Аптымізм і перашкоды: за чым сачыць пасьля перамоваў Трампа і Зяленскага пра вайну Расеі ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. 28 сьнежня 2025

Пасьля двухгадзінных перамоваў з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 28 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яны істотна наблізіліся да пагадненьня аб спыненьні вайны Расеі супраць Украіны.

Але Дональд Трамп ня даўніякіх падрабязнасьцей, акрамя папярэджаньня, што застаюцца «адно ці два вельмі складаныя пытаньні», у тым ліку лёс тэрыторый на Данбасе.

Вось на што варта зьвяртаць увагу, пакуль ЗША працягваюць імкнуцца да міру, піша рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Стыў Гутэрман.

Ціск ЗША на Кіеў...

З таго часу, як Дональд Трамп пачаў свой цяперашні прэзыдэнцкі тэрмін у студзені 2025 году з абяцаньня міру ва Ўкраіне як галоўнай мэты, ён некалькі разоў ставіў цьвёрдыя або ўскосныя тэрміны як для Масквы, так і для Кіева. У нейкі момант у лістападзе здавалася, што ён практычна патрабуе ад Украіны прыняць або выйсьці з 28-пунктавай мірнай прапановы, якую многія лічылі скажонай на карысьць Расеі, да Дня падзякі. Пазьней Трамп даў зразумець, што такога ўльтыматуму не было, заявіўшы, што «для мяне тэрмін — гэта калі ўсё скончыцца», і ён паўтараў падобныя сыгналы ў апошнія тыдні.

Тым не менш, хоць пасьля перамоваў з Зяленскім ён заявіў, што пагадненьне можа быць «бліжэй, чым калі-небудзь», ён таксама сказаў, што «праз некалькі тыдняў» стане зразумела, ці прывядуць перамовы да міру: «Магчыма, гэтага не адбудзецца».

Такім чынам, адно з ключавых пытаньняў — ці вернуцца ЗША да ціску на Зяленскага і Ўкраіну, каб яны ўзгаднілі праект пагадненьня, і што там гаворыцца пра тэрыторыю, асабліва на Данбасе, дзе Расея займае амаль усю Луганскую вобласьць і каля 77 працэнтаў Данецкай вобласьці.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які размаўляў з Трампам па тэлефоне за некалькі гадзін да таго, як Трамп прыняў Зяленскага ў сваім доме ў Мар-а-Лага, пасьлядоўна патрабуе, каб Украіна вывела свае войскі з той часткі Данецкай вобласьці, якую яна ўсё яшчэ ўтрымлівае. Яго прэс-сакратар Пяскоў паўтарыў гэтае патрабаваньне 29 сьнежня.

Ўладзімір Зяленскі кажа, што перадача Расеі тэрыторыі, якую яна не змагла захапіць за гады баёў, у выніку якіх загінула шмат салдат з абодвух бакоў, будзе ўзнагародай Маскве за яе агрэсію. Ён мяркуе, што Ўкраіна можа адступіць, але гэты раён павінен быць дэмілітарызаванай зонай, магчыма, патруляванай украінскай паліцыяй, і што расейскія войскі таксама павінны адысьці на параўнальную адлегласьць. Ні Трамп, ні Зяленскі не ўдаваліся ў падрабязнасьці пра Данбас у сваіх публічных камэнтарах пасьля перамоваў.

Але Трамп выказаў здагадку, што, калі Ўкраіна не дасягне пагадненьня ў бліжэйшы час, яна рызыкуе страціць астатнюю частку рэгіёну, якую Пуцін паабяцаў захапіць сілай, калі Расея не атрымае яе дыпляматычным шляхам.

«Частка гэтай зямлі была захопленая, частка гэтай зямлі... можа быць захопленая на працягу наступных некалькіх месяцаў, і лепш заключыць зьдзелку зараз», — сказаў Трамп.

Варта таксама сачыць за тым, ці змогуць Кіеў і Вашынгтон пераадолець рознагалосьсі па двух іншых ключавых пытаньнях: гарантыях бясьпекі для Ўкраіны і кантролі над Запароскай АЭС, якую захапіла Расея.

...ці на Маскву?

Трамп таксама часам пагражаў узмацніць ціск на Расею, калі палічыць, што яна зацягвае заключэньне мірнай дамовы. Акрамя ўвядзеньня санкцый супраць нафтавых гігантаў «Ронефть» і «ЛУКОЙЛ» у кастрычніку, ЗША зрабілі мала крокаў у гэтым кірунку падчас цяперашняга тэрміну Трампа.

У камэнтарах пасьля размовы з Пуціным і сустрэчы зь Зяленскім Трамп ня даў зразумець, што далейшы ціск на Маскву непазьбежны. Ён сказаў, што разумее супраціўленьне Пуціна часоваму спыненьню агню, якое, на думку Зяленскага, неабходна, калі Ўкраіна хоча правесьці рэфэрэндум па прапанаванай мірнай дамове, і што нібыта «Расея хоча, каб [вайна] скончылася».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Ўкраіну ва ўдары па рэзыдэнцыі Пуціна. Зяленскі назваў гэта хлусьнёй

Фактар Расеі

Многія ва Ўкраіне і Эўропе кажуць, што ёсьць мала або зусім няма доказаў таго, што Масква хоча міру на нейкіх умовах, акрамя сваіх уласных. Расейскія чыноўнікі заявілі або далі зразумець, што ня згодныя з аспэктамі 20-пунктавага праекту і расчараваныя пунктамі, якія, відавочна, у ім адсутнічаюць, такімі як абавязковая забарона на ўступленьне Ўкраіны ў NATO.

Што да Данбаса, амаль штодня гучалі бравурныя заявы, якія сьведчаць аб тым, што Масква не саступіць у сваім патрабаваньні кантролю над усім рэгіёнам.

Акрамя 4,5-гадзіннага тэлевізійнага выступу 19 сьнежня, Пуцін, апрануўшы камуфляж, прадэманстраваў упэўненасьць у тым, што Расея мае перавагу на полі бою — на фоне павольнага, дарагога наступу і пэрыядычных адступленьняў — і паказаў, што не зьбіраецца рабіць істотныя саступкі.

Маштабныя паветраныя ўдары па Кіеве і іншых украінскіх гарадах ясна паказалі яго сапраўднае жаданьне міру. І, акрамя Данбасу, Расея пасылала супярэчлівыя сыгналы аб тым, ці гатовая яна замарозіць лініі фронту ў Запароскай і Херсонскай абласьцях.

Пуцін нядаўна некалькі разоў намякаў, што ён не адмовіўся ад патрабаваньня поўнага кантролю над гэтымі двума рэгіёнамі. 29 сьнежня ён, як паведамляецца, загадаў расейскім вайскоўцам працягваць імкнуцца да кантролю над горадам Запарожжа, які застаецца ў руках Украіны.

Любая істотная зьмена ў пасланьнях Расеі — як у тоне, так і ў зьмесьце — можа сыгналізаваць пра яе патэнцыйную гатоўнасьць да пагадненьня, якое пакідае Пуціна без дасягненьня заяўленых цэляў вайны — тэрытарыяльнага заваяваньня і падпарадкаваньня Ўкраіны і аслабленьня NATO і Захаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі абяцае працягваць рух да міру пасьля «прагрэсу» на перамовах з Трампам, але дамовы яшчэ няма