Расейская служба Радыё Свабода прааналізавала сытуацыю.
У першыя месяцы сёлета Ўзброеныя сілы Ўкраіны сапраўды змаглі пачаць контратаку на Аляксандраўскім кірунку, вызваліўшы, паводле зьвестак украінскага камандаваньня, 400 квадратных кілямэтраў тэрыторыі, а таксама ўстанавіць практычна поўны кантроль над Купянскам у Харкаўскай вобласьці, пра «захоп» якога ня раз заяўлялі як прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, так і начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі Валерый Герасімаў.
Аднак расейскія войскі ўсё яшчэ працягваюць наступ на розных участках фронту. Акрамя таго, посьпехі, заяўленыя ўкраінскім камандаваньнем на паўднёвым фронце, могуць быць перабольшаныя: прынамсі, некаторыя з паселішчаў, вызваленых Узброенымі сіламі Ўкраіны, ніколі не былі занятыя расейскімі войскамі, а сам раён украінскага наступу цяпер становіць сабой вялікую «шэрую зону», якую не кантралююць ні Ўкраіна, ні Расея.
Што вядома аб украінскім прасоўваньні
У пачатку леташняга году, пасьля захопу Вялікай Навасёлкі, што на стыку адразу трох вобласьцяў — Данецкай, Запароскай і Днепрапятроўскай, — расейскія войскі сталі шырокім фронтам прасоўвацца на захад, у кірунку Гуляйполя (Запароская вобласьць) — адзінага вялікага паселішча ў гэтай частцы рэгіёну. Паміж ім і Арэхавам, іншым важным для ўкраінскай абароны горадам у Запароскай вобласьці, месьцяцца толькі палі і сёлы.
Паралельна расейскія войскі прасоўваліся на поўнач і паўночны ўсход, у кірунку Днепрапятроўскай вобласьці. Увосень і зімой 2025 году расейская армія нарошчвала посьпех у гэтым раёне, і на канец студзеня 2026 году пад поўным кантролем расейцаў былі прынамсі 8 населеных пунктаў Днепрапятроўскай вобласьці.
Мапа ад DeepState
Прасоўваньню расейскай арміі спрыялі і няўдачы ўкраінцаў у раёне Гуляйполя: у лістападзе расейцы літаральна за месяц усутыч наблізіліся да гэтага гораду, сытуацыя для ўкраінскай групоўкі істотна пагоршылася.
Баі за Гуляйполе вялі некалькі месяцаў, у лютым яго захапілі расейскія войскі, як пісаў амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW). Украінскі аналітычны партал DeepState не пацьвярджае гэтую інфармацыю; як вынікае зь яго мапы, прынамсі паўночна-ўсходнія ўскраіны гораду дагэтуль застаюцца ў «шэрай зоне».
Так ці інакш, няўдачы Ўзброеных сілаў Украіны ў гэтым раёне дазволілі расейскай арміі рухацца на захад, у кірунку Арэхава, а таксама пашырыць пляцдарм наступу на поўначы, на стыку з Днепрапятроўскай вобласьцю і наўпрост у ёй.
У канцы студзеня ўкраінскія сілы ў рэгіёне пачалі наступальныя дзеяньні на Аляксандраўскім кірунку. Мэтай было стабілізаваць і палепшыць тактычнае становішча ўкраінскай арміі, а таксама прымусіць расейскае войска выкарыстоўваць назапашаныя для ўласнага наступу рэзэрвы, паведаміў Расейскай службе BBC камандзір 1-га Асобнага штурмавога палку Дзьмітро Філатаў.
23 лютага галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што з канца студзеня на Аляксандраўскім кірунку групоўка дэсантна-штурмавых войскаў і сумежных падразьдзелаў аднавіла кантроль над 400 км² тэрыторыі і васьмю населенымі пунктамі.
Украінскія войскі атакавалі расейскія сілы адразу зь некалькіх кірункаў: з боку Цернаватага на паўночны ўсход ад расейскага пляцдарму і з боку Пакроўскага на поўнач ад яго. У выніку гэтых дзеяньняў, паводле ўкраінскага камандаваньня, практычна цалкам вызвалена акупаваная частка Днепрапятроўскай вобласьці.
