Reuters: удары Ўкраіны вывелі з ладу каля 30% магутнасьцяў НПЗ у Расеі

Гарыць нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве, 7 лістапада 2026 году

Ідзецца пра пэрыяд з канца кастрычніка 2026 году.

Украінскія ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ), якія аднавіліся ў канцы кастрычніка, вывелі з ладу прыкладна 30% усіх расейскіх магутнасьцяў перапрацоўваньня нафты. Гэта паведамляе агенцтва Reuters з спасылкай на дзьве крыніцы ў галіне. Афіцыйных пацьверджаньняў гэтага, а таксама зьвестак зь іншых крыніц няма, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Украіна цягам прыкладна двух тыдняў у кастрычніку ўстрымлівалася ад удараў па расейскіх НПЗ, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў аб згодзе абодвух бакоў на так званае энэргетычнае перамір’е. Аднак расейскія вайскоўцы працягвалі наносіць удары па абʼектах энэргетыкі ва Ўкраіне. Раней Трамп крытыкаваў Украіну за ўдары па расейскіх НПЗ, сьцьвярджаючы, што для Ўкраіны ёсьць дастаткова іншых цэляў, а ўдары па НПЗ спрыяюць росту цэнаў на дызэльнае паліва на ўсясьветным рынку.

За апошнія прыблізна 10 дзён, паводле ацэнкі Reuters, былі паражаныя не менш як 9 з 35 буйных расейскіх НПЗ, у тым ліку заводы ў Яраслаўлі, Разані, Саратаве і Кірышах. Гэтыя заводы разам апрацоўваюць каля 300 тысяч тонаў нафты за дзень. Паводле ацэнак, удары маглі прывесьці да падзеньня абʼёмаў апрацоўкі на 200 тысяч тонаў, пры тым што да ўдараў у Расеі ў цэлым за дзень апрацоўвалі прыкладна 700 тысяч тонаў нафты.

Прадстаўнікі ўладаў Украіны ня раз падкрэсьлівалі, што гатовыя спыніць удары па НПЗ у Расеі, калі Расея адмовіцца ад удараў па абʼектах энэргетыкі Ўкраіны, або калі ЗША і партнэры забясьпечаць Украіну дастатковай колькасьцю сыстэмаў і боепрыпасаў супрацьпаветранай абароны для барацьбы з расейскімі балістычнымі ракетамі.

Беларусь дапамагае Расеі палівам

У пачатку верасьня старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ільля Ікан заявіў, што дэфіцыт нафтапрадуктаў у Расеі і яго папаўненьне сіламі беларускіх НПЗ станоўча адбіліся на фінансавых паказьніках апошніх.

«Галіна спрацавала прыбыткова, і гэта адзін з найлепшых вынікаў за апошняе, мабыць, дзесяцігодзьдзе, — заявіў ён у інтэрвію ведамаснаму часопісу „Вестник Белнефтехима“. — На фоне такой каньюнктуры мы максымальна выкарысталі спрыяльную сытуацыю на вонкавых рынках, перш за ўсё на ўсходнім кірунку».

Дэфіцыт паліва ў Расеі выкліканы незаплянаванымі спыненьнямі НПЗ пасьля рэгулярных удараў украінскіх дронаў па аб’ектах нафтаперапрацоўкі і захоўваньня нафтапрадуктаў.

19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў для расейскай арміі. На наступны дзень у звароце да суайчыньнікаў ён заявіў, што толькі за студзень–травень пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею вырасьлі ў 13 разоў у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам, дызэльнага паліва — утрая.

Зьвестак пра экспарт нафтапрадуктаў у РФ Менск не раскрывае.

Беларускія НПЗ ня маюць рэзэрваў нарасьціць вытворчасьць нафтапрадуктаў, патрэбных Расеі для кампэнсацыі дэфіцыту, узьніклага ў выніку ўкраінскіх атак на расейскі нафтаперапрацоўчы комплекс.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на дасьледаваньне, апублікаванае 9 лістапада сеткай FREE Network (аўтары — дасьледнік цэнтру BEROC Дзьмітры Крук і спэцыяліст iSANS Яўген Макарчук), беларускія пастаўкі кампэнсавалі прыблізна «30% недавытворчасьці бэнзіну» ў Расеі, забясьпечыўшы амаль палову імпарту гэтага паліва на расейскі рынак.

Чаму гэта важна

30 кастрычніка Ўкраіна аднавіла атакі на абʼекты паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі. Удары былі прыпыненыя прыблізна на два тыдні пасьля патрабаваньня Дональда Трампа. Але затым Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўдары па расейскіх НПЗ спыняцца тады, калі ЗША даставяць Украіне ракеты для перахопу расейскіх ракет і дронаў, якія штодня атакуюць цывільныя і энэргетычныя будынкі.

Як падлічыла «Агентство», з 30 кастрычніка цэлямі атак украінскіх бесьпілётнікаў у Расеі сталі Навакуйбышаўскі НПЗ у Самарскай вобласьці, «Башнефть-Новойл» ува Ўфе, Разанскі НПЗ і «Славнефть-НОС» у Яраслаўлі — супольнае прадпрыемства двух расейскіх нафтавых гігантаў «Газпромнефть» і «Роснефть», найбольшы нафтавы вузел Расеі — лінейная вытворча-дыспэтчарская станцыя (ЛВДС) «Самара» ў мястэчку Прасьсвет Самарскай вобласьці, Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод, Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі, Разанскі НПЗ.

У канцы кастрычніка агенцтва Bloomberg пісала з спасылкай на крыніцы пра занепакоенасьць кіраўніцтва карпарацыі «Роснефть» тым, што нават некалькі месяцаў вайны ўва Ўкраіне могуць нанесьці істотную шкоду справам кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі дрон улучыў у порт Усьць-Луга, які Беларусь выкарыстоўвае для экспарту ўгнаеньняў і нафтапрадуктаў