«Трансавіяэкспарт» пацьвярджае факт аварыі, але ці былі на борце бомбы — ня кажа

«Боінг» кампаніі «Трансавіяэкспарт», архіўнае фота

Раней сайт The Aviation Herald паведаміў пра няўдалую пасадку самалёта Boeing 747-200 авіякампаніі «Трансавіяэкспарт». Паводле выданьня, самалёт вёз 100 тон бомбаў, прызначаных для выкарыстаньня ў ваенным канфлікце ў Емэне.

Самалёт, пра які паведамлялася раней, не цярпеў аварыі ў Саудаўскай Арабіі. У аварыю трапіў самалёт пад іншым нумарам. Пра 100 тон бомбаў не ўдакладняецца.

Сайт The Aviation Herald, які зьбірае інфармацыю пра авіяцыйныя аварыі, паведаміў пра няўдалую пасадку самалёта Boeing 747-200 беларускай авіякампаніі «Трансавіяэкспарт» у Саудаўскай Арабіі 26 сьнежня 2015 году. Паводле інфармацыі выданьня, самалёт вёз 100 тон бомбаў, прызначаных для выкарыстаньня ў ваенным канфлікце ў Емэне, а пілёт самалёта ня меў лётнай практыкі 7 месяцаў.

Намесьнік дырэктара «Трансавіяэкспарту» Арцём Сікорскі пераконваў Свабоду, што інфармацыя «зусім не адпавядае рэчаіснасьці». Самалёт, паводле ягоных словаў, цяпер знаходзіцца ў Турэччыне і 26 сьнежня такога рэйсу не выконваў. Навіну ён называў «качкай» канкурэнтаў.

Тым ня меней у размове з карэспандэнтам БелаПАН на просьбу ўдакладніць, ці былі 26 сьнежня ў Саудаўскай Арабіі іншыя самалёты кампаніі, спадар Сікорскі сказаў:

«Іншы самалёт знаходзіўся. Інцыдэнт здарыўся, ён цяпер на стадыі расьсьледаваньня. Яго расьсьледуе інспэкцыя па бясьпецы палётаў. Сутнасьць інцыдэнту палягала ў тым, што самалёт пашкодзіў рухавік на пасадцы».

Нумар самалёта, які сапраўды пацярпеў аварыю ў Саудаўскай Арабіі, ён не назваў, але пацьвердзіў, што гэта таксама Boeing. Што да грузу — 100 тон бомбаў, якія, паводле інфармацыі The Aviation Herald, беларуская авіякампанія везла для выкарыстаньня ў збройным канфлікце ў Емэне, — то Сікорскі заявіў, што «інфармацыя пра груз, які знаходзіўся на борце, — камэрцыйная таямніца».

Самалёт, па словах Сікорскага, знаходзіцца ў лізінгу, адказнасьць за падрыхтоўку лётнага складу і тэхнічны стан нясе той, хто пазычае кампаніі самалёт, «Трансавіяэкспарт» толькі кантралюе тэхнічны стан. Бліжэйшым часам кампанія плянуе задзейнічаць на арандаваных ёю самалётах свае экіпажы.