У Віцебску на вуліцы Шагала новыя шыльды — беларускамоўныя

Частку вуліцы «Праўды» перайменавалі ў гонар знакамітага мастака яшчэ ў сакавіку. Аднак шыльды памянялі толькі цяпер, прычым яны сталі беларускамоўныя.

Бліжэйшымі днямі дамы на невялікай вуліцы, якая ідзе ад цэнтральнай, імя Леніна, да ўзьбярэжнай, імя Калініна, упрыгожаць ня толькі новыя шыльды з прозьвішчам Шагала. Сьцены пяці будынкаў вырашылі размаляваць, і на адным ужо зьявіўся эскіз працы Казіміра Малевіча. Дарэчы, для размалёўкі фасадаў запрашаюць валянтэраў, а таму ў якасьці вулічнага мастака сябе можа паспрабаваць нават аматар-пачатковец.

Будзе новы росьпіс

Што яшчэ да Малевіча, то ў дварах за будынкам былой мастацкай вучэльні дуэт віцебскіх мастакоў StreetSkills намаляваў ягоны партрэт. Выява зьявілася на пабудовах гаражнага комплексу, і Казімір Малевіч паказвае якраз у бок колішняй навучальнай установы, створанай з ініцыятывы Марка Шагала.

Пачынальнік супрэматызму

Нават паветкі ў дварах цяпер у рэчышчы супрэматызму

Гэты будынак неўзабаве стане Музэем віцебскай мастацкай вучэльні. Ён месьціцца на вуліцы Шагала, і 24 чэрвеня а 16-й гадзіне на ім будзе адчынена шыльда ў гонар мастака: Шагал выкладаў у тут да 1920 году. А пасьля, да 17.30, на новай вуліцы анансавана тэатралізаванае шоў і флэшмоб, прысьвечаныя Марку Шагалу і Казіміру Малевічу.

Будынак будучага музэю яшчэ рамантуюць

Будаўніцтва і парадкаваньне вядзецца па ўсёй вуліцы

Да адкрыцьця музэя яшчэ далекавата. А вось прэзэнтацыя вуліцы імя Шагала ў абноўленым выглядзе прымеркавана да Дня горада.

На будынках па вуліцы Шагала будзе чырвоная дахоўка

Сёлета Віцебск будзе адзначаць свае ўгодкі цэлыя тры дні. Сярод іншых імпрэзаў — адкрыцьцё помніка Аляксандру Неўскаму, якое таксама адбудзецца, нягледзячы на шматлікія пратэсты гараджан, 24 чэрвеня.

Добраўпарадкаваньне вакол пастамэнту пад помнік Аляксандру Неўскаму

25 чэрвеня, сярод іншага, пройдуць «Парад вышыванак» у культурна-забаўляльным комплексе «Задзьвінне» і «Сьвята ветру» ў парку «Мазурына», дзе будуць запускаць паветраных зьмеяў ды ладзіць летні маркет з вырабамі народных майстроў (25 чэрвеня). 26 чэрвеня ў Віцебску нарэшце адчыняць мэмарыяльную дошку ў гонар паэта Давіда Сімановіча http://www.svaboda.org/a/27760875.html, вялікага патрыёта роднага гораду, які шмат зрабіў для ўшанаваньня памяці і Марка Шагала, і Васіля Быкава, і Ўладзімера Караткевіча. А на плошчы Перамогі, сярод шэрагу спартовых мерапрыемстваў з удзелам БРСМ, арганізатары анансуюць акцыю «Размаўляй па-беларуску».