Шумчанка пра заявы Лукашэнкі: Хай людзі радуюцца! Ён паказаў, што вы да яго дагрукаліся

Анатоль Шумчанка

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка пракамэнтаваў Свабодзе сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі на адрас дробных прадпрымальнікаў.

Прымаючы з дакладам міністра гандлю Ўладзімера Катловіча, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры, каб усе гандлёвыя структуры, дзяржаўныя і прыватныя, працавалі ў роўных умовах, абвінаваціў прадпрымальнікаў у развале эканомікі, а міністру гандлю сказаў трымацца ранейшых дамоўленасьцяў:

«І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась! Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць».

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка заявіў Свабодзе, што ня бачыць «прысуду» ў словах Лукашэнкі — маўляў, дыялёг пачаўся:

«Роўныя ўмовы, пра якія ён кажа, значаць таксама прыняцьце рашэньняў на роўных. Цяпер пачаліся перамовы ў межах Міністэрства эканомікі зь сябрамі ўраду, яны распачатыя 8-га і расьпісаныя да 17-га. Працоўная група сфармаваная, нас пачулі, перамовы будуць весьціся, сытуацыю будуць урэгулёўваць.

Ну, так, ёсьць такая заява, ну, так, выказаўся. Але хай людзі радуюцца! Вось мне пачынаюць пісаць: „гэта прысуд“, „што ж будзе“, „ён сказаў“.

Людзі, ён паказаў, што вы да яго дагрукаліся, ён пра вас чытае і ведае вашы праблемы. А праблема будзе вырашаная, бо яна сур’ёзная, усе пераканаліся ў гэтым.

Што ён так выказваецца — што ж, мае права. Ці першы раз мы чуем ад яго гэтыя выказваньні? Таму спакой!

Забараняе зьвяртаць увагу на забастоўкі — дык ён сваім выступам кажа, што яны ведаюць і ўжо зьвярнулі ўвагу на гэта. І вынікам гэтага стала тое, што пачынаюцца перамовы».

За дзень да заяваў Лукашэнкі прадпрымальнікам паабяцалі правесьці адмысловую сустрэчу з уладамі адносна ўказу № 222. Нягледзячы на абяцаньні дыялёгу, грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» не адклікала заяўку на мітынг 15 лютага. Адказ на яе мае прыйсьці ў сераду, 10 лютага.