Аднак аўтар, які піша ў сацсетцы Х пад псэўданімам Playfra, сьцьвярджае, што пад рэальны кантроль Украіны за месяц апэрацыі маглі перайсьці толькі 20 квадратных кілямэтраў тэрыторыі ў раёне Цернаватага — Дабрапольля, дзе ўкраінскія войскі змаглі выціснуць расейскія сілы за раку Гайчур, а таксама правесьці зачыстку і замацавацца на новых пазыцыях.
Гэты аўтар ня згодны з заявай Сырскага аб вызваленьні 400 квадратных кілямэтраў. Plafyra адзначае, што тэрыторыю на поўдзень ад Вербавога памылкова залічваюць да «вызваленых», і піша, што ў гэтым раёне ўкраінскія сілы ў першую чаргу зачысьцілі Новааляксандраўку, Аляксееўку і лесапалосы на поўдзень ад гэтых паселішчаў. Расейскім вайскоўцам так і не ўдалося замацавацца ў гэтым раёне, і яны, на думку аналітыка, «ужо даўно адмовіліся ад спробаў захапіць гэтыя населеныя пункты».
Пасьля гэтага, піша Playfra, украінская пяхота зь Вішнёвага, Вербавога, Ягораўкі і Прывольля прасунулася наперад і заняла новыя пазыцыі ў палях у кірунку Ўсьпенаўкі. Украінцы і так знаходзіліся ў гэтых чатырох паселішчах, таму яны не маглі быць вызваленыя, піша ён. Зрэшты, на 2 сакавіка паўнавартасную зачыстку ад інфільтраваных групаў у гэтым раёне так і не правялі.
«Прасоўваньне пяхоты наперад не азначае зачыстку тэрыторыі. У расейскіх сілах назіраецца тая ж праблема, але яны ўважаюць за лепшае ўнікаць зачыстак і проста працягваюць наступ, разьлічваючы, што ўкраінскія цэнтры супраціву або будуць зьнішчаныя, або здадуцца, або адступяць на свае пазыцыі. Выснова: я нязгодны з мапамі, якія афарбоўваюць у сіні колер нейкія тэрыторыі, апроч пляцдарму каля Цернаватага», — адзначае Playfra.
Прыблізная ацэнка ўкраінскіх і расейскіх пазыцыяў у раёне на пачатак сакавіка:
Украінскі праект DeepState не сьпяшаецца «перафарбоўваць» сваю карту. Ён сапраўды перанёс частку падкантрольных Расеі тэрыторыяў у «шэрую зону», але нават празь месяц пасьля заяваў Сырскага не прызнаў кантролю над вызваленай, паводле галоўнакамандуючага, тэрыторыяй — яна ўсё яшчэ застаецца «шэрай», гэта значыць непадкантрольнай ні Расеі, ні Ўкраіне.
«Супернік працягвае ўжываць тактыку пранікненьня ў глыбіню нашай абароны. Таму на мапе можна бачыць вялікую плошчу „шэрай зоны“, у тым ліку ў населеных пунктах, якія заяўляліся як вызваленыя, хоць яны ніколі і не былі акупаваныя», — напісалі аналітыкі 23 сакавіка, камэнтуючы сытуацыю на гэтым участку.
Варта, аднак, адзначыць, што і ніякага прасоўваньня расейскіх сіл на гэтым участку фронту за апошнія тыдні не зафіксавалі. Акрамя гэтага, расейскае камандаваньне вымушана было рэагаваць на абвастрэньне сытуацыі на аляксандраўскім кірунку і перакідваць туды дадатковыя сілы, у прыватнасьці, падразьдзелы 68-га армейскага корпусу з пакроўскага кірунку і адтуль жа — 40-ю брыгаду марской пяхоты. Акрамя гэтага, з-пад Пакроўску на гуляйпольскі кірунак перакінулі і частку сілаў 55-й дывізіі марской пяхоты.
Амэрыканскі вайсковы экспэрт Роб Лі адзначае, што вынікі контратак на аляксандраўска-гуляйпольскім кірунку залежаць ад мэтаду вызначэньня цяперашняй лініі фронту.
«Некаторыя ацэнкі таго, колькі тэрыторыяў Украіна вярнула, зыходзяць са здагадкі, што Расея кантралявала ўсё, куды змагла пракрасьціся, але я ня ўпэўнены, што гэта так. Таму дагэтуль не зусім ясна, якую тэрыторыю Ўкраіна кантралявала да апэрацыі і якую кантралюе цяпер. Значная частка гэтых раёнаў застаецца «шэрай зонай», — сказаў ён у размове з Свабодай.
Вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец мяркуе, што расейская армія на аляксандраўскім кірунку вымушана перайшла да актыўнай абароны. На сярэдзіну сакавіка Ўзброеныя сілы Ўкраіны працягвалі дабівацца лякальных посьпехаў на гэтым кірунку, пры гэтым, адзначыў аналітык, украінскія атакі не прывялі да поўнага спыненьня наступальных дзеяньняў гэтай групоўкі, хоць і змаглі іх запаволіць.
Паводле яго, сытуацыя на гуляйпольскім кірунку носіць дваісты характар. З аднаго боку, расейская 5-я гвардзейская агульнавайсковая армія дасягае рэальных тактычных посьпехаў на гэтым кірунку, якія абцяжарваюць становішча ўкраінскіх войскаў у раёне і нават пагражаюць атачэньнем некаторым украінскім падразьдзелам. Зь іншага боку, мяркуе Машавец, пасьпяховыя контратакі ўкраінцаў на правым флянгу 5-й расейскай арміі і на сумежным зь ёй левым флянгу 36-й агульнавайсковай арміі Расеі прывялі да таго, што ўкраінскія сілы занялі пераважныя над расейскімі пазыцыі і цяпер спрабуюць наступаць на захад і паўночны захад ад Гуляйполя.
Цягам часу Ўзброеныя сілы Ўкраіны, хутчэй за ўсё, таксама ўзялі пад практычна поўны кантроль горад Купянск у Харкаўскай вобласьці. У верасьні расейская арміі змагла прасунуцца ў гэтым раёне і зайсьці ў сам горад. Сытуацыя заставалася напружанай, але ў лістападзе–сьнежні 2025 году ўкраінцы правялі наступ на захад ад Купянску і разблякавалі большую частку гораду, хоць у ім і назіралася частковая прысутнасьць расейскіх вайскоўцаў. З таго часу ўкраінскае войска праводзіла паступовую зачыстку гораду, але расейскія ўлады працягвалі сьцьвярджаць, што цалкам кантралююць яго.
Уладзімір Зяленскі ў Купянску, 12 сьнежня 2025 году
19 сьнежня аб гэтым заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ён таксама адзначыў, што ў гэтым раёне «аточаныя 15 батальёнаў Узброеных сілаў Украіны», або 6–9 тысяч вайскоўцаў. Расейскі Telegram-канал «Рыбарь» прыблізна ў той жа час пісаў, што сытуацыя для расейскіх войскаў у Купянску «горш за крытычную».
Іншы расейскі Z-канал, «Два майора», назваў паведамленьні аб узяцьці Купянску «інфармацыйна-псыхалягічнай апэрацыяй», у якой Расея «перамагла сама сябе». Аўтары каналу «Военный обозреватель» тады ж адзначылі, што расейскія вайскоўцы страцілі кантроль амаль над усёй тэрыторыяй Купянску.
Нягледзячы на гэта, 27 сьнежня Міністэрства абароны Расеі заявіла аб кантролі над Купянскам.
Празь месяц, 27 студзеня, начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Расеі Валерый Герасімаў заявіў ужо аб кантролі над Купянскам-Вузлавым, пасёлку гарадзкога тыпу за чатыры кілямэтры на паўднёвы ўсход ад Купянску. 29 студзеня апублікавалі відэа, на якім камандзір 413-га асобнага батальёнў украінскай арміі Раман Кавалёў ідзе па цэнтры Купянска-Вузлавога бяз сродкаў індывідуальнай абароны. На відэа не чуваць ні страляніны, ні выбухаў.
Пасьля гэтага вакол Купянску назіралася адноснае інфармацыйнае зацішша, пакуль 20 сакавіка Z-блогер Уладзімір Раманаў не напісаў у сваім Telegram-канале, што горад «амаль цалкам занялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны».
DeepState map
Вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец адзначае, што расейскія войскі так і не змаглі дэблякіраваць сваіх вайскоўцаў, якія захрасьлі ў купянскай лякарні, хаця «і вельмі стараліся гэта зрабіць». Пры гэтым, лічыць ён, расейскае камандаваньне наўрад ці адмовіцца ад актыўных дзеяньняў на гэтым напрамку.
«У першую чаргу, праз маральна-псыхалягічныя праблемы ў інфармацыйнай прасторы свайго вышэйшага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва. Адпаведна, самі расейскія вайскоўцы будуць вельмі і вельмі старацца, каб „узяць Купянск“ у рэчаіснасьці», — напісаў ён.
