Маскоўскі патрыярхат выпусьціў заяву, у якой адзначаецца, што мітрапаліт Іларыён «па аб’ектыўных абставінах ня можа служыць у Карлавых Варах у Чэхіі», і таму яго цяпер накіроўваюць на служэньне ў «Паўднёва-Амэрыканскую эпархію», перадае Расейская служба Радыё Свабода.
24 траўня мітрапаліт Маскоўскага патрыярхату Іларыён, які служыў у Карлавы Варах, быў затрыманы паліцыяй Чэхіі, бо ў ягонай машыне, паводле ананімнага сыгналу знайшлі некалькі скрыняў з белым парашком. Цэлы дзень мітрапаліта дапытвалі, на ноч пакінулі ў пастарунку, але на наступны дзень выпусьцілі без прад’яўленьня абвінавачваньняў. 30 траўня Іларыён паведаміў, што ўжо знаходзіцца ў Маскве.
3 чэрвеня чэская паліцыя зрабіла заяву, што рэчыва, якое знайшлі ў машыне мітрапаліта — гэта какаін.
Паўднёва-Амэрыканская эпархія (гішп. Diócesis de Sudamérica) — эпархія Расейскай праваслаўнай царквы ў замежжы (МП) у Паўднёвай Амэрыцы з намінальнай катэдрай у сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе. Аднак фактычнае месца знаходжаньня кіроўнага архірэя — сталіца Аргентыны Буэнас-Айрэс, — піша Расейская служба Радыё Свабода.
Месцам служэньня Іларыёну вызначылі храм сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Санта-Роза, Бразылія, а таксама храм сьвятога апостала і эвангеліста Іаана Багаслова ў горадзе Кампіна-дас-Місойнс, Бразылія, дзе яму і належыць знаходзіцца, — гаворыцца ў спэцыяльным указе патрыярха Кірыла.
Сам Іларыён абвяргае дачыненьне да незаконнага захоўваньня наркотыкаў. Па ягоных словах, у апошнія месяцы ён атрымліваў ананімныя пагрозы з патрабаваньнем пакінуць ранейшае месца служэньня ў Чэхіі.
Расейскае МЗС назвала тое, што адбылося зь мітрапалітам у Чэхіі, «зрэжысаванай правакацыяй» і выклікала часовага паверанага ў справах Чэхіі для тлумачэньняў.
Вэнэсуэла — адна з вядучых краін, праз якую адбываецца наркатрафік какаіну ў Паўночную Амэрыку, найбольш у ЗША. Гэта стала асноўнай прычынай, па якой ЗША ў выніку зьверглі рэжым Нікаласа Мадуры, арыштавалі яго і ўзмацнілі барацьбу з наркакартэлямі.
Хто такі Іларыён
Мітрапаліт Іларыён — адзін з відных дзеячаў Расейскай праваслаўнай царквы. З 2009 года па 2022 ён узначальваў аддзел зьнешніх царкоўных сувязей Маскоўскага патрыярхату, ягоным папярэднікам на гэтай пасадзе быў цяперашні Маскоўскі патрыярх Кірыл (Гундзяеў).