Таўстыка прапануе ўсім кандыдатам на старшыню БНФ падпісаць Дамову

Алесь Таўстыка

Кандыдат на пасаду старшыні БНФ Алесь Таўстыка зьвярнуўся да яшчэ чатырох прэтэндэнтаў — Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова, Вольгі Дамаскінай і Ільлі Дабратвора — з прапановай падпісаць Дамову аб намерах і супрацы па адраджэньні незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Бараніць і адраджаць незалежнасьць спадар Таўстыка прапануе на падставе Канстытуцыі і Будапэшцкага мэмарандуму:

«Гэта азначае, што мы, нават калі некаторых з нас не абяруць на пасаду старшыні, будзем рабіць высілкі і самаахвярныя дзеі, каб, кіруючыся Канстытуцыяй, дамагацца выхаду Беларусі з усіх саюзаў, якія пярэчаць Асноўнаму Закону краіны», — піша Таўстыка.

Прэтэндэнт мае на ўвазе так званую саюзную дзяржаву Беларусь — Расея, АДКБ і Эўразійскі эканамічны саюз.

Таксама заяўляецца пра неабходнасьць «усталяваньня паўнавартаснай, цывілізаванай мяжы з Расеяй, як часткі тэрыторыі Беларусі, над якой сёньня страчаны сувэрэнітэт і дзе ўладараць наркадзялкі, гандляры зброяй і людзьмі, бандыты і махляры».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч так пракамэнтаваў Свабодзе гэты зварот:

«Я лічу, што гэта абсалютна нармальная форма перадвыбарчай барацьбы. Калі некаторыя спрабуюць набываць галасы дэлегатаў зьезду шушуканьнем і нашэптваньнем, калі нехта наагул, выглядае, не праводзіць сваёй кампаніі, то Алесь Таўстыка абраў менавіта такую форму сваёй кампаніі.

Калі ж казаць пра пачатак, то партыя БНФ ад самага свайго стварэньня і восем год пры маім кіраваньні вельмі жорстка і пасьлядоўна адстойвала незалежнасьць: і эканамічную, і вайсковую, і палітычную, і зьнешнепалітычную. Выхад з АДКБ, так званай саюзнай дзяржавы, усталяваньне кантролю на мяжы і г.д. былі ядром нашай палітыкі. Таму, я думаю, усе кандыдаты павінны быць з гэтай прапановай салідарныя.

Але для нас больш важны не Будапэшцкі, а Віленскі мэмарандум. Ён таксама быў створаны ў абарону незалежнасьці, у ім падкрэсьліваюцца важнасьць і роля рады БНР. Пра Будапэшцкі мэмарандум, канечне, варта памятаць. Аднак мы ўсе павінны разумець, асабліва на прыкладзе Ўкраіны, што гэта была больш дэкляратыўная дамова».