Акрамя посьпехаў на аляксандраўскім кірунку і імавернага завяршэньня зачысткі Купянска, украінскім сілам удалося крыху адсунуць расейскія войскі ў раёне Сьцепнагорску — пасёлку, што за 30 кілямэтраў ад Запарожжа: там украінскім войскам удалося запаволіць расейскі наступ і зрэзаць кавалкі «шэрай зоны» ў раёне Прыморскага і Лук’янаўскага.
DeepState map
У сярэдзіне лютага Машавец пісаў, што прасоўваньне расейскіх войскаў у раёне горада Сьцепнагорск запаволілася і амаль цалкам «абнулілася», а ўкраінскія сілы правялі сэрыю контратак і ня толькі «рэзка запаволілі агульны наступ праціўніка, але і прымусілі расейскае камандаваньне адвесьці свае перадавыя падразьдзелы назад».
Тады ж расейскі праваенны блогер Рыбар заявіў, што абстаноўка на гэтым кірунку «рэзка ўскладнілася», украінскія сілы спрабуюць «зрэзаць клін да Запарожжа на беразе былога Кахоўскага вадасховішча» і «перайшлі ў наступ на ўчастку шырынёй каля 20 кілямэтраў».
У сярэдзіне сакавіка Машавец напісаў, што расейскія войскі беспасьпяхова спрабавалі аднавіць прасоўваньне сваіх сіл на гэтым участку. DeepState таксама не зафіксаваў прасоўваньне расейскіх сілаў на гэтым участку за апошні час.
Прасоўваньне расейскіх войскаў у гэтым раёне можа дазволіць Расеі наносіць усё больш інтэнсіўныя ўдары па абласным цэнтры, ускладняючы жыцьцё мясцоваму насельніцтву і лягістыцы войска. Яшчэ адной мэтай расейскага наступу ў раёне Прыморскага і Сьцепнагорску можа стаць спроба перарэзаць трасу Запорожжа—Арэхаў, каб падрыхтаваць пляцдарм для далейшага, больш вялікага наступу.
За кошт чаго Ўкраіна наступае
Роб Лі назваў некалькі прычын, дзякуючы якім украінская армія змагла правесьці шэраг пасьпяховых наступальных апэрацый на розных участках фронту. Па-першае, адзначыў ён, на гэта ўплывае абраная Расеяй тактыка інфільтрацыі, пры якой глыбіня прасоўваньня расейскіх груп не азначае фактычны кантроль над тэрыторыяй. Да таго ж, дадаў ён, нават калі тактыка інфільтрацыі дазваляе Расеі дасягнуць кантролю над вызначанай тэрыторыяй, ён не заўсёды зьяўляецца трывалым. Па-другое, сказаў экспэрт, на посьпех украінскіх наступаў паўплывала і дрэннае надвор’е: абцяжарвае прымяненьне БПЛА, што дае перавагу таму боку, які наступае.
Роб Лі таксама нагадаў, што на аляксандраўскім кірунку знаходзіліся найбольш падрыхтаваныя падразьдзелы: штурмавыя палкі і дэсантна-штурмавыя брыгады.
«Гэта найбольш элітныя часткі, якія адначасова вялі наступальныя дзеяньні на некалькіх кірунках, ствараючы на кожным зь іх праблемы для расейскай арміі. Калі Ўкраіна канцэнтруе сілы і мае час падрыхтавацца да апэрацыі, яна можа дабівацца посьпеху і адціскаць расейскія войскі», — сказаў ён.
На пытаньне аб тым, наколькі лягічна перакідваць найбольш эфэктыўныя падразьдзелы з найбольш «гарачых» кірункаў, Роб Лі адзначыў, што фактычна Расея прымусіла Ўкраіну так зрабіць. Ён тлумачыць, што ўвосень Расея спрабавала рушыць наперад у раёне Пакроўска і Дабрапольля (Данецкая вобласьць), але не змагла дабіцца там сурʼёзных посьпехаў, таму пачала больш актыўна наступаць у раёне Гуляйполя, каб расьцягнуць абарону ўкраінскіх сіл.
Тады ўкраінскае камандаваньне вымушана перакінула на гэты кірунак свае элітныя падразьдзелы, каб запаволіць расейскі наступ. Пасьля гэтага яны стабілізавалі сытуацыю і змаглі часткова адціснуць суперніка.
