У Берасьці забаранілі першамайскую дэманстрацыю

Першамайская дэманстрацыя ў Берасьці 1 траўня 2013-га

Берасьцейскі гарвыканкам забараніў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) дэманстрацыю ў гонар Дня салідарнасьці працоўных 1 траўня.

У адказе гарвыканкам спаслаўся на Закон «аб масавых мерапрыемствах», паводле якога «правядзеньне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласьці менш за 50 мэтраў» ад адміністрацыйных будынкаў.

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты мелі намер зладзіць дэманстрацыю ў цэнтры гораду пад лёзунгам «Дзяржава не выконвае абавязацельствы перад уласным народам».

Камэнтуе старшыня абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі: «Дзяржава не стварыла ўмоваў для поўнай занятасьці, не гарантуе годнага існаваньня працоўным. У краіне скарачаюцца працоўныя месцы, але ўводзіцца падатак на беспрацоўе. Супраць гэтага мы і хацелі выказаць пратэст на дэманстрацыі».

Апошні раз мясцовыя ўлады дазвалялі сацыял-дэмакратам зладзіць першамайскую дэманстрацыю два гады таму. Тады некалькі соцень чалавек прайшлі па цэнтры Берасьця пад нацыянальнымі сьцягамі.