У горадзенскай галерэі «Крыга» апячаталі два пакоі

Карціны Алеся Сурава ў галерэі «Крыга», архіўнае фота

У горадзенскай галерэі «Крыга» супрацоўнікі ЖРЭУ і міліцыі апячаталі два пакоі. Фармальнай падставай для гэтага сталася незаконнае пераплянаваньне памяшканьня.

У галерэі, дзе апошнім часам прапісаўся і «Цэнтар гарадзкога жыцьця», былі чатыры пакоі: два ва ўласнасьці і два арандаваліся ў тым жа памяшканьні. Менавіта гэтыя два пакоі былі сёньня апячатаныя.

Гаспадар галерэі, вядомы гарадзенскі каваль Юрась Мацко, абураны дзеяньнямі ўладаў. Паводле яго, ніякага пераплянаваньня ён не рабіў:

«Я закрыў гіпсакардонам адно акно, празь якое ў будынак лазілі розныя людзі, і зрабіў дзьверы паміж пакоямі. Сьцяна там таксама не апорная. Зрабіў усё акуратна. Я ўжо нават ня памятаю, калі гэта было, і да гэтага лета нікога гэта не цікавіла. А ў верасьні прыслалі супрацоўнікаў БТІ, далі мне штраф. Я ўсё аплаціў. А цяпер безь ніякага рашэньня суду яны папросту ўварваліся і патрабуюць вызваліць памяшканьне, маўляў, дамову арэнды скасавалі і заставім дошкамі дзьверы».

Юрась Мацко, архіўнае фота

Мацко кажа, што, паводле заканадаўства, спачатку яму павінны былі прыслаць прадпісаньне, якія недахопы выправіць, але ніякіх дакумэнтаў ён не атрымліваў:

«Тут адбываецца выстава скульптара Андрэя Варабʼёва, а мне пагражаюць: маўляў, забірайце рэчы, бо калі будзеце ладзіць супраціў, то мы тут зь міліцыяй вас павыводзім».

Паводле актывіста Паўла Мажэйкі, у галерэі, дзе яшчэ месьціцца і «Цэнтар гарадзкога жыцьця», штодня праходзілі розныя культурніцкія мерапрыемствы. Цяпер гэтае памяшканьне зьменшылася. Паводле Паўла Мажэйкі, «гэта зроблена ўладай дзеля таго, каб зьбіць актыўнасьць у гэтай галерэі».