«Праблема ў тым, што штурмавыя падразьдзелы часта выкарыстоўваюцца для стабілізацыі лініі фронту ў месцах, дзе Расея прасунулася, а ўкраінскія брыгады адчуваюць цяжкасьці. Калі іх выкарыстоўваюць у такой абарончай ролі, у іх менш часу на падрыхтоўку наступальных апэрацый».
Амэрыканскі экспэрт мяркуе, што калі сёлета Ўкраіна зможа адносна стабільна ўтрымліваць фронт і выйграць час для падрыхтоўкі штурмавых падразьдзелаў, можна будзе чакаць больш пасьпяховых наступальных апэрацый.
Брытанскі Каралеўскі абʼяднаны інстытут абаронных дасьледаваньняў (RUSI) вывучыў, як украінскае камандаваньне зьмяніла падыход да плянаваньня вялікіх наступальных апэрацый у адказ на дамінацыю бесьпілётнікаў у небе і нізкую эфэктыўнасьць мэханізаваных штурмаў.
Аналітыкі на аснове размоваў з украінскімі афіцэрамі стварылі прыблізную схему ўкраінскай наступальнай апэрацыі новага ўзору, падзеленую на 7 этапаў:
- Збор зьвестак. Украінская армія праводзіць дэталёвую выведку расейскіх пазыцый, канцэнтруючыся ў першую чаргу на лягістыцы і забесьпячэньні, а таксама шляхах ратацыі, пазыцыях артылерыі, СПА і РЭБ, а таксама кропках запуску FPV-дронаў, вылічваючы такім чынам і самі экіпажы дронаў.
- Ізаляцыя сэктару. Яна ўключае ў сябе два элемэнты: правядзеньне ўдарных апэрацый сярэдняй далёкасьці (15-45 кілямэтраў ад умоўнай лініі фронту) для вывядзеньня з ладу сродкаў падтрымкі праціўніка і адразаньне лягістычных шляхоў і шляхоў забесьпячэньня: гэта адбываецца за кошт дыстанцыйнага мініраваньня падыходаў да перадавых пазыцыяў праціўніка пры дапамозе бесьпілётнікаў.
- Зьніжэньне баяздольнасьці. Яно ўключае ў сябе больш дасканалую выведку і пацэльваньне па мэтах ужо непасрэдна ўнутры сэктара патэнцыйнага наступу.
- «Фіксацыя» праціўніка. У ходзе гэтай фазы ўкраінскія сілы імкнуцца пры дапамозе масавага выкарыстаньня бесьпілётных сродкаў захаваць цяперашнюю канфігурацыю фронту. Такім чынам, Узброеныя сілы Ўкраіны фактычна замарожваюць абстаноўку ў гэтым сэктары і не даюць расейскім падразьдзелам перадысьлякавацца і папоўніць страты, а таксама захоўвае актуальнасьць сабраных раней выведных зьвестак.
- Падаўленьне. На гэтым этапе сілы, што ажыцьцяўляюць наступ, актыўна задзейнічаюць на полі бою сродкі падтрымкі, якія забясьпечваюць непасрэдную бачнасьць пазыцый праціўніка: украінскія вайскоўцы, адзначае RUSI, у апошні час выкарыстоўваюць для гэтага наземныя рабатызаваныя комплексы (НРК). Яны таксама дазваляюць падчас наступаў душыць пазыцыі агнём з флянгаў: НРК выкарыстоўваюць ня толькі для забесьпячэньня і эвакуацыі параненых, але і для вядзеньня агню. Разам з гэтым актыўна працуюць украінскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы, а таксама артылерыю, у тым ліку рэактыўную, паколькі дроны горш сябе праяўляюць, калі працуе РЭБ.
- «Заблякаваць і зьнішчыць». Ва ўмовах падаўленьня праціўніка ў бой уступаюць штурмавыя групы, якія падтрымліваюць танкі і бронетэхніка. Разам з гэтым паветраную прастору кантралююць дроны, а па флянгах НРК вядуць агонь. Бронетэхніка дастаўляе пяхоту на пазыцыі праціўніка пры падтрымцы агнём з 30-мілімэтровых гармат, пасьля чаго штурмавыя групы зачышчаюць расейскія пазыцыі пры дапамозе гранат.
