У Менску праходзіць жалобны марафон памяці ахвяраў сталінізму

Актывісты аргкамітэту руху салідарнасьці «Разам» праводзяць сёньня ў сталіцы жалобны марафон памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Сустаршыня аргкамітэту Алесь Макаеў апавёў Свабодзе:

«Мы праходзім па тых месцах, дзе ўлады расстрэльвалі ці хавалі нявінна забітых людзей. Такіх месцаў у Менску шмат, але мы традыцыйна наведваем сем. Гэта Кальварыйскія могілкі, парк Цівалі, Лошыцкі яр, раён урочышча Благаўшчыны і Трасьцянца, Вайсковыя могілкі, парк Чалюскінцаў і Курапаты. У кожным з гэтых месцаў ускладаюцца кветкі і запальваюцца сьвечкі ў памяць пра ахвяраў масавых рэпрэсіяў».

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД, дзе сёньня месьціцца сьледчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 чалавек — навукоўцаў, літаратараў, дактароў, грамадзкіх дзеячоў, кіраўнікоў, работнікаў сыстэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасьці, гандлю.

Дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі традыцыйна праводзіць 29 кастрычніка памятныя акцыі.