На 101-м годзе жыцьця памёр расейскі пісьменьнік Рой Мядзьведзеў, аўтар кнігі пра Лукашэнку

Рой Мядзьведзеў у сваім працоўным кабінэце

13 лютага памёр савецкі і расейскі гісторык, пісьменьнік, публіцыст Рой Мядзьведзеў.

Пра гэта паведаміла расейскае агенцтва ТАСС з спасылкай на ягоную нявестку Сьвятлану Мядзьведзеву. Паводле яе, меркаваная прычына сьмерці — сардэчная няздатнасьць. Рой Мядзведзеў памёр у сябе дома. Яму было 100 гадоў.

Ён нарадзіўся ў 1925 годзе ў сям’і Аляксандра Мядзьведзева, савецкага вайсковага дзеяча, які быў рэпрэсаваны. Брат Роя Мядзьведзева — Жарэс Мядзьведзеў, вучоны-біёляг, удзельнік дысыдэнцкага руху, які зьехаў у Вялікую Брытанію і быў пазбаўлены савецкага грамадзянства, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Рой Мядзьведзеў скончыў філязофскі факультэт Ленінградзкага ўнівэрсытэту, ён кандыдат пэдагагічных навук, да 1970 году працаваў у НДІ вытворчага навучаньня Акадэміі пэдагагічных навук СССР. З 1960-х гадоў удзельнічаў у дысыдэнцкім руху, прытрымліваўся левых поглядаў, але рэзка крытыкаваў палітыку Сталіна і спробы яе рэабілітацыі. Суаўтар ліста савецкаму кіраўніцтву аб патрэбе дэмакратычных зьменаў у СССР (адным з аўтараў ліста быў Андрэй Сахараў). Быў выключаны з КПСС, аднак не рэпрэсаваны. Яго кнігі «К суду Истории» і «Они окружали Сталина» спачатку выдалі на Захадзе, а ў Савецкім Саюзе яны выйшлі ў часы перабудовы.

У 1989 годзе Роя Мядзьведзева аднавілі ў КПСС, тады ж ён быў абраны народным дэпутатам СССР. Не далучыўся да прыхільнікаў Барыса Ельцына. У 1990-я гады спрабаваў займацца палітыкай (быў сустаршынём Сацыялістычнай партыі працоўных Расейскай Фэдэрацыі), аднак посьпеху ня меў.

У пачатку 1990-х гадоў у Беларусі на беларускай мове выходзіла яго кніга «Мікіта Хрушчоў: Палітычны партрэт».

У 2010 выйшла яго кніга «Александр Лукашенко. Контуры белорусской модели». У ёй ён хваліць і асобу самога Лукашэнкі, і тую мадэль, якую ён пабудаваў у сучаснай Беларусі.

Кніга Роя Мядзьведзева пра Лукашэнку

Мядзьведзеў прызнаваўся, што пісаў гэтую кнігу пад вялікім эмацыйным уплывам, які зрабіў на яго галоўны герой:

«Вядома, у мяне можа быць толькі самае станоўчае ўражаньне: падчас апошняй сустрэчы мы гаварылі сам-насам дзьве гадзіны. Ведаеце, ёсьць вельмі рэдкі тып лідэраў, здатных на гутарку, бо ім цікавая думка суразмоўцы. Але яшчэ радзейшы выпадак лідэраў, якія хочуць суразмоўцу растлумачыць свой пункт гледжаньня, бо звычайна лідэр ня робіць гэтага. Дык вось Аляксандар Рыгоравіч — гэта апошні тып. То бок ён ня толькі зь цікавасьцю слухаў тое, што я кажу, але і спрабаваў мне некаторыя рэчы растлумачыць. Для пісьменьніка гэта — найлепшы характар сустрэчы».

Апошнімі гадамі станоўча адгукаўся аб палітыцы Ўладзіміра Пуціна, аўтар кніг пра яго. Атрымаў прэмію ФСБ за біяграфію Юрыя Андропава ў сэрыі «Жыцьцё выдатных людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Шклоўскіх страсьцяў» да «Выпадковага прэзыдэнта». 12 кніг пра Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крывое люстэрка Мядзьведзева
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні выбараў Рой Мядзьведзеў убачыў "контуры беларускай мадэлі"