- Замацаваньне. Штурмавыя падразьдзелы замяняюць пяхотай, якая павінна ўзьвесьці новыя ўмацаваньні на занятым участку. Сілы наступу затым могуць перайсьці на прыкрыцьцё подступаў да аспрэчванай зоны з выкарыстаньнем прамога агню пры дапамозе абарончых збудаваньняў і БПЛА. На пачатковым этапе міны, усталяваныя падчас фазы ізаляцыі, могуць служыць абарончым бар’ерам супраць контратак. Пасьля гэтага сілы могуць плянаваць барацьбу за наступны ўчастак.
Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што ня ўсе ўкраінскія падразьдзелы валодаюць падрыхтоўкай або рэсурсамі для правядзеньня падобных апэрацый, аднак украінскія афіцэры ацэньваюць, што пасьпяховыя наступы з выкарыстаньнем гэтых мэтадаў прыводзяць прыкладна да 5% страт у спрыяльнай мясцовасьці і каля 10% у неспрыяльнай. Пры гэтым у няўдалых наступах, калі гэтыя мэтады не выкарыстоўваюць, страты могуць дасягаць 50%, піша RUSI.
Якія праблемы мае расейскае войска
Роб Лі адзначыў, што расейская тактыка інфільтрацыі горш працуе зімой: бязь лісьця малым групам больш складана маскіравацца, а зьмёрзлая зямля не дазваляе нармальна акапацца, ды і сам па сабе холад ускладняе жыцьцё расейскім салдатам, якія прабіліся за перадавыя ўкраінскія пазыцыі.
Ён таксама адзначае зьніжэньне якасьці падрыхтоўкі расейскай пяхоты і павелічэньне якасьці падрыхтоўкі апэратараў БПЛА.
«Пытаньне мабілізацыі застаецца ключавым: ці зможа Расея набраць дастатковую колькасьць людзей сёлета? Іх заяўленая мэта — 409 тысяч чалавек. Летась і пазалетась яны дасягалі сваіх мэтаў. Калі гэтая тэндэнцыя прадоўжыцца, яна дазволіць арміі Расеі захаваць за сабой перавагу, таму што яна галоўным чынам заключаецца ў колькасьці. Украіна па-ранейшаму адчувае нястачу асабовага складу, і Расея прасоўваецца менавіта дзякуючы гэтаму».
Роб Лі адзначыў, што сёлета шмат будзе залежаць ад каардынацыі ўкраінскага войска: калі кіраваньне будзе працаваць эфэктыўна, а брыгады будуць утрымліваць свае пазыцыі пры падтрымцы сіл БПЛА, Украіна зможа эфэктыўна ўтрымліваць лінію фронту, аднак, сказаў экспэрт, для больш дакладных высноў варта дачакацца паляпшэньня надвор’я.
Сярод іншых прычын лякальных няўдач расейскай арміі аналітыкі вылучылі адключэньне яе ад спадарожнікавай сувязі Starlink і запаволеньне мэсэнджэра Telegram, якімі для сувязі і каардынацыі карысталася абсалютная большасьць расейскіх вайскоўцаў.
Ці можна казаць аб зьнясіленьні расейскай арміі
Каманда аналіітычнай групы Frontelligence Insight мяркуе, што расейскія сілы сапраўды дэманструюць прыкметы зьнясіленьня, але не ў клясычным сэнсе недахопу асабовага складу: на іх думку, праблема, хутчэй, заключаецца ў пагаршэньні фізычнага і псыхалягічнага стану вайскоўцаў.
«У многіх выпадках прасоўваньне забясьпечваецца за рахунак прымусу, уключаючы пакараньне сьмерцю і жорсткае абыходжаньне, што дадаткова падрывае баявы дух і зьніжае баявую эфэктыўнасьць, нягледзячы на прыток навабранцаў, які працягваецца», — мяркуе кіраўнік групы, які піша ў сацыяльнай сетцы Х пад псэўда Tatarigami_UA.
У той жа час, з другой паловы 2025 году ўсё часьцей назіраюцца сытуацыі, калі расейскія падразьдзелы нясуць страты хутчэй, чым здольныя папаўняць асабовы склад. Гэта азначае, што па меры працягу вайны эфэктыўнасьць іх наступаў зьмяншаецца, а выкарыстаньне рэсурсаў павялічваецца, мяркуе аналітык Tatarigami.
