныя прадпрыемствы, якія падвышаюць цэны.

Нагадаю, Беларусь за апошнія 20 год уваходзіць у дзясятку краін з самай высокай інфляцыяй. Калі ў нас у эканоміцы 80% актываў у руках дзяржавы, то, безумоўна, не прадпрымальнікі — асноўны чыньнік інфляцыі, а дзяржаўныя прадпрыемствы, манапалісты, якія заўсёды знаходзяць прычыны павелічэньня цэнаў. А потым падкладваюць паперкі і кажуць: „Вось бачыце, у нас такая каньюнктура, так склалася“.

Лукашэнка кажа кожны год па некалькі разоў, што цэны трэба абгрунтаваць. Казаў пра цэны і на мэдычныя тавары, на лекі. Ну і што? Кажа-кажа, а яны растуць, як хочуць. Гэта такі цэнавы сабатаж вытворцаў і імпартэраў, на які Лукашэнка закрывае вочы.

Ён ведае, што калі будзе інакш, мы вернемся да сытуацыі канца 1990-х, калі „прыкруцілі“ цэны на сьмятану, на масла, а з паліцаў нашых крамаў зьніклі яйкі. Ніводная краіна ў сьвеце сёньня не збудавала дабрабыт на адміністрацыйным рэгуляваньні цэнаў, Беларусь у гэтым сэнсе не выключэньне».