Як ідзе рамонт саркафагу Чарнобыльскай АЭС пасьля ўдару расейскага дрона. ВІДЭА

Саркафаг на Чарнобыльскай АЭС

Ва Ўкраіне працягваецца рамонт ахоўных збудаваньняў на Чарнобыльскай АЭС пасьля патрапляньня расейскага дрона ў саркафаг.

«Тая атака 14 лютага 2025 года парушыла цэласнасьць зьнешняй абалонкі новага бясьпечнага канфайнмэнту і выклікала працяглы пажар, у выніку якога была значна парушаная ўнутраная гермэтычная мэмбрана аркі», — распавёў дырэктар ЧАЭС Сяргей Тараканаў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

З-за патрапляньня дрона ахоўны саркафаг страціў асноўныя функцыі бясьпекі, гаворыцца ў справаздачы Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ).

Праз дзесяць месяцаў рамонт яшчэ ідзе. Дзюру дыямэтрам у шэсьць мэтраў, якую пакінуў бесьпілётнік, залаталі ахоўным экранам.

«Такім чынам мы перадухіляем пранікненьне атмасфэрных ападкаў, дажджу, сьнегу. Гэта было важна зрабіць да лістападу, да зімы, — тлумачыць Тараканаў. — Але ў нас яшчэ застаюцца больш за 300 маленькіх адтулін, якія зрабілі работнікі службы надзвычайных сытуацый, пажарныя, калі гасілі гэты пажар».

Зламаныя выбухам дрону кавалкі мэталу ўсё яшчэ ляжаць побач з чацьвёртым энэргаблёкам. Аб тым, што дрон, які ўдарыў па саркафагу, быў расейскім, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, а служба бясьпекі Ўкраіны паказала абломкі бесьпілётніка з надпісам «Герань» і сэрыйным нумарам, паведаміўшы, што на бесьпілётніку быў фугасны боепрыпас. У Крамлі абвінавачаньні ў датычнасьці да атакі адпрэчылі.

Аб'ект «Укрыцьцё» над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС пасьля расейскай атакі 14 лютага 2025 году. Фота місіі МАГАТЭ

Удар паставіў пад сумнеў, ці праслужыць новая дарагая абалонка тыя 100 гадоў, на якія была разьлічаная.

Новы бясьпечны канфайнмэнт будавалі больш за дзесяць гадоў: пачалі ў 2007-м, здалі ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Арка канфайнмэнта накрыла ізаляцыйнае збудаваньне «Ўкрыцьцё», пабудаванае над чацьвёртым энэргаблёкам ЧАЭС пасьля выбуху рэактару.

Пад аркай падтрымліваюць асаблівы клімат, каб змагацца з радыеактыўным пылам. Цяпер усе датчыкі ў дыспэтчарскім пункце гараць зялёным колерам.

«Тут проста ідзе кантроль пакінутага паліва ў разбураным аб’екце „Укрыцьцё“. Гэта значыць у нейкіх там лавападобных масах яно там засталося: усяго ў нас, атрымліваецца загрузка ўрану-2 была 190 тон. Уявіце: 190 тон урану падчас выбуху ў часе аварыі ў 1986 годзе. Частка паліва аплавілася, апусьцілася ўніз рэактарнай устаноўкі, у падрэактарнае памяшканьне, і да гэтага часу працягвае існаваць», — тлумачыць інжынэр Іван Ціханенка.

У кастрычніку 2025 году расейскі ўдар па падстанцыі побач з Чарнобылем на некалькі гадзін абясточыў ахоўную абалонку.

Дырэктар станцыі Сяргей Тараканаў баіцца: любы магутны выбух паблізу можа прывесьці да абвальваньня абʼекта. І тады пашкоджаны канфайнмэнт прадукты дзяленьня ўжо не ўтрымае.

«У той жа час, узровень радыяцыі на прамысловай пляцоўцы Чарнобыльскай станцыі заставаўся і застаецца стабільным і ў рамках нормы. Акрамя таго, у нас ёсьць сталыя прадстаўнікі МАГАТЭ: два чалавекі пастаянна знаходзяцца на ЧАЭС і манітораць бягучы стан радыяцыйнай бясьпекі абʼектаў станцыі», — кажа дырэктар ЧАЭС.

На Чарнобыльскай АЭС

Спэцыялісты МАГАТЭ абсьледавалі саркафаг і гавораць, што незваротных пашкоджаньняў апорных канструкцый няма. Але пасьля завяршэньня вайны ахоўнае збудаваньне яшчэ давядзецца аднаўляць. Каб вярнуць усе функцыі зьнешняга купалу, можа спатрэбіцца тры-чатыры гады, лічыць дырэктар Чарнобыльскай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН аб узмацненьні супрацы ў мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ: укрыцьцё над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС не выконвае асноўныя функцыі бясьпекі