Пры гэтым нельга сказаць, што расейскае войска спыніла наступы. Зь нядаўняй зводкі Інстытуту вывучэньня вайны вынікае, што расейская армія ўсё яшчэ спрабуе наступаць у Сумскай і Харкаўскай вобласьцях з мэтай стварэньня буфэрных зон. У Данецкай вобласьці расейскія войскі спрабуюць захапіць Ліман і рушыць наперад у кірунку Славянска, а таксама захапіць Канстанцінаўку, паўднёвыя ўскраіны якой ужо знаходзяцца ў «шэрай зоне». Паралельна расейская армія, пасьля практычна поўнага захопу Пакроўска і Мірнаграда, імкнецца рушыць наперад у кірунку Дабрапольля як з поўдня, так і з усходу. Акрамя гэтага, расейскае войска ўсё яшчэ наступае на захад ад Гуляйполя ў кірунку Арэхава.
Як адзначае DeepState, найбольш актыўныя баявыя дзеяньні цяпер адбываюцца на пакроўскім кірунку, на другім месцы знаходзіцца канстанцінаўскі, на трэцім — славянскі. Рост актыўнасьці аналітыкі таксама зафіксавалі на ліманскім кірунку.
ISW 22 сакавіка паведаміў аб пачатку расейскага наступу. Паводле экспэртаў амэрыканскага інстытуту, штурмавыя дзеяньні фіксавалі ў Данецкай вобласьці, калі расейцы спрабавалі захапіць Канстанцінаўку, Дружкаўку, Краматорск і Славянск.
Падобную інфармацыю ў той жа дзень апублікаваў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён напісаў у сацсетках, што ўкраінскае войска фіксуе спробы расейцаў актывізаваць наступальныя дзеяньні, карыстаючыся спрыяльным для гэтага надвор’ем.
Сапраўды, у сакавіку расейскія войскі пачалі спрабаваць праводзіць мэханізаваныя штурмы на розных участках фронту. Напрыклад, 19 сакавіка яны пачалі на ліманскім кірунку адну з найбуйнейшых за ўвесь час уварваньня спроб мэханізаванага наступу: паводле Трэцяга вайсковага корпусу ўкраінскай арміі, падчас спробы штурму расейскія сілы задзейнічалі 28 адзінак бронетэхнікі і больш за 100 матацыклаў і квадрацыклаў.
Прадстаўнікі падразьдзелу заявілі аб зьнішчэньні 84 адзінак мотатэхнікі, 11 БМП і БТР і трох танкаў, больш за 160 бесьпілётнікаў, аб пацэльваньні па цяжкай агнямётнай сыстэме «Сонцапёк» і пяці артылерыйскіх гарматах. За суткі расейскае войска страціла 288 чалавек забітымі і 117 параненых.
І хоць, на думку некаторых аналітыкаў, мэханізаваныя штурмы зьяўляюцца сэзоннай зьявай і, імаверна, у хуткім часе іх інтэнсіўнасьць пачне зьніжацца праз дарагую цану і неэфэктыўнасьць, важным зьяўляецца тое, што расейскія войскі не спыняюць наступы на ўсіх лініях фронту.
«Апошнім часам інтэнсіўнасьць наступаў ужо пачала павялічвацца, таму трэба назіраць, ці зможа Расея гэтым скарыстацца і наколькі Ўкраіна падрыхтавалася за зіму, каб нівэліраваць перавагі Расеі», — сказаў амэрыканскі экспэрт Роб Лі.
Лі мяркуе, што Расея захавае за сабой ініцыятыву на фронце, паколькі яна ўсё яшчэ застаецца «бокам, які наступае, і працягвае прасоўвацца».
«Пакуль Расея здольная набіраць дастатковую колькасьць новых салдат, яна будзе захоўваць здольнасьць да прасоўваньня, але пры гэтым ёсьць падставы лічыць, што ўмовы для Ўкраіны сёлета будуць лепшыя, чым летась, і што Расеі прасоўвацца будзе больш складана», — сказаў ён.
Украіна пачынае лепш разумець, як весьці наступальныя апэрацыі ва ўмовах актыўнага выкарыстаньня дронаў, лепш стала выкарыстоўваць штурмавыя войскі, таму цалкам магчыма, што сёлета Ўкраіна зможа праводзіць больш пасьпяховыя наступальныя апэрацыі, рэзюмаваў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: удары вывелі з ладу 40% магутнасьцяў Расеі ў экспарце нафты