Мінюст ЗША раскрыў справу групоўкі, якая працавала на расейскія спэцслужбы і рыхтавала дывэрсіі і забойствы

Пяць чалавек абвінавачваюцца ва ўдзеле ў змове з мэтай фінансаваньня тэрарызму па ўказаньні Крамля.

Паводле Мінюста ЗША, яны ўваходзілі ў склад сеткі RIS, якая з 2024 года плаціла і спрабавала плаціць грамадзянам ЗША і іншых краін за сачэньне, зьдзяйсьненьне забойстваў расейскіх дысыдэнтаў, а таксама дывэрсіі супраць цывільнай і вайсковай інфраструктуры ў эўрапейскіх краінах, якія падтрымліваюць Украіну.

Трое зь іх, як сьцьвярджаецца, зьяўляюцца высокапастаўленымі чальцамі сеткі. Гэта 63-гадовы былы палкоўнік расейскіх спэцслужбаў Юрый Храмееў, 27-гадовы афіцэр ФСБ Кірыл Храмееў (сын Юрыя Храмеева) і грамадзянін Кубы Аэміс Рамагоса Дуруці, які жыве ў Расеі. Акрамя таго, у вярбоўцы людзей для сеткі ўдзельнічалі грамадзянін Кубы Яідэль Дэльгада Суарэс і грамадзянін Вэнэсуэлы Анхэль Эдуарда Кастра.

Паводле зьвестак ведамства, летам 2026 году сетка завэрбавала грамадзяніна ЗША для сачэньня і забойства расейскага дысыдэнта («ахвяра 1»). Суарэс і Кастра, як паведамляецца, прапанавалі амэрыканцу 40 тысяч даляраў за яго «ліквідацыю» або «зьнікненьне», аднак ён адмовіўся выконваць гэтае заданьне. Акрамя яго, Суарэс спрабаваў завэрбаваць яшчэ некалькі асоб для забойства «ахвяры 1» і іншых людзей.

У 2025 годзе чальцы сеткі зьвярнуліся да іншага грамадзяніна ЗША для сачэньня за чалавекам, які жыве ў Літве («ахвяра 2»), якога яны называлі «кепскім хлопцам» і які нібыта «хлусіў Расеі». Кірыл Храмееў, як сьцьвярджаецца, спачатку плаціў амэрыканцу за сачэньне, а потым пазнаёміў яго зь Юрыем Храмеевым, які, у сваю чаргу, прапанаваў яму 25 тыс. даляраў за забойства «ахвяры 2». Грамадзянін ЗША адмовіўся ад забойства, тады Храмееў прапанаваў яму «прасьцейшую працу» – падпаліць склад з маёмасьцю або прадуктамі або кінуць «кактэйль Молатава» у электрападстанцыю.

Абвінавачаныя застаюцца на волі. Памочнік генпракурора па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Айзэнбэрг заявіў, што яны дзейнічалі па ўказаньні Крамля.

Усе пяцёра абвінавачваюцца ва ўдзеле ў змове з мэтай фінансаваньня тэрарызму. Юрыю Храмееву, Суарэсу і Кастра таксама прад'яўлена абвінавачаньне ў змове з мэтай зьдзяйсьненьня замоўнага забойства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як працуе пракрамлёўская прапаганда новага пакаленьня ў краінах Балтыі