Жыхары Расеі апошнімі днямі больш актыўна скардзяцца на праблемы ў працы Telegram, паведамляе тэлеканал «Настоящее время», спасылаючыся на зьвесткі сайтаў Сбой.рф і Downdetector.
Карыстальнікі пішуць, што ў іх не адпраўляюцца паведамленьні, не адкрываецца аплікацыя і не ладуецца вэрсія мэсэнджару для стацыянарных кампутараў.
«Тэлеграм жахліва тармозіць, паведамленьні ледзьве адпраўляюцца. „Роскомпозор“, гады, дадзелі ўжо», — пішуць карыстальнікі.
«Не заладоўваюцца і не паказваюцца паведамленьні, фота і відэа». «Не ладуецца зусім, увесь час абнаўленьне. Так ужо тыдзень».
16 сакавіка на некарэктную працу Telegram у Расеі паскардзіліся амаль 5 тысяч чалавек, а напярэдадні паступіла больш за 12 тысяч скаргаў. Карыстальнікі пішуць з Масквы і Маскоўскай вобласьці, Пецярбургу, іншых рэгіёнаў па ўсёй Расеі.
Паводле расейскай газэты «Коммерсантъ», пачалося поўнае блякаваньне гэтага мэсэнджару. Зрэшты, выканаўчы дырэктар «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаіл Клімараў кажа, што пра поўнае блякаваньне пакуль не ідзецца, але яго варта чакаць неўзабаве:
«Тое, што я бачу ў маіх сыстэмах вымярэньня, — на 20% даступнасьць яны зьнізілі. Гэта значыць ад 100% да 80%. Гэта проста працяг, эскаляцыя гэтага працэсу. У сьнежні быў заблякаваны WhatsApp, відавочна, што ў сакавіку–красавіку будзе заблякаваны Telegram».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пачалося блякаваньне Telegram«Роскомнадзор» сур’ёзна запавольвае працу Telegram у Расеі з пачатку лютага 2026 году, а першыя крокі былі зробленыя летам 2025-га. Ведамства сьцьвярджае, што мэсэнджар адмаўляецца выконваць расейскія законы. Як пісалі РБК і The Bell, Telegram могуць цалкам заблякаваць з красавіка. Пры гэтым мэсэнджар, як чакаецца, будзе даступны пры дапамозе VPN.
«Там ёсьць некаторыя тэхнічныя праблемы з тымі ж званкамі, але калі ў вас добры VPN, то ўвогуле ён павінен працаваць пры ўключаным VPN», — тлумачыць Міхаіл Клімараў.
Між тым пры адключэньнях мабільнага інтэрнэту ў Расеі пачалі абмяжоўваць і хуткасьць хатняга інтэрнэту. Буйны правайдэр «Дом.ру» тэстуе запавольваньне хуткасьці і адмову ад безьлімітнага трафіку ў трох буйных гарадах — Екацерынбургу, Пецярбургу і Самары. Гэта датычыцца карыстальнікаў, якія перавышаюць устаноўлены ліміт — тры тэрабайты за месяц. Такім кліентам хуткасьць інтэрнэту будзе прымусова зьніжаная да 50 мэгабіт у сэкунду.
Гэта вяртаньне ў мінулае, гавораць экспэрты.
«Якасьць паслугі для карыстальнікаў становіцца горшай. Упершыню для многіх з нас, упершыню зь якога-небудзь 2008 году (да 2008 году безьлімітных тарыфаў асабліва не было, пасьля 2008-га яны зьяўляюцца) карыстальнік зноў стае перад неабходнасьцю лічыць трафік», — пракамэнтаваў запаволеньне каардынатар праектаў eQu.
Попыт на падлучэньне хатняга інтэрнэту ў Расеі пачаў расьці зь лета 2025 году, калі ў рэгіёнах сталі надоўга адключаць мабільны інтэрнэт. Пры гэтых адключэньнях працуюць толькі сайты з так званага «белага сьпісу».
У Маскве гэтую тэхналёгію ўкаранілі ў канцы мінулага тыдня, калі ў расейскай сталіцы не працаваў мабільны інтэрнэт. У сьпіс даступных рэсурсаў Міністэрства лічбавага разьвіцьця Расеі ўключае сайты мабільных апэратараў, пракрамлёўскіх СМІ, дзяржаўных органаў, маркетплэйсаў, а таксама расейскіх сацыяльных сетак «УКантакце», «Одноклассники» і мэсэнджару Max.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадар Ніхто супраць Пуціна» атрымаў прэмію «Оскар» за найлепшы дакумэнтальны фільм