Ці хопіць 3000 расейскіх вайскоўцаў, каб захапіць Беларусь? Топ-10 цытатаў з круглага стала «Захад-2017»

Круглы стол Захад-2017.

14 жніўня ў гатэлі «Беларусь» прайшло паседжаньне круглага стала «Захад-2017», арганізаванае міжнародным фондам «Духоўная дыпляматыя». Яго прадстаўнік Юры Радзькоў падкрэсьліў, што стаяла задача арганізаваць гарачую дыскусію, таму сярод удзельнікаў — палітыкі і экспэрты, якія прадстаўляюць цалкам дыямэтральныя погляды.

На круглым стале спрачаліся паміж сабой дзьве групы выступоўцаў.

Першая — Алег Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч, Мікалай Петрушэнка, Валер Ухналёў. Яны даводзілі, што манэўры «Захад-2017» мэтазгодныя і карысныя.

Другая — Ільля Дабратвор, Зьміцер Захарэвіч, Юлія Гарачка, Сяргей Спарыш. Яны сьцьвярджалі, што вучэньні нясуць пагрозу незалежнасьці Беларусі.

1. «Мы стратэгічныя партнэры з Расеяй, і замены гэтаму ня будзе. Як Расея патрэбная нам, так і мы патрэбныя Расеі. Якая гаворка можа ісьці пра ўвод войскаў ці пра нейкі захоп, калі мы супрацоўнічаем з Расеяй на ўсіх узроўнях і зьбіраемся ахоўваць як свае, так і яе межы?»

Мікалай Улаховіч, кіраўнік беларускага казацтва, лідэр Беларускай патрыятычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

2. «Паводле Канстытуцыі Беларусь не ўваходзіць ні ў якія вайсковыя хаўрусы. Манэўры „Захад-2017“ — гэта перакос у бок Расеі, бо мы ж не зьбіраемся браць удзел у вучэньнях НАТО. У дадзеным выпадку ў нас знаходзяцца чужыя войскі чужой дзяржавы».

Ільля Дабратвор, грамадзкі актывіст

3. «Беларусь уваходзіць у АДКБ, вайсковы блёк, які ажыцьцяўляе адказнасьць на тэрыторыі часткі былых рэспублік Савецкага Саюзу. З гістарычнага пункту гледжаньня становішча Беларусі ня можа быць шматвэктарным. Я не магу дапусьціць, што Беларусь будзе кшталту Швайцарыі».

Яўген Сылка, вайсковы гісторык

4. «У Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце сказана, што Беларусь будзе імкнуцца зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай. Гэта па-першае. Па-другое, ёсьць сур’ёзныя прычыны для перасьцярогі, што расейскія войскі могуць увайсьці і ня выйсьці. Нагадаю ліпень 2008 году, калі расейскія войскі правялі вучэньні „Каўказ-2008“, пасьля чаго адбылося ўварваньне расейскіх войскаў у Грузію. Тое самае — Крым. Расейцы змаглі яго акупаваць, бо там былі разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы. Таму пагроза небеспадстаўная».

Зьміцер Захарэвіч, рух салідарнасьці «Разам»

5. «У манэўрах „Захад-2017“ будзе задзейнічана 12 700 вайскоўцаў. Сярод іх 3000, якія прыбудуць у Беларусь з Расеі. Няўжо вы лічыце, што 3000 вайскоўцаў і 4000 вагонаў, якія будуць перавозіць вайсковую тэхніку, будуць у стане захапіць незалежнасьць Беларусі?»

Уладзімер Грузьдзеў, намесьнік старшыні «Беларускага славянскага камітэту»

6. «Я служыў у Савецкай Арміі. Я ведаю, што такое 3000 салдат. Гэта ерунда, дробязь, тры палкі. Нічога яны не захопяць».

Мікалай Улаховіч, кіраўнік беларускага казацтва, лідэр Беларускай патрыятычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

7. «Кажуць, што вучэньні „Захад-2017“ — актуальная тэма. Я нідзе ня чуў, каб людзі іх абмяркоўвалі: ні ў Беларусі, ні за мяжой. Што абмяркоўваюць людзі ў Беларусі? Хто багацейшы — куды паехаць адпачыць і тое, што ўвосень новы айфон выходзіць. Хто бяднейшы — як адправіць дзяцей у школу і сабраць ураджай. Каго цікавяць вучэньні? Журналістаў, палітыкаў і экспэртаў».

Алег Гайдукевіч, намесьнік старшыні ЛДПБ

8. «Для нас захаваньне незалежнасьці — самае важнае. Але незалежнасьці не бывае бяз моцнай і прафэсійнай арміі. Таму мы і за тое, каб было больш вучэньняў. Але мы за захаваньне нэўтралітэту. Нельга, каб Беларусь была ўцягнутая ў які-кольвек збройны канфлікт».

Сяргей Спарыш, прадстаўнік БСДП(НГ)

9. «У сьвеце ёсьць толькі два буйныя вытворцы вайсковых тэхналёгій — Амэрыка і Расея. Мы павінны раз і назаўсёды вызначыцца, дзе ўзбройвацца. Мы заўсёды ўзбройваліся разам з Расеяй, за яе кошт. Расея нам дасьць найлепшыя расейскія самалёты. А на што нам сесьці? Хто нам зробіць самалёты? Трактарны завод? Выхад з АДКБ — гэта выхад з саюзу з Расеяй, канфрантацыя з Расеяй. Мы нічога не пабудуем, калі будзем рабіць гэта насуперак Расеі. Гэтаксама, калі мы будзем казаць, што расейская мова кепская — мы нічога не атрымаем».

Алег Гайдукевіч, намесьнік старшыні ЛДПБ

10. «У Беларусі павінна быць падрыхтаваная армія. Вучэньні — неад’емная частка гэтай падрыхтоўкі. Я апытаў 32 чалавекі. 22 нічога ня чулі пра вучэньні. Толькі 2 чалавекі лічаць, што гэта праблема. Але казаць, што гэта праблема ўсёй грамадзкай супольнасьці, — гэта няпраўда, гэта не адпавядае рэчаіснасьці».​

Валер Ухналёў, намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет».