Цуды Беларусі. Сем храмаў, дзе бараніліся малітваю і агнястрэльнай зброяй

Неспакойны час абумовіў будаўніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі сьвятыняў з абарончай функцыяй. У мірны час тут маліліся, у выпадку пагрозы — хаваліся і адбіваліся. Аздабленьнем абарончых храмаў былі вежы, вузкія байніцы, круглыя вокны і паясы машыкулёў, каб страляць на далёкую адлегласьць і весьці бой ля падножжа муроў.

У супольным праекце Свабоды і парталу «Плянэта Беларусь» «7 цудаў Беларусі» мы расказваем пра малавядомыя архітэктурныя і прыродныя адметнасьці Беларусі.


1. Царква Сьвятога Арханёла Міхаіла ў Сынкавічах. Зэльвенскі раён, Горадзенская вобласьць

Царква Сьвятога Арханёла Міхаіла ў Сынкавічах Зэльвенскі раён, Горадзенская вобласьць

Міхайлаўская царква ў Сынкавічах мае выгляд невялікага ўмацаванага замка, у верхняй частцы завершанага «ліхтарыкам». Гэты рэдкі ў архітэктуры элемэнт выкарыстоўваўся як назіральны пункт.

Сынкавіцкая царква — адзін зь нешматлікіх і найбольш раньніх гатычных праваслаўных храмаў абарончага тыпу, які захаваўся на Беларусі. Таўшчыня яго сьцен дасягае паўтара мэтра. На кожным рагу сьвятыні ўзвышаецца вежа зь некалькімі ярусамі байніц. Вінтавыя лесьвіцы ў вежах вялі на баявую галерэю на паддашку. Байніцы ў франтоне і акруглыя байніцы па пэрымэтры верхняй часткі трох сьцен упрыгожвалі і баранілі храм — празь іх можна было весьці мушкетны агонь на далёкую адлегласьць. Машыкулямі карысталіся ў выпадку бліжняга бою. Стоячы непарушна сярод прыродных прастораў, царква і сёньня выклікае пачуцьцё бясьпекі.

2. Царква Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы ў Мураванцы. Шчучынскі раён, Горадзенская вобласьць


Сьвятыню ў Мураванцы ўзводзілі згодна з канонамі абарончага дойлідзтва — надзейна і грунтоўна. Царква доўгі час адносілася да суседняга маёнтка Маламажэйкава, гаспадар якога даў грошы на будоўлю. Таму нярэдка і цяпер сьвятыню называюць Маламажэйкаўскай царквой.

Двухмэтровыя сьцены з чырвонай цэглы і вежы ад 3 да 4,5 мэтра ў дыямэтры надзейна ахоўвалі тых, хто за імі бараніўся. Байніцы служылі для бліжняга і дальняга бою і надавалі сьвятыні несакрушальны і велічны выгляд. Ня раз яе выпрабоўвалі на трываласьць шматлікія войны. Царква была значна пашкоджана ў вайну з Масковіяй 1654–1667 гадоў і ў Паўночную вайну пачатку XVIII стагодзьдзя.

Непрыступная вонкава, унутры царква выглядае даволі мініятурнай. Умураваныя ў сьцены галасьнікі забясьпечваюць дасканалую акустыку.

3. Касьцёл Сьвятой Тройцы ў Чарнаўчыцах. Берасьцейскі раён, Берасьцейская вобласьць

Храм-крэпасьць у Чарнаўчыцах будавалі швайцарскія інжынэры паводле праекту італьянскага архітэктара. Атрымалася аднанэфная бяскупальная сьвятыня з моцнымі, больш за мэтар у таўшчыню, тынкаванымі сьценамі, круглай вежай на паўднёвым бакавым фасадзе зь вітай лесьвіцай на дах і з байніцамі на франтоне. Насьціл для стральцоў трымаўся на бэльках, якія замацоўваліся ў нішах на сьценах.

У архітэктурным абліччы храма спалучаюцца элемэнты готыкі і рэнэсансу, а таксама рысы абарончага дойлідзтва. Асабліва непарушна выглядае ўключаная ў агароджу званіца, якая кампазыцыйна нагадвае абарончую замкавую вежу. Яе пабудова ўбаку ад галоўнага фасаду, верагодна, была абумоўленая абарончай функцыяй франтону.

Касьцёл Сьвятой Тройцы стаіць у цэнтры вёскі, галоўным фасадам павернуты да дарогі Брэст — Камянец.

4. Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Камаях. Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць


Касьцёлу ў Камаях больш за чатыры сотні гадоў. Гэта адзін зь нямногіх каталіцкіх храмаў краіны, які дзейнічаў бесьперапынна ад самага заснаваньня, за выключэньнем непрацяглага пэрыяду аднаўленьня і рэстаўрацыі. Помнік абарончага дойлідзтва, ён выглядае несакрушальна і аскетычна. Галоўны фасад аздабляюць чатыры арачныя нішы з байніцамі. Выгляд крэпасьці сьвятыні надаюць дзьве круглыя вежы па баках —16 мэтраў увышыню і 6 мэтраў у дыямэтры, з высокімі арачнымі праёмамі. Таўшчыня муроў дасягае двух мэтраў.

Пасьля Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў у сьцены Камайскага касьцёла былі ўмураваныя гарматныя ядры, якімі швэды значна пашкодзілі сьвятыню.

5. Касьцёл Сьвятой Тройцы ў Ішкалдзі. Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць


Траецкі храм — рэдкі помнік позьняй сярэднявечнай готыкі, які нагадвае мініятурную крэпасьць. Разам з апсыдай касьцёл мае памеры 26,4×14 мэтраў. Адну з самых старых каталіцкіх сьвятыняў, узьведзеную ў 70-я гады XV стагодзьдзя, маляваў Напалеон Орда.

Касьцёл ня мае вежаў, вонкава ён стрыманы і ляканічны, аздоблены фігурным шчытом. Кантрафорсы, што ўмацоўваюць сьцены, вузкія. Падобныя да байніц вокны і стромкі двухсхільны дах надаюць будынку выгляд малой крэпасьці. На карысьць таго, што храм узводзіўся і з абарончымі мэтамі, сьведчыць разьмяшчэньне яго на ўзвышшы наводдаль ад цэнтру мястэчка.

З рукапісаў вядома, што першапачаткова касьцёл у Ішкалдзі быў абнесены каменным мурам з брамаю і земляным валам.

6. Кальвінскі збор у былым маёнтку Кухцічы. Першамайск, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць

6. Кальвінскі збор у былым маёнтку Кухцічы. Першамайск, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць

Пратэстанцкія храмы, якія пачалі актыўна будавацца ад сярэдзіны XVI стагодзьдзя, таксама былі прыстасаваныя да абарончых патрэб. Сярод найбольш вядомых прыкладаў — кальвінскі збор у Заслаўі.

Кальвінскі збор абарончага тыпу ў колішнім маёнтку Кухцічы ў Першамайску патрабуе ўвагі, бо цяпер паўразбураны. Невялікі храм узводзіўся па фундацыі гаспадара і з разьліку на жыхароў сядзібы — у той час маёнтак належаў перакладчыку і кнігавыдаўцу Мацею Кавячынскаму. У выпадку небясьпекі местачкоўцы хаваліся за паўтарамэтровымі сьценамі сьвятыні. Вежы і шатровы дах надаюць храму выгляд замка.

Архітэктурнае аблічча кальвінскага збору ў Кухцічах часткова супадае з касьцёлам Сьвятога Міхаіла ў Смаргоні, які будаваўся як кальвінскі збор на сродкі Мікалая Багуслава Зяновіча.

7. Сынагога ў Быхаве. Быхаўскі раён, Магілёўская вобласьць


Магутныя двухмэтровыя сьцены надзейна абаранялі тых, хто хаваўся ў галоўнай быхаўскай сынагозе. Сьвятыня мае плошчу 20×21 мэтар, на адным з рагоў — цыліндрычная абарончая вежа. Прыступкі ў ёй зьвязвалі сутарэньні і гарышча, а таксама вялі да прастакутных і паўкруглых байніц у вузкім другім ярусе, які тонкім карнізам аддзяляўся ад галоўнага фасаду. Пазьней нішы-байніцы замуравалі.

Паўцыркульныя вокны ў тоўстых сьценах быхаўскай сынагогі даволі высока ад зямлі — для большай бясьпекі тых, хто ўсярэдзіне.

Сынагога стаяла ў паўночна-заходняй частцы Старога Быхава, недалёка ад гарадзкога вала з Магілёўскай брамай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 раскошных палацаў у маляўнічым асяродзьдзі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 цудаў Беларусі. Астраўныя замкі, якіх вы ніколі не пабачыце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моц дрэва. 7 велічных драўляных касьцёлаў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. Сем адметных драўляных цэркваў краіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 велічных сынагог, якія руйнуюцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 велічных гарадзішчаў, на якія варта падняцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. Сем экзатычных месцаў, дзе можна адпачыць ад пандэміі. ФОТА