Севярынец: Падтрымаўшы акупацыю Крыму і Данбасу, Лукашэнка пілуе сук, на якім сам сядзіць

Павал Севярынец

Аляксандар Лукашэнка сёньня, выступаючы на зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, зрабіў крытычныя заявы пра падзеі на саміце «Ўсходняга партнэрства», які праходзіць у Рызе.

Кіраўніку Беларусі не падабаецца, што на саміце «ў кожным дакумэнце кляймяць ганьбаю Расею, не наўпрост, дык ускосна... Але ж Расея ня ўдзельнічае ва „Ўсходнім партнэрстве“. Чаму завочна, без Расеі мы павінны яе дубасіць, у тым ліку за Крым і гэтай далей?... І на нас крыўдзяцца, што мы гэта не падтрымалі. Гэта мая прынцыповая пазыцыя: „Усходняе партнэрства“, іншыя арганізацыі не павінны быць скіраваныя супраць кагосьці. Мы павінны адстойваць свае інтарэсы. Чаму мы павінны быць супраць Расеі?»

Гэтыя заявы грунтуюцца на адным — Лукашэнка хоча спадабацца Расеі,— упэўнены сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

«Нягледзячы на перамовы, якія ён вядзе з эўрапейцамі, публічна ён падтрымлівае расейскую палітыку. І гэта згубна і для яго самога, і для Беларусі. Таму што падтрымліваць акупацыю Крыму і Данбасу азначае пілаваць сук, на якім сядзіш. І для самога Лукашэнкі, і, паколькі ён аднаасобны кіраўнік Беларусі, гэта азначае кепскі варыянт і для Беларусі.

А называецца ўсё гэта вельмі проста — прарасейская, пракрамлёўская палітыка.

У сёньняшняй прамове Лукашэнка цалкам здае беларускія нацыянальныя інтарэсы. І здае інтарэсы Ўкраіны».