Севярынца выклікалі ў суд

Павал Севярынец

Разгляд справы Паўла Севярынца за ўдзел у акцыі 24 лістапада мінулага году быў прызначаны на 19 студзеня ў Маскоўскім судзе Менску. Палітык мяркуе, што яго судзілі завочна.

Павал Севярынец распавёў карэспандэнту Свабоды, што позву ў суд яму даслалі ў Віцебск.

«Сытуацыя блізкая да анэкдоту. Мне патэлефанавала матуля недзе ў 14:20, што выпадкова зайшла на пошту, а там ляжыць мне позва ў суд. Хоць пасьля выхаду на волю я афармляўся ў Менску ў Фрунзенскім раёне, хадзіў адзначацца ў пастарунак і ўсе ведаюць, што я тут жыву. Позва прыйшла туды, прычым яе ніхто нікому не перадаваў, яна проста ляжала на пошце. І ўчора на 14:30 быў прызначаны суд. То бок я думаю. што мяне ўжо асудзілі і павінна прыйсьці папера, што суд адбыўся. Прычым падазраю, што паперу зноў прышлюць у Віцебск».

Як патлумачыў Павал Севярынец, 24 студзеня наагул заканчваецца тэрмін па справе.

«Па Адміністрацыйным кодэксе тэрмін даўнасьці — два месяцы, і яны, відаць, хуценька, галоўнае, каб бяз шуму, хочуць усё завяршыць: выпісалі штраф, дый усё. Але я пакуль ня ведаю вынік разгляду справы. Я думаю, што перад разглядам пытаньня пра санкцыі яны вырашылі і штрафаваць, і адначасова каб гэта было цішком. Яны ня хочуць цяпер скандалаў. Але што характэрна, калі б шчырыя намеры ў іх былі, то яны наагул не ўзбуджалі б гэтых спраў і ў іншым кірунку рухаліся. Але хочуць заставацца такімі ж самымі і крыху прыхоўваюць гэтую справу, каб пра яе было менш чуваць».

Карэспандэнту Свабоды ў судзе адмовіліся даць інфармацыю па справе Паўла Севярынца.

24 лістапада Павал Севярынец узяў удзел у акцыі з нагоды гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. У пратаколе было пазначана, што склад правапарушэньня ўтрымліваецца ва «ўскладаньні запаленых сьвечак да прыступак Дома ўраду».

Запаленыя сьвечкі каля Дому ўраду, 24 лістапада 2015

19 студзеня за ўдзел у гэтай жа акцыі Маскоўскі суд Менску аштрафаваў актывістаў Алеся Макаева на 9 450 000 рублёў і Максіма Вінярскага на 10,5 мільёна рублёў.