МЗС Расеі пра пагрозу санкцыяў: Белы дом хоча канчаткова разбурыць адносіны з намі

Сяргей Рабкоў, архіўнае фота

Намесьнік кіраўніка расейскага МЗС Сяргей Рабкоў заявіў РИА Новости, што адміністрацыя ЗША, заяўляючы пра магчымасьць ўвядзеньня новых санкцый ставіць мэтай канчаткова разбурыць адносіны з Расеяй.

Напярэдадні прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст расказаў, што ЗША абмяркоўваюць з эўрапейскімі партнэрамі тое, як можна супрацьстаяць дзеяньням Расеі ў Сырыі, а тым ліку абмяркоўваюцца і новыя санкцыі.

«Якія хаўрусьнікі – такі і характар абмеркаваньня зь імі», — патлумачыў Рабкоў.

На яго думку, складваецца ўражаньне, што Белы дом ня ставіць сабе ніякія іншыя мэты, акрамя як канчаткова разбурыць адносіны з Расеяй.
Паводле слоў намесьніка міністра, для Масквы падобныя новыя заявы «не сталі навіной».

«Напэўна, новым момантам зьяўляецца інтэнсіўнасьць, зь якой паўтараюцца гэтыя заклінаньні пра санкцыі. Я ўжо гатовы паспрачацца з кім заўгодна або згуляць у таталізатар на спрэчку, што яны кожны дзень і далей будуць пра санкцыі гаварыць. Гэта ператварылася ў нейкі штодзённы рытуал, такі элемэнт абавязковай праграмы, без якога проста, напэўна, некаторым дзеячам з адміністрацыі заліковы пункт за праведзены дзень ня ставіцца», – рэзюмаваў расейскі дыплямат.

Краіны Захаду абвінавачваюць Маскву і Дамаск у авіяўдарах па мірных жыхарах і пазыцыях узброенай апазыцыі ў Сырыі.