«Былыя рэспублікі СССР адбыліся як дзяржавы», — Стывэн Сэстанавіч

Стывэн Сэстанавіч, архіўнае фота

Адзін з найбольш аўтарытэтных амэрыканскіх спэцыялістаў па Расеі Стывэн Сэстанавіч, былы каардынатар Дзяржаўнага дэпартамэнту па краінах СНД у рангу амбасадара ў адміністрацыі Біла Клінтана, цяпер навуковы супрацоўнік Рады міжнародных дачыненьняў і прафэсар Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку, пракамэнтаваў 25-годзьдзе распаду Савецкага Саюзу ў інтэрвію расейскай службе «Голасу Амэрыкі».

«25 гадоў таму, калі абваліўся Савецкі Саюз, ніхто ня ведаў, чым усё гэта абернецца, — адзначыў Сэстанавіч. — Ніхто ня ведаў, якую палітыку будзе праводзіць Расея. Ніхто ня ведаў, ці адбудуцца былыя савецкія рэспублікі як дзяржавы. Сёньня маем адказы на некаторыя з гэтых пытаньняў. Бачым, што дзяржавы гэтыя збольшага адбыліся і яны досыць пасьпяховыя. Некаторыя зь іх аказаліся пасьпяховымі ў сваім дэмакратычным разьвіцьці; іншыя больш пасьпяховыя як дыктатуры. Але ўсе яны, падобна, гатовыя адстойваць свой сувэрэнітэт на міжнароднай арэне. 25 гадоў таму не было ўпэўненасьці, што былыя рэспублікі сапраўды здабудуць дзяржаўнасьць. Я думаю, многія расейцы не былі ўпэўненыя ў тым, што гэтыя дзяржавы выжывуць. Нават, думаю, расейцы лічылі мінімальнымі шанцы на тое, што гэтыя рэспублікі ўстануць на ногі і трансфармуюцца ў незалежныя дзяржавы. Мне здаецца, многія людзі ў расейскай уладзе былі зьдзіўленыя тым, што гэта адбылося».

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні СНД

«Найцікавейшае ў гэтай гісторыі — гэта, вядома, траекторыя Расеі, — працягнуў Сэстанавіч. — Прамінула 25 гадоў, але мы ўсё яшчэ ня можам сказаць, як яна будзе разьвівацца. Многія палітычныя інстытуты ў Расеі па-ранейшаму вызначаюцца савецкім досьведам: дзяржаўная бюракратыя, роля вайскоўцаў і службаў бясьпекі — усё гэта, на жаль, занадта нагадвае савецкія часы. Думаю, што многія расейцы, калі б ім сказалі пра гэта 25 гадоў таму, былі б расчараваныя. Канцэнтрацыя фінансавых рэсурсаў у руках невялікай групы людзей і здольнасьць гэтых звышбагацеяў кантраляваць нацыянальную палітыку таксама выклікае вялікае расчараваньне. І, вядома, карупцыя ў верхніх эшалёнах улады — гэта ня проста расчараваньне, а чыньнік, які выклікае хранічны адчай. Спадар Пуцін сам гэта прызнае. У сваёй „простай лініі“ мінулай вясной ён казаў пра самавольства ўлады, перавышэньне паўнамоцтваў. Расейская сыстэма багатая на самавольства. Многія з тых, хто 25 гадоў таму спадзяваўся на вяршэнства закону, гэта, вядома, бачаць як велізарны недахоп».

Стывэн Сэстанавіч ня думае, што Ўладзімір Пуцін, які назваў распад Савецкага Саюзу «найвялікшай геапалітычнай катастрофай», таемна песьціць мары адрадзіць Саюз. Тым ня менш амэрыканскі палітоляг назваў расейскую палітыку ў «блізкім замежжы» «ня надта прадуктыўнай»:

«Я быў бы вельмі зьдзіўлены, калі б спадар Пуцін думаў, што сёньня магчыма адрадзіць Савецкі Саюз. Ён кажа, што так ня думае, і я яму веру. Ён лічыць, што ў інтарэсах Расеі мець тое, што мы называем „сфэрай уплыву“ — нейкую эканамічна інтэграваную прастору, у якой Расея адыгрывала б галоўную ролю. Праблема ў тым, што многія дзяржавы ў гэтай постсавецкай прасторы хочуць быць сапраўды незалежнымі, рабіць самастойны выбар. Яны хочуць падтрымліваць добрыя дачыненьні з Расеяй, у тым ліку і эканамічныя.

Ілюстрацыйнае фота

Але яны бачаць, што дачыненьні зь іншымі суседзямі эканамічна больш выгадныя: так, сярэднеазіяцкія краіны глядзяць у бок Азіі і Блізкага Ўсходу, былыя савецкія рэспублікі ў Эўропе глядзяць у бок Эўрапейскага Зьвязу. Для іх гэты выбар ня толькі выгадны, але і ёсьць прадметам нацыянальнага гонару. Мара спадара Пуціна аб сфэрах уплыву настолькі супярэчыць нацыянальным чаканьням меншых суседзяў Расеі, што гэта будзе невычэрпнай крыніцай канфліктаў. Такая палітыка не вырашае, а толькі стварае праблемы. Думаю, што з часам лідэры Расеі пачнуць разумець, што такая палітыка ня надта прадуктыўная. Яна не прыносіць выгодаў ані Расеі, ані былым савецкім рэспублікам. Верагодна, палітыка, заснаваная на роўнасьці і ўзаемапавазе, на разуменьні таго, што краіны маюць права выбару, будзе выгаднейшая для ўсіх бакоў».