У Менску пачалася сустрэча кіраўнікоў МЗС «нармандзкай чацьвёркі»

29 лістапада прыкладна ў 16.20 у Менску ў «Прэзыдэнт-гатэлі» пачалася сустрэча так званай «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні міністраў замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Украіны ды Расеі ў пытаньнях разьвязаньня ваеннага канфлікту на Данбасе.

Першым у Менск яшчэ апоўдні прыбыў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін. Бліжэй да 16-й гадзіны прыехалі міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, за ім кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эйро.

Міністры выйшлі да шматлікіх прадстаўнікоў СМІ для пратакольнай фатаздымкі і накіраваліся ў залю перамоваў.