Скаргу Скрабца Ярмошына накіравала тым, на каго ён наракаў

Сяргей Скрабец

Апазыцыйны палітык Сяргей Скрабец паскардзіўся старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай на шэраг грубых парушэньняў пры галасаваньні ў 96-й выбарчай акрузе, дзе ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты. І вось які адказ ён атрымаў:

«Паведамляем, што Ваша скарга аб прызнаньні выбараў несапраўднымі па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96 у адпаведнасьці з часткай чацьвёртай артыкула 82 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь накіравана для разгляду ў акруговую выбарчую камісію Чкалаўскай выбарчай акругі № 96 з просьбай аб выніках разгляду Вас праінфармаваць.

Старшыня камісіі Л. М. Ярмошына».

Спадар Скрабец так пракамэнтаваў гэты ліст:

«За 16 гадоў нічога не зьмянілася. У 2000 годзе я стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Лідзкай выбарчай акрузе. Штомесяц пісаў ад 20 да 30 дэпутацкіх запытаў на падставе скаргаў сваіх выбарнікаў. Накіроўваў іх у розныя інстанцыі: прэзыдэнцкую Адміністрацыю, міністэрствы, ведамствы. І кожны раз атрымліваў адказ — ваш ліст накіраваны для разбору ў... Ліду.

Гэтаксама і зараз. Я скарджуся на акруговую камісію, а мой ліст накіроўваюць менавіта гэтай жа камісіі. Я не сумняваўся, што так будзе. А чаму тады зьвярнуўся да Ярмошынай? Каб у яе не было падставаў публічна заяўляць на тэлебачаньні, што ніякіх скаргаў па выніках выбараў няма».