Расея можа пачаць шырокамаштабныя баявыя дзеяньні ў любы момант, — Турчынаў

Аляксандар Турчынаў, архіўнае фота

Расея стварае магутную вайсковую інфраструктуру ўздоўж мяжы з Украінай і можа пачаць шырокамаштабныя баявыя дзеяньні на загад з Крамля ў любы момант.

Пра гэта заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў на пасяджэньні Камісіі Ўкраіна — NATO на ўзроўні амбасадараў краін — чальцоў альянсу, у якім прыняў удзел і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрґ, паведамляе прэс-служба СНБА.

Турчынаў выступіў з разгорнутым дакладам пра сытуацыю зь бясьпекай на ўсходзе Эўропы і варыянты яе разьвіцьця, супрацьдзеяньне гібрыднай агрэсіі Расеі, а таксама праінфармаваў аб першачарговых захадах, накіраваных на ўмацаваньне бясьпекі Ўкраіны.

«Расея стварае магутную вайсковую інфраструктуру ўздоўж мяжы з Украінай і можа пачаць шырокамаштабныя баявыя дзеяньні супраць нашай дзяржавы на загад з Крамля ў любы момант. Прычым рашэньне Пуціна ня будзе залежаць ад дзеяньняў Украіны. Наадварот, значна больш важным фактарам для пачатку замежнапалітычных і ваенных авантур Расейскай Фэдэрацыі зьяўляецца разьвіцьцё ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Расеі», — цытуе Турчынава прэс-служба СНБА.

Ён таксама дадаў, што хутка расьце пагроза і для дзяржаваў — чальцоў NATO.

Турчынаў дадаў, што Расея пасьлядоўна ператварае Крым у магутную вайсковую базу, а за час кровапралітнай вайны ў Данбасе загінула ўжо звыш 10 300 чалавек, зь іх больш за 2500 цывільных і звыш 200 дзяцей.

Пры гэтым сакратар СНБА Украіны адзначыў, што «на Данбасе дзейнічаюць не паўстанцкія фармаваньні, а расейскія ўзброеныя фармаваньні і акупацыйная адміністрацыя Расейскай Фэдэрацыі». Паводле яго, Расея разгарнула на акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей магутную ваенную групоўку, якая зьяўляецца складнікам 8-й агульнавайсковай арміі Паўднёвага вайсковай акругі ўзброеных сіл Расеі.

14 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на штогадовай прэс-канфэрэнцыі зноў заявіў, што на Данбасе няма расейскага войска. Пра гэта ён сказаў, адказваючы на пытаньне ўкраінскага журналіста.

Your browser doesn’t support HTML5

Пытаньні Пуціну пра расейскае войска ў Данбасе: 2014-2017

«Расейскай арміі на тэрыторыі Данбасу няма, але там сапраўды створаны пэўныя вайскова-міліцэйскія фармаваньні, якія зьяўляюцца самадастатковымі і гатовыя адбіць любыя маштабныя ваенныя акцыі супраць Данбасу. Мы лічым, што гэта адпавядае інтарэсам людзей, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі», — сказаў Пуцін.

Прэзыдэнт Расеі таксама абвінаваціў Кіеў у зрыве менскіх дамоўленасьцяў і працэсу абмену палоннымі.

«Украінскай ўладзе трэба дамаўляцца з самім Данбасам, а не праз пасярэднікаў, а яны ад гэтага ўхіляюцца», — сказаў Пуцін. Захад абвінавачвае Крэмль ва ўзброенай падтрымцы баевікоў на Данбасе. Усяго, па зьвестках Кіева, на ўсходзе Ўкраіны ваююць некалькі тысяч кадравых расейскіх вайскоўцаў. Крэмль называе гэтых людзей «добраахвотнікамі».