У анэксаваным Расеяй Крыме ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі рэгіянальнага характару
У анэксаваных Крыме і Севастопалі ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі рэгіянальнага характару. Пра гэта паведаміў прызначаны Расеяй «кіраўнік» анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў.
Паводле яго слоў, рашэньне прынята для «ўпарадкаваньня фінансава-грашовых, крэдытных, дагаворных і іншых адносін», а таксама для спрашчэньня працэдур, зьвязаных з кампэнсацыяй стратаў.
Рэжым надзвычайнай сытуацыі ўвялі на фоне ўкраінскіх удараў па анэксаванай паўвысьпе, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
У апошнія дні ў Крыме і Севастопалі фіксаваліся перабоі з электразабесьпячэньнем, а з канца траўня працягваецца энэргетычны крызіс. Абмежаваны продаж паліва, улады прыпынілі прыём дзяцей у летнія лягеры да канца сэзону, але фармальна турыстычны сэзон не закрыты.
Your browser doesn’t support HTML5
Восьмую ночь подряд оккупированный Россией Крым атакуют беспилотники
Раніцай 26 чэрвеня на ўездах на Крымскі мост утварыліся шматкілямэтровыя чэргі. Па дадзеных тэлеграм-канала «Крымскі мост: апэратыўная інфармацыя», з боку Тамані ў чаканьні надгляду знаходзіліся каля тысячы аўтамабіляў, з боку Керчы — амаль 1800.
Час чаканьня ў чарзе на ручны надгляд дасягаў трох-чатырох гадзінаў. Буйны затор узьнік пасьля таго, як ноччу рух па мосьце быў цалкам спынены амаль на шэсьць гадзін на фоне масіраванага нападу ўкраінскіх бесьпілётнікаў на анэксаваны Крым.