«Баімся, каб расейцы не прыйшлі зь беларускага боку». Як жывуць украінцы на мяжы зь Беларусьсю. ВІДЭА

Украінска-беларуская мяжа ў Валынскай вобласьці, 2023 год

Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время» зь вёскі Млынава Валынскай вобласьці, дзе праходзіць мяжа зь Беларусьсю.

З канца лютага тысячы мужчын у Беларусі пачалі атрымліваць позвы ў войска без папярэдняга апавяшчэньня — у краіне абвясьцілі пазаплянавыя вайсковыя зборы. Раней аб падрыхтоўцы сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў паведамляў і Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны нагадаў, што ў 2022 годзе менавіта пасьля аналягічных манэўраў адбыўся наступ расейскай арміі на Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі.

Агульная працягласьць украінска-беларускай мяжы больш за тысячу кілямэтраў. З Беларусьсю мяжуюць пяць украінскіх абласьцей.

Пра тое як жывуць украінцы паблізу беларускай мяжы, рэпартаж тэлеканалу «Настоящее Время».


Your browser doesn’t support HTML5

Как живут украинцы на границе с Беларусью

Вёска Млынава Валынскай вобласьці разьмешчана ля самай мяжы зь Беларусьсю. Адсюль ужо відаць назіральныя вышкі. 70-гадовая Марыя аглядае вульлі. На вуліцы вясна, сем’і пчол прачнуліся пасmля сьпячкі і ўжо шукаюць першацьвет.

«Адзінаццаць семʼяў маем. Усе вылецелі. Ужо зрабілі першы падкорм. Дасьць Бог, усё будзе добра сёлета», — кажа жанчына.

З пачаткам вясны працы шмат і ў Марыі. Трэба рыхтавацца да апрацоўкі агароду, але па той бок мяжы зноў неспакойна, зноў падрыхтоўка да вайсковых вучэньняў.

«Мы баімся. Калі яны пойдуць да нас, мы ў першую чаргу прымем на сябе гэта ўсё. Мы станем «шэрай зонай», — кажа Марыя.

Надзея і Галіна ідуць з царкоўнай службы. Гавораць, што таксама занепакоеныя. Маліліся, каб скончылася вайна.

«Баімся, каб расейцы не прыйшлі зь беларускага боку. Тут жа мяжа блізка. Якое гэта жыцьцё, калі вайна?» — адзначае Надзея.

Напружаная сытуацыя тут з самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Ніхто не чакаў, што такое можа здарыцца, што з тэрыторыі Беларусі пойдуць расейскія войскі.

«Мы чулі іх танкавыя стрэлы і гудкі. Іх тут на мяжы шмат было. Верталёты ўдымаліся. Мы думалі, што яны пойдуць. Калі б у першы дзень яны пайшлі, яны б прайшлі. Гэта быў жах. Тут усе ў шоку былі», — кажа мясцовы жыхар Уладзімір Ярмышук.

Цяпер мясцовыя ня ведаюць, чаго чакаць ад Аляксандра Лукашэнкі.

«У першыя дні вайны адтуль ішла страшная агрэсія, — расказвае мясцовая жыхарка Тацяна Паўловіч. — Гэта было нязвыкла, таму што ўсе сваякі ў Беларусі, а ў іх няма разуменьня сытуацыі. Цяпер зносінаў практычна няма. Вельмі шмат было сяброў, але можна сказаць, што дайшло да нуля. Яны слаба цікавяцца нашымі праблемамі, у іх няма адчуваньня, што ў нас ідзе вайна».

Тацяна Паўловіч наводзіць парадак у бацькоўскай хаце. Гаворыць, што ўжо не баіцца ваенных вучэньняў у Беларусі, бо сытуацыя зусім не тая, што чатыры гады таму: «Цяпер няма той сытуацыі. Тады гуло, грымела, яны месяцамі на вучэньнях былі. У нас тут блізка беларускі палігон. Гэта ўсе мы чулі. А сёньня гэтага няма».

Пра гэта гаворыць і Ўладзімір Ярмышук, які раней працаваў у мясцовай адміністрацыі. Кажа, што праз тое, што ў яго засталося шмат сваякоў як у Беларусі, так і ў Расеі, яго не аднойчы правяралі на паліграфе.

«Усе дарогі сёньня замініраваныя, і ёсьць каму абараняць, таму яны ня пойдуць. Па зямлі зь Беларусі ва Ўкраіну ня пойдуць», — лічыць Ярмышук.

Адзінае, чаго баіцца, дык гэта абстрэлаў, як гэта адбываецца ў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцях, якія мяжуюць з Расеяй.

«Мінаметны, гранатамётны абстрэл. Толькі гэта. А пешшу яны тут ужо ня пойдуць, гэта гарантыя. Толькі з паветра», — перакананы Ўладзімір Ярмышук.

Украінскія памежнікі распавядаюць, што сытуацыя на мяжы з Беларусьсю зараз стабільная. Усе вучэньні і праверкі баявой гатоўнасьці ў Беларусі яны называюць элемэнтам псыхалягічнага ціску.

«Каля лініі дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь у нас ніякага руху тэхнікі і назапашваньня дадатковай сілы няма, — адзначае сьпікер Валынскага памежнага атраду Маргарыта Вяршыніна. — Такія вучэньні — гэта праверка гатоўнасьці, у іх гэта адбываецца пастаянна. У большасьці выпадкаў гэта нагнятаньне сытуацыі з боку сумежнай дзяржавы. Такая інфармацыйная кампанія — гэта прапаганда».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як ва Ўкраіне ва ўмовах вайны ўдасканальваюць дроны і рыхтуюць іх апэратараў. ВІДЭАЯк ідзе эвакуацыя жыхароў Днепрапятроўскай вобласьці з-пад расейскіх абстрэлаў. ВІДЭА«Там пекла». Што расказваюць украінцы, якія празь Беларусь выехалі з акупаваных Расеяй рэгіёнаў. ВІДЭА«Абстрэлы кожны дзень». Рэпартаж зь Нікапалю, які ад акупаванай атамнай станцыі аддзяляе Дняпро. ВІДЭА2025 год стаў самым сьмяротным для цывільнага насельніцтва цягам вайны Расеі супраць Украіны