У Менску будзе бясплатны роварны пракат

Грамадзкая ініцыятыва «Добры ровар» зьбірае ў менчукоў старыя ровары, каб адрамантаваць іх і даць пакатацца задарма ўсім ахвотным.

Ня дзеля грошай

«Сёньня мы ўжо маем больш за 40 ровараў, якія нам аддалі задарма, — расказаў Свабодзе адзін з кіраўнікоў праекту Кірыл Кудравец. — 15 зь іх адрамантавалі, некалькі ўжо пафарбавалі».

Летась па вуліцах Менску ўжо езьдзілі ровары, якія можна было ўзяць напракат задарма. Кампанія «А-100» арганізавала сетку пунктаў, дзе кожны ахвотны мог узяць ровар, нічога ня плацячы. Ці будзе «А-100» ладзіць бясплатны пракат сёлета, невядома. Як распавялі Свабодзе ў аддзеле маркетынгу кампаніі, пакуль пляны па мерапрыемствах на гэты год не акрэсьленыя.

Мінулы год паказаў, што попыт на бясплатны пракат ровараў у Менску вялікі. Але «Добры ровар» абяцае зусім іншы фармат, які не прадугледжвае вялікіх інвэстыцыяў, а толькі дапамогу зацікаўленых людзей. Ідэю ініцыятывы Кірыл Кудравец падгледзеў на Школе экаактывіста ад грамадзкай арганізацыі «Зялёная сетка» ў Празе. Стваральнікі чэскага пракату зарабляюць на платным дастасаваньні для мабільных тэлефонаў і кампутараў, якое дазваляе атрымаць код да роварнага замка.

Кірыл Кудравец натхніўся бясплатным пракатам у Празе

Распрацоўваюць сваё дастасаваньне для пракату і ў «Добрым ровары». У адрозьненьне ад чэскага, беларускае будзе бясплатным.

«Мы ня ставім першай мэтай зарабіць грошай, — кажа Кірыл. — Як экаактывісты ў першую чаргу мы зацікаўленыя ў тым, каб папулярызаваць ровары ў Менску, дапамагчы ў вырашэньні транспартных і экалягічных праблемаў горада».

Перасадзім на ровары бабуляў

Сёньня валянтэры занятыя найперш рамонтам і фарбаваньнем ровараў. Усе працы праводзяцца ў «Гаражы 38» — грамадзкай роварнай майстэрні, куды кожны ахвотны можа прыехаць і разам з майстрам адрамантаваць свой ровар бясплатна.

Інструмэнты ёсьць, бракуе толькі працоўных рук

У адрозьненьне ад іншых пракатаў, «Добры ровар» не зьбіраецца фарбаваць усе ровары адным колерам, а пэрсаніфікуе кожны адмысловай расфарбоўкай. Таксама на ровары зьбіраюцца павесіць «бардачкі» з экалягічнай інфармацыяй, маршрутамі для квэстаў і рознымі гульнямі.

«Гараж 38» — грамадзская роварная майстэрня, дзе валянтэры задарма дапамагаюць рамантаваць ровары

Пасьля запуску «Добрага ровара» праца з валянтэрамі ня спыніцца: пры эксплюатацыі ровары непазьбежна будуць ламацца, будуць, можа, і крадзяжы, таму «Добры ровар» разьлічвае на далейшую падтрымку добраахвотнікаў.

У «Гаражы 38»

Каб заўжды мець пэўную колькасьць спраўных ровараў, арганізатары шукаюць супрацоўніцтва з кампаніямі, прапануюць ім стаць спонсарамі таго ці іншага ровара. Дзеля гэтага яны гатовыя расфарбоўваць ровары пад лягатыпы кампаніяў.

«Ідэяў насамрэч вельмі шмат, — кажа Кірыл. — Калі зьявіцца цікавасьць, напрыклад, у школы трэцяга ўзросту, мы б пасадзілі на ровары і бабуляў».

«Дзеля добрай справы — не шкада»

Уся кампанія «Добры ровар» трымаецца выключна на валянтэрах і роварных «ахвярадаўцах». Некаторыя прыносілі ровары ў вельмі добрым стане, якія яшчэ можна было б прадаць.

Суботнік «Гаража 38» і грамадзкай арганізацыі «Фіяльта», дзе ўсіх ахвотных вучылі базаваму курсу роварнага рамонту

«У мяне ўжо пару гадоў стаяў ровар, якім я не карыстаўся, — расказаў Свабодзе Ўлад Раманенка, які задарма аддаў свой стары ровар. — Хоць ён у даволі добрым стане і на хаду, чым прадаваць, я вырашыў аддаць яго дзеля добрай справы — так ён прынясе карысьць многім людзям, а не аднаму чалавеку».

У адрозьненьне ад Уладавага ровара, большасьць патрабуе рамонту. Некаторыя «ахвяраваньні» — гэта старасьвецкія савецкія і замежныя мадэлі, запчасткі для якіх амаль немагчыма знайсьці.

«З такімі экзэмплярамі нам даводзіцца проста імправізаваць», — кажа Кірыл.

«Ахвяраваныя» менчукамі ровары стаяць каля Менскага роварнага таварыства

Першапачаткова ўсе прынесеныя ровары складалі ў гаражы. Аднак калі іх стала амаль паўсотні, як цяпер, частку давялося перавезьці да хаты, якую наймае непадалёк Менскае роварнае таварыства.

Школа майстроў

Хоць неабходную колькасьць ровараў ужо назьбіралі, валянтэры па-ранейшаму іх прымаюць. Асноўнай жа працай сталі рамонт і арганізацыя пракату: трэба дамовіцца з уладальнікамі роварных парковак, якія б пагадзіліся разьмясьціць у сябе «добрыя ровары».

З тых, хто прыйшоў па дапамогу ў «Гараж 38», некаторыя становяцца валянтэрамі «Добрага ровара»

Таксама заканчваецца праца над дастасаваньнем, празь якое ахвотныя пакатацца на ровары змогуць атрымаць код да замка. Тэставаць яго ў хуткім часе будуць самі валянтэры.

Запусьціць пракат разьлічваюць у траўні. Каб пасьпець у час, «Добраму ровару» бракуе майстроў, каб хутчэй рамантаваць прынесеныя ровары. Праўда, часам далучаюцца майстры-валянтэры, якія захапіліся ідэяй бясплатнага пракату. Сярод іх, напрыклад, Ягор Канончык, які актыўна карыстаецца роварам ужо чатыры гады. Пару гадоў таму ён даведаўся пра менскую «велакухню» ў «Гаражы 38», а цяпер далучыўся да рамонту ў «Добрым ровары».

Актывісты спадзяюцца, што ўсё болей менчукоў будуць перасаджвацца на ровары

«Я хачу, каб увесь Менск быў на роварах, — кажа Ягор. — Такую маю мару. Мне здаецца, што ўрэшце большасьць людзей будуць езьдзіць на роварах, бо ад гэтага ўсім будзе толькі лепш».